Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чалавек нараджаецца зоркай”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Вечарына пад такой назвай прайшла ўчора ў Віцебску. Гэтая імпрэза была прысьвечана памяці паэта Анатоля Канапелькі. Наша віцебская карэспандэнтка пабывала на вечарыне.

Імя паэта Анатоля Канапелькі, мажліва, вядомае ня ўсім нашым слухачам. Таму хацелася б пачуць ад вас крыху пра гэтага чалавека ды паэта, якога ў Віцебску ведаюць вельмі добра. Па-першае, таму, што ён быў вялікім патрыётам гэтага горада, і ніколі не імкнуўся будаваць сваю прафэсійную або літаратурную кар’еру дзе-небудзь у іншым месцы. Па-другое, каля сарака гадоў ён адпрацаваў у Віцебскім пэдагагічным інстытуце, які потым стаў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэтам, выкладаючы беларускую літаратуру. На жаль, два гады таму Анатоль Мікалаевіч пайшоў з жыцьця, і ўчорашняя юбілейная вечарына, прысьвечаная ягонаму 65-годзьдзю, адбылася ўжо безь ягонага ўдзелу.

Затое ў Віцебскім літаратурным музэі сабралася вельмі шмат ягоных колішніх студэнтаў. Дарэчы, некалі я й сама хадзіла на ягоныя лекцыі, і памятаю, што ў студэнтаў нават існавала такая прыкмета: “Калі зранку сустрэнеш Канапельку, то ўвесь дзень пройдзе ўдала”. Насамрэч, у гэта ўсе верылі, і на ўчорашняй вечарыне можна было пачуць вельмі шмат падобных успамінаў.

(Сіманёнак: ) “Я ня ведаю, што такога было ў гэтым чалавеку. За пяць год вучобы я ня памятаю, каб ён на кагосьці падвысіў голас – так ён любіў людзей, любіў сваю працу. І як ён у вершы напісаў: “Ніколі людзям не хлушу”… Можа нават скласьціся ўражаньне, што такіх людзей проста не бывае! Тым ня менш, ён быў, і да яго на лекцыі хадзілі нават тыя, хто зьяўляўся ў інстытуце на якія тры пары за тыдзень – і дзьве з гэтых трох лекцыяў былі ў Анатоля Мікалаевіча Канапелькі”.

Яшчэ віцебская паэтка Людміла Сіманёнак прыгадала, што Анатоль Канапелька, чалавек вельмі мяккі ды спагадлівы, умеў быць вельмі прынцыповым, калі гэта тычылася ягоных перакананьняў. Гэтак, ён вельмі доўга насіў на грудзёх значак у выглядзе бел-чырвон-белага сьцяжка. Пасьля 1995 году кіраўніцтва навучальнай установы пэрыядычна рабіла яму за гэта заўвагі, але ён так і не пагадзіўся зьняць значак нават пад пагрозаю звальненьня.

А яшчэ на вечарыне памяці Анатоля Канапелькі вельмі часта гучалі згадкі пра тое, як многа ён выгадаваў паэтаў – пад уплывам паэтычнага дару выкладчыка вельмі многія студэнты пачыналі самі пісаць вершы. І ён вельмі радаваўся за кожнага, віншаваў з новымі публікацыямі, і заўсёды лічыў, што Віцебская зямля найбольш багатая на паэтычныя таленты. Ці не таму, нарадзіўшыся на Расоншчыне, ён узяўся перакладаць на беларускую мову вершы земляка Яна Баршчэўскага…

Вечарына, прысьвечаная Анатолю Канапельку, праводзілася ў літаратурным музэі. На жаль, ва ўнівэрсытэце, дзе ён адпрацаваў некалькі дзесяткаў гадоў, не знайшлося нікога, хто ўзяўся б за падрыхтоўку якіх-небудзь імпрэзаў. Як распавёў старшыня абласной філіі саюзу пісьменьнікаў Франц Сіўко, які зьвярнуўся ў гэтую навучальную ўстанову, яму адразу ж задалі там пытаньне пра тое, хто напіша адпаведны сцэнар, падрыхтуе выступы й г.д. Таму ад імпрэзы ва ўнівэрсытэце давялося адмовіцца, і ўсе, хто хацеў успомніць пра Анатоля Канапельку, сабраліся ў музэі. Дарэчы, там якраз было адключана ацяпленьне, людзі мерзьлі, але не разыходзіліся. А што да нейкага адмысловага сцэнару, дык ён, паводле словаў спадара Сіўко, аказаўся нават непатрэбны:

(Сіўко: ) “Мы зрабілі так, што атрымалася нібыта гасьцёўня: без традыцыйных прадстаўленьняў ды выступаў. Затое сюды сабраліся людзі, якіх паклікала сэрца – прыйшлі тыя, хто насамрэч хацеў сказаць пра Анатоля Мікалаевіча добрыя словы”.

А дырэктарка літаратурнага музэю Сьвятлана Казлова ў сваім выступе згадала, што назва вечарыны паводле радка з верша Анатоля Канапелькі “Чалавек нараджаецца зоркай” – невыпадковая. Бо якраз цяпер, у сярэдзіне лістапада, пад дзень народзінаў Анатоля Канапелькі, на зямлю ідзе зорны дождж – тыя самыя “Леаніды”, згаданыя ў адным з твораў Уладзімера Караткевіча, яшчэ аднаго ўраджэнца Віцебшчыны.

Менавіта Ўладзімеру Караткевічу і ягоным 74-м угодкам будзе прысьвечаная чарговая паэтычная імпрэза ў Віцебскім літаратурным музэі, якая адбудзецца 26-га лістапада.
XS
SM
MD
LG