Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На памятнай манэце зьявіўся Нясьвіскі замак, на чарзе – Усяслаў Чарадзей


Алесь Дашчынскі, Менск Выйшла ў абарачэньне чарговая манэта Нацыянальнага банку з сэрыі “Помнікі архітэктуры Беларусі” – “Замак Радзівілаў. Нясьвіж”.

На жаль, сам я пакуль манэту не набыў. Ва ўпраўленьні Нацбанку па Менску і Менскай вобласьці, куды гэтая манэта паступіла, сказалі, што распрадаваць яе пачнуць ад сёньняшняга дня.

Манэта “Замак Радзівілаў. Нясьвіж.” выйшла агульным накладам у 4 тысячы штук: срэбраная наміналам 20 рублёў і медна-нікелевая наміналам у адзін рубель. На ёй разьмешчаная рэльефная выява радзівілаўскага палаца зь вежамі ў Нясьвіжы – можна пабачыць як ён выглядае, калі глядзець на яго зьверху. Срэбраная манэта каштуе 17 даляраў ЗША, а медна-нікелевая 3 даляры. Яе дызайнэр – Сьвятлана Заскевіч.

Дарэчы, сёлета ў сэрыі “Помнікі архітэктуры Беларусі” больш манэтаў ня будзе, а вось у наступным годзе чакаецца “Фарны касьцёл у Нясьвіжы.” Але зноў жа, яна выйдзе агульным накладам у 4 тысячы штук. Ці дастаткова гэта для Беларусі? Пытаньне да кіраўніцы адмысловага аддзелу Нацбанку Марыны Дзёмінай.

(Дзёміна: ) “Мы даўно гэтую сэрыю пачалі, і раней гэтага накладу хапала, вельмі доўга манэты ляжалі. Цяпер яны раскупляюцца хутчэй. Але паколькі наклад сэрыі аб’яўляецца на пачатку, то мяняць яго мы ўжо не можам. Цяпер – хочаш набыць манэтку, хуценька ідзі і купляй. Вельмі доўга думаць няма часу”.

У сэрыі “Сьвяты й абрады беларусаў” на 20 сьнежня плянуецца выхад у абарачэньне манэты “Каляды”. Дагэтуль тут выйшла “Купальле”. Як будзе выглядаць калядная?

(Дзёміна: ) “Таксама срэбра й медна-нікель, тыражом па 5 тысячаў адпаведна. Яна будзе ў спэцыяльнай тэхніцы аксыдаваньня і з устаўкай штучных камянёў. Гэтак жа як і “Купальле”, “Каляды” у такім адным ключы ідуць”.

Сёньня можна будзе набыць яшчэ адну памятную манэту – “100 год прафсаюзнаму руху Беларусі” наміналам у 20 рублёў. Яна каштуе 18 даляраў. Банкаўскія спэцыялісты мяркуюць, што значную частку яе накладу возьмуць афіцыйныя прафсаюзы. У яе адпаведны выгляд – на фоне карты Беларусі рэльефная выява шматлюднай калёны, якая сымбалізуе масавы прафсаюзны рух. На сьцягу – эмблема ФПБ, зьлева ад калёны бачны менскі Палац культуры прафсаюзаў.

Магчыма больш цікавай для нумізматаў будзе сэрыя ўжо зацьверджаная Нацбанкам – “Умацаваньне і абарона дзяржавы”, якая прысьвечаная знакамітым асобам. Адкрые яе Ўсяслаў Чарадзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG