Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета ў Беларусі было праведзена толькі 13 апэрацыяў перасадкі нырак


Ганна Соусь, Менск Мы распавядалі пра лёс магілёўца Андрэя Лісава, якому канадзкія дабрачыньнікі аплацілі апэрацыю перасадкі ныркі ў Расеі, а таксама пра лёс Аляксандра Куляшова з Магілёва, які чакае донарскай ныркі ўжо тры гады. Сёлета ў Беларусі было праведзена толькі 13 апэрацыяў перасадкі нырак, і ад 70 да 100 чалавек штогоду маюць патрэбу ў такой апэрацыі.

Што неабходна зрабіць, каб павялічыць колькасьць трансплянтацыяў у Беларусі? Пра гэта нашая карэспандэнтка гутарыць зь Леанідам Ткачовым, загадчыкам аддзяленьня перасадкі ныркі 4-га шпіталю Менску, адзінай мэдычнай установы ў Беларусі, дзе робяць перасадку нырак.

Апошняя апэрацыя перасадкі нырак рабілася ў 4-м шпіталі тры тыдні таму. Усяго за трыццаць гадоў было зроблена каля 1500 трансплянтацыяў нырак. Ад 1997 году ў Беларусі дзейнічае Закон аб трансплянтацыі органаў і тканак, у аснове якога ляжыць прэзумпцыя згоды. Калі чалавек пры жыцьці ня выказаў нязгоды на забор у яго органаў, калі надышла сьмерць галаўнога мозгу (што фактычна зьяўляецца сьмерцю), то гэта расцэньваецца як ягоная згода на трансплянтацыю ягоных органаў. Гаворыць загадчык аддзяленьня перасадкі ныркі Леанід Ткачоў:

(Ткачоў: ) “Штогод памірае звыш за 300 чалавек ва ўзросьце да 50 гадоў з чэрапна-мазгавымі траўмамі. Гэта той патэнцыял донараў, якія пры заборы органаў маглі бы дапамагчы таму кантынгенту хворых, якія ў гэтым маюць патрэбу”.

Паводле Леаніда Ткачова, 33 рэанімацыйныя аддзяленьні ў Беларусі маюць ліцэнзію і павінны займацца пытаньнямі донарства, але рэальна працуюць у гэтым кірунку некалькі аддзяленьняў у Менску, Менскай вобласьці, Магілёве і Горадні. Але гэтага недастаткова.

(Ткачоў: ) “З таго моманту, як забіраюцца адпаведныя органы, яны адпаведным чынам кансэрвуюцца. Да моманту трансплянтацыі пажадана, каб прайшоў максымальна кароткі пэрыяд часу — максымум 24 гадзіны. За гэтыя 24 гадзіны падбіраецца шляхам лябараторнага аналізу пацыент, каму найбольш блізкая гэтая нырка, ён дастаўляецца ў цэнтар і рыхтуецца, далей робіцца апэрацыя перасадкі ныркі”.

Загадчык аддзяленьня перасадкі ныркі Леанід Ткачоў гаворыць пра неабходнасьць гэтак званых каардынацыйныя групаў у складзе анэстэзіёлягаў, рэаніматолягаў ды іншых спэцыялістаў, якія займаюцца ўсімі мэдычнымі й юрыдычнымі аспэктамі трансплянтацыі, у тым ліку і размовамі са сваякамі патэнцыйных донараў. Пры стварэньні адпаведных службаў каардынацыі ў Польшчы колькасьць трансплянтацыяў нырак рэзка павялічылася — да 1200 штогод. Цяпер адпаведныя службы пачынаюць стварацца і ў Беларусі, што павінна ў будучыні прывесьці да павелічэньня колькасьці трансплянтацыяў.

Да таго ж на базе 9-га шпіталю ў Менску на ініцыятыву Міністэрства аховы здароўя плянуецца стварыць цэнтар трансплянтацыі, дзе будуць працаваць адмыслоўцы высокай клясы, а таксама адпаведная лябараторная служба і тэхнічнае забесьпячэньне.

Апэрацыя трансплянтацыі ныркі праводзіцца для грамадзянаў Беларусі бясплатна, пасьля апэрацыі хворыя ўсё жыцьцё бясплатна атрымліваюць адмысловыя лекі. Кошт трансплянтацыі ныркі для замежніка ў Беларусі складае каля 2 тысяч даляраў.

Гл. таксама • Канадцы заплацілі за апэрацыю перасадкі ныркі для інваліда з Магілёва
XS
SM
MD
LG