Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Флэшмоб па-беларуску


Іна Студзінская, Менск У найноўшым, адзінаццатым выданьні “Concise Oxford English Dictionary” – самага аўтарытэтнага слоўніка літаратурнай ангельскай мовы – ужо зьявіўся нэалягізм flash mob, што ў перакладзе азначае “імгненнае натоўпастварэньне”. Варта падкрэсьліць, што ў складальнікаў оксфардзкага слоўніка вельмі сур’ёзныя крытэры адбору новых словаў і выразаў (жарганізмы й словы-аднадзёнкі ў гэты лексыкон, як правіла, не трапляюць). Такім чынам, афіцыйна зафіксаваная новая ўсясьветная зьява – flash mob. Хваля флэш-мобаў дакацілася й да Беларусі.

Нягледзячы на тое, што зьява гэтая даволі новая, маладая – лічыцца, што першы флэш-моб быў праведзены ў чэрвені 2003 году ў ЗША – беларуская моладзь “адрываецца” напоўніцу. Прычым склаліся ўжо свае, нацыянальныя асаблівасьці беларускага флэш-мобу. А што думаюць пра гэта людзі?

(Дзяўчына: ) “Флэш-моб – гэта такі кірунак абсалютна сучасны, людзі шукаюць новага выйсьця для сваіх эмоцыяў, выказваньня сваіх поглядаў. А можа, гэта паўтараецца гісторыя ў культурным пляне, францускі дэкаданс, калі былі вельмі модныя пэрформансы, альбо дадаізм”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што гэта вызваленьне беларускіх думак ад прыгнёту. Людзі хочуць паказаць сымбалічнае сваё далучэньне да ўсяго сьвету, хочуць зрабіць цікавыя рэчы”.

(Мужчына: ) “Флэш-моб – гэта штучкі ад няма чаго рабіць. Па праўдзе, ніякага глыбокага сэнсу акцыі флэш-мобу ў сьвеце ня маюць. Гэта проста прыкольныя магчымасьці самавыказацца, прычым у самых незвычайных іпастасях. Але ў Беларусі гэтая зьява, не пасьпеўшы разьвіцца, ператвараецца ў нейкія палітычныя шоў, і казаць, што гэта флэш-моб у чыстым выглядзе, нельга”.

(Мужчына: ) “Чупа-чупсы” да гэтай чыгуннай бабы – такі беларускі флэш-моб быў, з адценьнем нашай местачковасьці й цеплыні нават…”

Ангельскае спалучэньне flash mob можна перакласьці як “імгненнае натоўпастварэньне”. Гэта новы грандыёзны эпатаж, у якім удзельнічаюць сотні людзей. У пэўным грамадзкім месцы ў вызначаны час быццам зьнянацку ўзьнікае натоўп. Кожны чалавек выконвае пэўныя дзеяньні, а пасьля ў строга вызначаны час раптоўна пакідае гэтае месца.

Расейскія “Известия” пра флэш-мобы пішуць так: “Асноўная асаблівасьць флэш-акцыяў ляжыць у іх поўнай бессэнсоўнасьці й абсурднасьці. Удзельнікі склікаюцца праз інтэрнэтаўскія спам-рассылкі й пачынаюць рабіць дзіўныя ўчынкі, якія збоку выглядаюць як праява масавага вар’яцтва”.

Упершыню такі гэпэнінг заўважылі ў Нью-Ёрку ў чэрвені 2003 году. Некалькі сотняў чалавек прыйшлі ў шыкоўны салён мэблі, падышлі да найбліжэйшай канапы й сказалі: “Га, вось гэтая канапа!” І сышлі. Забава імгненна распаўсюдзілася па ўсім сьвеце й цяпер гуляе па Эўропе, нібыта прывід. Імгненныя натоўпы сталі зьяўляцца ў самых розных месцах сьвету з зайздроснай рэгулярнасьцю. Дарэчы, пра флэш-мобы заўсёды пішуць уплывовыя газэту сьвету, накшталт брытанскай “Times”.

Якіх толькі дзівацтваў ні выдумляюць мобэры! У тым самым Нью-Ёрку, у вялікай краме цацак, блізу трохсот чалавек раптоўна спыніліся каля мэханічнага дыназаўра, паднялі рукі, абвясьцілі яго богам, упалі на калені й пачалі маліцца. А ў нямецкім Дортмундзе флэш-мобэры сабраліся ля выставы пральных машын і ўзяліся дружна есьці бананы. У ЗША ў выніку аднаго з флэш-мобаў быў паралізаваны рух на галоўнай магістралі ўздоўж возера Нортан. Па возеры плылі паўтары тысячы чаўноў з голымі людзьмі...

Хваля флэш-мобаў дакацілася й да Беларусі. Першы беларускі флэш-моб прайшоў 24 жніўня 2003 году. А трэцяй гадзіне дня сотні людзей сабраліся ля ўваходу ў Камароўскі рынак, каля скульптуры “Цёткі зь семкамі”. Пасьля працяглых воплескаў да ног “бронзавай жанчыны” паляцелі сотні цукерак “Чупа-чупс”. Пасьля гэтага ўдзельнікі дзеі імгненна зьніклі... Фацэтны флэш-моб адбыўся сёлета 21 верасьня на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Увечары тут сабраліся сотні маладых людзей, якія пускалі мыльныя бурбалкі й вадзілі карагоды.

(Людміла: ) “Гэта акцыя “Мір ува ўсім сьвеце”. Вельмі клясна! Вось праляцела кагадзе чарада варон, і быў такі кантраст: вялікія мыльныя шары, бурбалкі – і вароны! Яны ўвасабляюць нейкую гармонію, еднасьць. А вось толькі што людзі станавіліся ў кругі й вельмі-вельмі хутка бегалі. Спрадвечнае нешта такое, язычніцкае, паганскае. Нагадвае эпізод з балету “Вясна сьвятая”. Такая энэргетыка, проста супэр! Мне вельмі падабаецца”.

Сапраўды, відовішча ўражвала: вечар, толькі прайшоў дождж, ліхтары люструюцца ў лужынах, над плошчай – сотні маціцовых мыльных бурбалак, якія пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі. Міліцыянты, што заўсёды дзяжураць на плошчы – у разгубленасьці. Дакладаюць праз рацыі начальству, на ўсякі выпадак просяць падмацаваньня, бо на плошчы не адна сотня маладых людзей.

(Карэспандэнтка: ) “А як удалося столькі народу сабраць?”

(Хлопец: ) “Сьвядомых людзей вельмі шмат у сеціве беларускім”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія мэты акцыі?”

(Хлопец: ) “А ніякія. Проста прыгожа…”

(Карэспандэнтка: ) “А чаму менавіта мыльныя бурбалкі? Нейкая дзіцячая забава...”

(Васіль: ) “Дзеці – самыя бесклапотныя, добрыя, бяскрыўдныя істоткі… Тут сапраўды моладзь сабралася, самі нядаўна бегалі ў шорціках і пускалі бурбалкі”.

(Карэспандэнткі: ) “А ніякіх больш сур’ёзных асацыяцыяў няма?”

(Васіль: ) “Кшталту таго, каб у небе замест самалётаў і бомбаў ляталі бурбалкі? У небе толькі аблокі й бурбалкі, і птушкі толькі што праляцелі…”

Праз паўгадзінкі ўсе раптоўна зьнікаюць з плошчы.

Адна з апошніх акцыяў была такая: сотні людзей прыходзілі ў абутковую краму каля чыгуначнага вакзалу ў розным абутку: на адной назе, да прыкладу, красоўка, на другой – мадэльны чаравік, – і з сур’ёзным выглядам прасілі падабраць пару...

У мобэраў ёсьць некалькі “жалезных правілаў”, якія, канечне, трэба выконваць. Прыяжджаць на акцыю трэба ў дакладна вызначаны час і зьяўляцца раптоўна – за некалькі сэкундаў да акцыі. Пабачыўшы знаёмых перад акцыяй – мобам, не вітацца зь імі, нават калі ня бачыліся сто гадоў. Падчас мобу нельга сьмяяцца й вылучацца з натоўпу. На пытаньне: “Што тут адбываецца?” – трэба адказваць: “Я тут выпадкова”. Ну а пасьля мобу трэба “ймгненна” зьнікнуць. І яшчэ: ніхто ня ведае арганізатараў флэш-мобу.

Але флэш-моб па-беларуску набывае свае нацыянальныя рысы. 16 кастрычніка, напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму, на вуліцы ў Менску выйшлі сотні маладых людзей з чорнымі стужкамі на рукавах. Што гэта было – палітычная акцыя альбо флэш-моб? Вось што сказаў адзін з адмыслоўцаў у мобінгу, які не захацеў называць свайго імя:

(Адмысловец: ) “Ёсьць стабільнае правіла флэш-мобу: ён ня можа быць палітычным і ня можа нешта рэклямаваць. Але ў той жа час ёсьць выпадкі, калі нейкія кампаніі спэцыяльна падкуплялі людзей, каб менавіта ў іхным супэрмаркеце зрабілі, таму што пасьля гэтага ўсе пішуць. “Нячэсныя” людзі парушаюць гэтае правіла, але правіла такое дакладна існуе. Вось той палітычны флэш-моб са стужачкамі – гэтая ініцыятыва ішла ня з боку нашага мобэрскага руху, а з боку нейкіх палітычных груповак”.

(Карэспандэнтка: ) “А мобэрскі рух і палітычныя групоўкі павінны стаяць асобна?”

(Адмысловец: ) “Вядома! Гэта ўсясьветная практыка й правіла: флэш-моб і палітыка – розныя рэчы. Мне флэш-моб падабаецца як нешта мілае, калі людзі чакаюць трамвай альбо заходзяць у тралейбус з мокрай бялізнай. Калі палітыка, гэта патыхае ўжо саветчынай, калі ўзялі піянэраў, арганізавалі, і тыя строем маршыруюць. Гэта ўжо ня тое...”

Палітычныя флэш-мобы – зьява выключна постсавецкая. У Санкт-Пецярбурзе міліцыя жорстка расправілася з маладымі прыхільнікамі кампартыі, якія надзелі гумавыя маскі з выявай Пуціна й прыйшлі да дому ў Баскавым завулку, дзе некалі ён жыў. Яны некалькі разоў пракрычалі: “Вова, дамоў!” Пасьля “пуціны” адправіліся на Неўскі праспэкт, дзе акцыю жорстка разагналі міліцыянты.

30 кастрычніка ля многіх шапікаў “Белсаюздруку” на праспэкце Скарыны ў Менску сабраліся чэргі. Кожны падыходзіў, прасіў ў прадавачкі сьвежы нумар “Советской Белоруссии”. Людзі куплялі газэту, разгортвалі яе, камячылі й выкідалі ў сьметніцу.

Адзін з арганізатараў моладзевага руху “Зубр” Цімох Дранчук выказаў такое меркаваньне:

(Дранчук: ) “Насамрэч, гэтая ідэя мобаў вельмі добрая. Я шкадую толькі, што гэта ня мае дачыненьня да палітычных падзеяў у нашай краіне. Вось “Зубр”, калі ствараўся, ставіў першай мэтай для сябе зрабіць змаганьне з дыктатурай менавіта вось такім прыкольным…”

(Карэспандэнтка: ) “Але заўзятыя мобэры кажуць, што палітыка й рэкляма павінны стаяць асобна ад флэш-мобу”.

(Дранчук: ) “Вось менавіта гэтага я й шкадую. Я ведаю пра іхныя прынцыпы... У гэтых прынцыпах, апрача ўсяго астатняга, ёсьць такое: не ўступаць ні ў якія спрэчкі зь міліцыяй. І я лічу, што гэтыя прынцыпы можна сумясьціць з палітычнымі, і гэта б прынесла шмат карысьці”.

На думку культуроляга Эдуарда Дубянецкага, флэш-моб – гэта праява фэномэну сучаснага інфармацыйнага й кампутарызаванага грамадзтва.

(Дубянецкі: ) “Калі сыходзіць з псыхааналізу Фройда, такой прычынай можна назваць сублімацыю – адбываецца выцісканьне й трансфармацыя псыхічнай (найперш сэксуальнай) энэргіі моладзі ў іншыя ўчынкі. Другая прычына – няздольнасьць часткі сучаснай моладзі самавыявіцца, творча самарэалізавацца. Яшчэ адна прычына – імкненьне людзей да часовага пераадоленьня ўласнай ізаляванасьці, адчужанасьці, адзіноты. Ну, і на паверхні такая прычына, як жаданьне моладзі проста пабавіцца, “пасьцябацца, адцягнуцца, адчуць кайф”, кажучы слэнгам”.

Такім чынам, тыя, хто лічыць сябе сапраўднымі мобэрамі, ад палітыкі адмяжоўваюцца.

(Хлопец: ) “Пасунутыя” беларускія мобэры – абсалютна апалітычныя людзі, гэта звычайна кампутарнікі, праграмісты. Асабіста мяне крыху засмуціла, што сярод іх няма нацыянальна ангажаваных людзей. Такіх, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю, абсалютна няма”.

А нацыянальна ангажаваныя людзі хочуць выкарыстоўваць мобэрскі рух у палітычных мэтах. Так што й флэш-моб у Беларусі выходзіць свой, так бы мовіць, з нацыянальным калярытам.
XS
SM
MD
LG