Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня хоча бачыць францускіх фотамадэляў на рэклямных шчытах у Менску


Ул. інф. У сваёй сёньняшняй прамове кіраўнік дзяржавы закрануў таксама тэму рэклямнага бізнэсу. “Трэба, каб у старшыні Менгарвыканкаму Паўлава не віселі гэтыя францужанкі з запэцканымі (замызгаными) тварамі на кожным перакрыжаваньні, у тым ліку і там, дзе прэзыдэнт езьдзіць” – заявіў Аляксандар Лукашэнка, маючы на ўвазе рэклямныя шчыты з выявамі замежных фотамадэляў.

(Лукашэнка: ) “Сваіх туды фатаграфуйце і хай рэклямуюць гадзіньнікі нашага прадпрыемства, а імпартныя гадзіньнікі хай плацяць нашым дзяўчатам” – даў указаньне кіраўнік дзяржавы.

Старшыня Асацыяцыі рэклямных арганізацыяў Беларусі Ігар Самкін, камэнтуючы на просьбу “Інтэрфаксу” загад Лукашэнкі, назваў бессэнсоўнымі спробы прымусіць замежных бізнэсоўцаў выкарыстоўваць беларускіх фотамадэляў для рэклямы сваёй прадукцыі.

Спадар Самкін адзначыў, што сёньня рэклямны прадукт аднолькавы для ўсіх краінаў.

(Самкін: ) “Заходнія рэклямадаўцы ні ў якім выпадку ня будуць ствараць для Беларусі адмысловы рэклямны прадукт і штучныя абмежаваньні прывядуць да адмовы замежных замоўшчыкаў разьмяшчаць тут сваю рэкляму наагул, што нэгатыўным чынам адаб’ецца на эканоміцы ў цэлым”.

Старшыня беларускай Асацыяцыі рэклямных арганізацыяў мяркуе, што “ў выпадку забароны на выкарыстаньне замежных зорак у рэкляме прыйдзецца адмовіцца ня толькі ад вонкавай рэклямы, але тады відаць мае сэнс адмовіцца і ад замежных тавараў”.
XS
SM
MD
LG