Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пераможца Eurovision Руслана падтрымала Юшчанку


Валер Каліноўскі, Менск Пераможца “Эўрабачаньня-2004” украінская сьпявачка Руслана Лыжычка нечакана вырашыла падтрымаць на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны кандыдата ад апазыцыі Віктара Юшчанку.

Руслана Лыжычка стала найбуйнейшай зоркай украінскай эстрады пасьля сёлетняй упэўненай перамогі на конкурсе Эўрабачаньня ў Стамбуле. Яе альбом “Дзікія танцы” разышоўся накладам некалькі соцень тысяч асобнікаў, а прэм’ер-міністар Віктар Януковіч пасьля перамогі зрабіў яе сваёй дарадцай па культуры.

Адзін раз Януковіч нават выйшаў з Русланай на сцэну і публічна засьпяваў. Пасьля гэтага ў СМІ прагучала крытыка на адрас Русланы, што яна, маўляў, пагадзілася на палітычную падтрымку Януковіча перад выбарамі. Руслана тады вырашыла адмежавацца ад палітыкі. Але цяпер перадумала і нечакана выступіла на баку апазыцыйнага кандыдата Віктара Юшчанкі.

Яна аргумэнтавала гэта тым, што бачыць месца Ўкраіны ў Эўропе. Цяпер Руслана завяршае свае гастролі ў Баўгарыі й яшчэ да выбараў мяркуе заявіць пра сваю новую пазыцыю ў Кіеве.

Раней у перадвыбарчую кампанію Юшчанкі ўключыліся лідэры папулярных гуртоў “Акіян Эльзы” і “Воплі Відаплясава” Сьвятаслаў Вакарчук і Алег Скрыпка, першы стаў дарадцам, другі — даверанай асобай Юшчнакі. Аднак вельмі вялікая частка прадстаўнікоў украінскай эстрады брала ўдзел у канцэртах за Януковіча.

Лідэр гурта “Воплі Відаплясава” Алег Скрыпка гэтак ахарактарызаваў гэтых артыстаў:

(Скрыпка: ) “Гэта прадажныя артысты, яны ня будуць галасаваць за Януковіча, яны толькі кажуць, але гэта прадажныя людзі”.

Алег Скрыпка даволі катэгарычна і афарыстычна апісвае і перадвыбарчы стан ўсяго грамадзтва:

(Скрыпка: ) “Грамадзтва падзялілася вельмі проста. Прадажныя падтрымліваюць Януковіча, дурныя за яго галасуюць, а ўсе сьвядомыя людзі галасуюць за Юшчанку, а такіх людзей шмат. Нас шмат, украінцы — гэта разумная нацыя, нас не абдурыш так проста”.

Тым часам Ганна Герман, прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Ўкраіны Віктара Януковіча, паведаміла, што той не разглядае магчымасьці ўдзелу ў новых тэледэбатах зь Віктарам Юшчанкам на камэрцыйных тэлеканалах. З такой прапановай раней выступілі сам Юшчанка і шэраг тэлеканалаў. “На гэта ўжо няма часу”, — зазначылі ў штабе Януковіча. Другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны пройдзе 21 лістапада.
XS
SM
MD
LG