Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маці зьніклага Зьмітра Завадзкага змагаецца з пракуратурай


Алесь Дашчынскі, Менск Калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарсуду прызначыла на 25 лістапада разгляд скаргі Вольгі Завадзкай. Маці зьніклага апэратара ОРТ дамагаецца прызнаць незаконнымі дзеяньні пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая не завяла справу па новых абставінах, агучаных прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Прэзыдэнт Лукашэнка заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў ліпені, што мае дакумэнты, якія ператвораць справу Зьмітра Завадзкага ў антысправу. У сувязі з гэтым Вольга Завадзкая зьвярнулася ў рэспубліканскую пракуратуру з заявай аб завядзеньні крымінальнай справы па наноў адкрытых абставінах.

(Завадзкая: ) “Калі ў спадара Лукашэнкі ёсьць нейкія дакумэнты, якія маглі бы праліць нейкае сьвятло, няхай, як ён выказваецца, “анты”, — але мне, як маці, у любым выпадку хочацца ведаць праўду”.

У пракуратуры спадарыні Завадзкай сказалі, што заяву забраў пракурор Віктар Шэйман, але адказу дагэтуль ня даў. Вольга Завадзкая падала пазоў у суд Цэнтральнага раёну Менску, каб прызнаць такія дзеяньні пракуратуры незаконнымі, але раённы суд адмовіў. Тады Вольга Завадзкая паскардзілася ў калегію па грамадзянскіх справах гарадзкога суду, які й прызначыў слуханьні. Прадстаўляць яе інтарэсы будзе юрыст Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) “Гэты працэс будзе адкрыты. Ён яшчэ раз прадэманструе, якая судовая сыстэма і чаму пракуратура вышэйшая, рэспубліканская не выконвае закону, усё гэта будзе агучвацца ў судзе. Таму што першае вызначэньне яны выносілі, не запрашаючы бакоў, проста суд вынес такое вызначэньне, што не падведамасна і накіраваў па пошце, разгляду не было”.
XS
SM
MD
LG