Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея ўмацуе свой уплыў у сьвеце і зробіць Лукашэнку больш згаворлівым”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Лёс Беларусі пасьля рэфэрэндуму 17 кастрычніка; будучыня нацыянальнай мовы і культуры; беларуска-расейскія ўзаемадачыненьні — вось асноўныя тэмы лістоў, якія ўвайшлі ў сёньняшні агляд пошты Свабоды. Пачну з допіса нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Ён піша:

“Пасьля 17 кастрычніка стала відавочна: трэба ўсё пачынаць спачатку. Забыць гэту байку-легенду аб нараджэньні БНФ у Чырвоным касьцёле ўвосень 1988 году. Гэта быў у свой час спробна-патрэбны шлях, але ён дарэшты праваліўся ў 1990-я гады. Жахлівае і нахабнае ўмацаваньне ўлады Лукашэнкі — гэта набат для ўсіх актыўных беларусаў. Няўжо так і не зразумелі?

Трэба не пабаяцца і перагледзець усе гістарычныя захапленьні ад ідэяў 25 сакавіка 1918 году. Быў іншы час, які мінуў беззваротна. Сучасная Беларусь дынамічна на 90% зьвязаная па імпульсных вытоках з эпохай Пятра Машэрава. Тут няма месца ні Каліноўскаму, ні БНР узору 1918 году, ні экспромтам Пазьняка ды БНФ. Тэрмінова патрэбныя новыя канцэптуальныя ідэі ў духу рэаліяў 21 стагодзьдзя. Расея ўмацуе свой уплыў у Эўразіі й сьвеце, што зробіць Лукашэнку больш згаворлівым, і проста бессэнсоўна будзе марыць аб стварэньні ў Беларусі такіх дзяржаўна-нацыянальных нерасейскіх эўралэндаў, як у Літве ці Польшчы. Беларусь проста будзе рухацца да мадэлі самакіраванай тэрыторыі гіганцкага саюзу вакол Масквы (гэткі свабодны штат пры фэдэратыўнай Расеі).

Дыктатура Лукашэнкі паступова трансфармуецца ў асаблівую форму кіраванай дэмакратыі, аднаго з дамініёнаў Расейскага Сьвету, які будзе карыстацца вялікай аўтаноміяй. Але гэты дамініён ніколі не ажыцьцёвіць непасільнага — уступленьня ў іншы геапалітычны клуб іншай цывілізацыйнай сыстэмы — Эўрапейскага Зьвязу. Менскія пісьменьнікі, якія пішуць на беларускай мове, проста ня вытрымаюць рублегаласавальнай канкурэнцыі з акунінымі з Масквы”, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

А ці вытрымаюць канкурэнцыю, спадар Марціновіч, маскоўскія акуніны з інтэрнэтам ды іншымі новымі інфармацыйнымі тэхналёгіямі, якія сталі сур’ёзным выпрабаваньнем для традыцыйных нацынальных літаратураў? Вы прадбачыце, што Беларусь ператворыцца ў дамініён Расеі, у нейкую самакіраваную тэрыторыю пры Расейскай Фэдэрацыі? Напрыканцы 1990-х гадоў такі сцэнар выглядаў зусім рэальным. Але азірніцеся на апошнія чатыры гады. Віртуальны расейска-беларускі саюз у гэты час развальваўся, а не ўмацоўваўся. Аляксандар Лукашэнка ў шэрагу прынцыповых пытаньняў ішоў на адкрытую канфрантацыю з расейскім кіраўніцтвам. Усе дзяржаўныя інстытуты ў краіне ўмацоўваліся, а не перадаваліся Маскве. Ні агульнай Канстытуцыі, ні агульнага парлямэнту, ні агульнай валюты ня створана, і іх стварэньне выглядае вельмі праблематычным.

Так, цяперашняй уладзе чужыя ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі й Кастуся Каліноўскага, яна цураецца беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Але адначасова яна стварае зусім самастойную дзяржаву, у пэўным сэнсе значна больш незалежную, чым некаторыя эўрапейскія дзяржавы.

Ліст ад Алеся Лойкі зь вёскі Горваль Рэчыцкага раёну. Слухач разважае пра тое, як магла б разьвівацца Беларусь, калі б у ёй адбылася зьмена ўлады. Ён піша:

“Думаю, наступны раз беларусы выбралі б разумнага, адукаванага, сумленнага і добразычлівага чалавека, які б не хварэў прагай да ўлады, ня быў дэмагогам і папулістам. За адзін-два гады народ адчуў бы перамены ў лепшы бок, а празь пяць гадоў Беларусь стала бы квітнеючай эўрапейскай дзяржавай. Мы ўсе мелі б добрую працу і прыстойныя заробкі, сваю валюту і свабодна езьдзілі бы па ўсёй Эўропе. У нас была бы прававая дзяржава і ўсе галіны ўлады працавалі б у адпаведнасьці з Канстытуцыяй. Беларусы жылі б не па дэкрэтах і ўказах, а па законах, прынятых справядліва абраным парлямэнтам. Ценявы бюджэт прэзыдэнта перайшоў бы ў адкрыты бюджэт дзяржавы. У краіну пайшлі б замежныя інвэстыцыі. Ажывілася б гаспадарка, гандаль, запрацавалі б фэрмэры”.

Заканчвае Алег Лойка зь вёскі Горваль Рэчыцкага раёну свой ліст на Свабоду наступным параўнаньнем:

“Аляксандар Лукашэнка ў свой час прыгожа прыйшоў да ўлады. Але што яму замінае прыгожа сысьці? Няўжо ён ня бачыў, як эфэктна перадаў уладу Барыс Ельцын? Як дастойна, адпрацаваўшы прадугледжаны Канстытуцыяй тэрмін, сышоў Леанід Кучма? Чаму ў Беларусі ўсё ня так?”

Напэўна, спадар Лойка, кожны палітык, якому ўдаецца заняць у сваёй краіне галоўную дзяржаўную пасаду, рана ці позна сутыкаецца са спакусай застацца ў высокім крэсьле даўжэй, чым гэта дазваляюць законы. Маючы вялікую ўладу ў краіне, якая не стварыла моцных дэмакратычных інстытутаў ды традыцыяў, ня так і цяжка перапісаць законы, падладзіць іх пад уласныя нясьціплыя амбіцыі. Такім шляхам пайшлі кіраўнікі амаль усіх азіяцкіх рэспублік былога СССР. За тое іх ня дужа і дакараюць. Лічыцца, што з дапамогай аўтарытарызму яны ратуюць свае рэгіёны ад ісламскага фундамэнталізму. Ды і ня надта пакуль прыжываюцца дэмакратычныя каштоўнасьці на паўфэадальнай глебе Цэнтральнай Азіі.

А вось ва ўсходнеэўрапейскай частцы былога Саюзу, сапраўды, адкрыта кідаць выклік эўрапейскай супольнасьці й сваім неазіяцкім народам дагэтуль не наважваўся ніхто. І Барыс Ельцын, і Леанід Краўчук, і Мірча Сьнегур, і нядаўна Леанід Кучма не перапісвалі канстытуцыяў, каб пераўтварыцца ў пажыцьцёвых валадароў. Ды і Ўладзімер Пуцін ня раз паўтараў, што пасьля двух законных прэзыдэнцкіх тэрмінаў не зьбіраецца хітраваць і чапляцца за ўладу. Выключэньнем ва Ўсходняй Эўропе стаў толькі Аляксандар Лукашэнка.

Ліст ад Міхаіла Жукава з Баранавічаў. Слухача непакоіць лёс былой старшыні Нацыянальнага банку Тамары Віньнікавай, якая некалькі год таму пры загадкавых абставінах уцякла з-пад хатняга арышту і апынулася ў Лёндане, дзе атрымала палітычны прытулак. Міхаіл Жукаў піша:

“Усё больш прыходжу да наступнай высновы: Віньнікава спатрэбілася рэжыму дзеля таго, каб нэўтралізаваць, ашальмаваць апазыцыю, адцягнуць увагу ад абставінаў зьнікненьня апазыцыйных лідэраў. Каб потым нахабна заявіць, нібы тыя ж Ганчар з Захаранкам, як і Віньнікава, сёньня разгульваюць недзе за мяжой... Гэты паклёп праз афіцыйныя мэдыі ўводзіцца ў вушы беларусаў, і многія яму вераць. Тамара Віньнікава, як вядома, спачатку была ў турме КГБ. Потым яе чамусьці вызвалілі й пакінулі пад хатнім арыштам, пад наглядам спэцслужбаў. І вось яна апынулася ў Англіі. Як жа так? Дзе была пільная ахова? Адкуль узяліся пашпарт, віза? Як удалося бесьперашкодна перасячы межы? Якое пакараньне напаткала тых, хто не ўпільнаваў яе? Няма адказу.

Зь якога боку ні паглядзі, без спэцслужбаў тут не абышлося. Тут ёсьць і яшчэ адін, на маю думку, важны аспэкт. У свой час Лукашэнка, напэўна, разьлічваў, што Віньнікава будзе паслухмяна выконваць усе яго патрабаваньні. Таму, дамагаючыся яе прызначэньня, выкручваў рукі тагачасным дэпутатам Вярхоўнага Савету, нават двойчы выступаў перад імі з гэтай нагоды. Але ягоныя спадзяваньні адносна Віньнікавай ня спраўдзіліся. Яна стала ўсё часьцей выходзіць з-пад ягонага кантролю, і нарэшце надышоў час расплаты”.

Нават калі ў кагосьці і былі такія намеры — з дапамогай інцыдэнту вакол Тамары Віньнікавай адцягнуць грамадзкую ўвагу ад зьнікненьняў палітычных апанэнтаў рэжыму, мэта такая ў канчатковым выніку не дасягнутая. Былая старшыня Нацыянальнага банку сваім імклівым кар’ерным ростам была абавязаная выключна Аляксандру Лукашэнку, і да моманту свайго арышту паслухмяна служыла сыстэме. Магчыма, пры гэтым не забывала і пра свае асабістыя інтарэсы — сьледзтва яе ў гэтым моцна падазравала, і справа павінна была скончыцца судом. Але зьвязваць імя Віньнікавай з апазыцыяй — для гэтага няма ніякіх відавочных падставаў.

На заканчэньне кароткі ліст ад Уладзіслава Лукашэвіча з Гомелю. Слухач піша:

“Радыё Свабода я пачаў слухаць у маладосьці, на пачатку 1980-х гадоў. Тады не было іншага спосабу даведацца праўдзівыя навіны. А на пачатку 1990-х я свой стары “Акіян” закінуў на гарышча: не было у ім патрэбы, бо газэты і часопісы сталі цікавымі й праўдзівымі. Ды і маскоўскае тэлебачаньне пачало паказваць рэальнае жыцьцё. А сёлета я зноў дастаў свой старэнькі “Акіян”, занёс у майстэрню і вось ужо некалькі тыдняў зь вялікім задавальненьнем слухаю вас. Мы нібы вярнуліся ў савецкае мінулае. Паглядзіш тэлевізар — аж млосна: адны посьпехі й перамогі, адзін палітык у кадры, ніякага іншадумства, ні слова пра апазыцыю… Дзякуй, Свабода, за тое, што кожны вечар прыходзіш у мой дом”.

Дзякуй за добрыя словы, Уладзіслаў, і вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG