Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камень Пілсудзкага знайшоўся, але мясцовыя жыхары ня хочуць вяртаць яго палякам


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Жыхары Вялейшчыны пратэстуюць супраць перадачы каменя Пілсудзкага амбасадзе Польшчы ў Беларусі й яго вывазу з раёну.

17 лістапада ў Вялейскі райвыканкам былі перададзены подпісы мясцовых жыхароў, якія падтрымалі пратэст. Ініцыявала збор гэтых подпісаў вялейская краязнаўчая газэта “Волат”. Яе рэдактар Аляксей Сюдак паведаміў наступнае:

(Сюдак: ) “Ужо тыдзень зьбіралі гэтыя подпісы й сёньня раніцай аддалі іх старшыні райвыканкаму, каля 80 подпісаў, супраць вывазу гэтага каменя. Учора ў Вялейцы адбылася прэзэнтацыя кнігі таксама па краязнаўстве, і на гэтай прэзэнтацыі было вырашана зьвярнуцца да вялейскіх уладаў з заявай, каб гэты камень застаўся. Па-першае, гэта наш гістарычны помнік. Сказалі, што шмат ужо павывозілі зь Вялейскага раёну. Каязнаўцы канкрэтна казалі, што мы не аддамо яго. Дарэчы, яны ж яго перавезьлі на тэрыторыю раённых сетак, ён цяпер там і ляжыць”.

Спадар Сюдак нагадаў, што некалькі тыдняў таму гэты камень меркавалася вывезьці зь Вялейшчыны і разьмясьціць на тэрыторыі амбасады Польшчы ў Менску. Прадстаўнікі польскай дыпмісіі мелі на гэты конт дамоўленасьць зь вялейскімі ўладамі. Аднак каменя каля вялейскай вёскі Буцькі не аказалася. Помнік зацікавіў вялейскую грамадзкасьць, якая ініцыявала перагляд ранейшай дамоўленасьці. Амбасада Польшчы, як паведаміла прэсавая сакратарка Моніка Садкоўская, пра гэтую ініцыятыву пакуль ня ведае:

(Садкоўская: ) “Наколькі я ведаю, была дамоўленасьць, што яго перавязуць і ў сярэдзіне сьнежня мелася быць урачыстае адкрыцьцё. Ніякай інфармацыі пра праблемы з гэтым да нас не паступала”.

Паводле спадарыні Садкоўскай, вываз каменя зь Вялейшчыны плянаваўся на 18 лістапада. Тым часам, сёньня ж пытаньне далейшага лёсу каменя Пілсудзкага разглядалася і вялейскімі ўладамі. Вось што зазначыў на гэты конт старшыня Вялейскага раённага савету дэпутатаў Яўген Ігнатовіч:

(Ігнатовіч: ) “Ужо вырашана пытаньне на ўзроўні райвыканкаму і раённага савету дэпутатаў, што ён застанецца на тэрыторыі Вялейскага раёну. Гэта гістарычны помнік Вялейшчыны, і ён будзе ўстаноўлены ў Вялейцы”.
XS
SM
MD
LG