Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле апытаньня бабруйскай газэты, амаль кожны з апытаных даваў даішніку хабар прынамсі аднойчы


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд рэгіянальнага друку

Аршанская газэта “Телевестник” першую паласу прысьвяціла Міжнароднаму дню студэнта. Чытачы могуць прачытаць пра жыцьцё студэнтаў з аршанскага пэдагагічнага каледжа.

У Оршы распрацоўваюць новы генэральны плян горада. Стары быў разьлічаны на дэмаграфічны выбух, якога, на жаль, не адбылося.

Краязнаўца Альгерд Аршанскі на старонках газэты распавядае пра падземныя хады ў старой частцы гораду. Да ведама чытачоў даводзяцца розныя вэрсіі іх існаваньня.

Не абышлося без непрыемных навінаў – у ізалятары часовага ўтрыманьня памёр чалавек ад чэрапна-мазгавой траўмы, а з калёніі строгага рэжыму зьбег “зэк”, якога дагэтуль не злавілі.

70 гадоў споўнілася фільму пра Чапаева. З гэтай нагоды амаль цэлую паласу “Телевестника” рэдакцыя прысьвяціла анэкдотам пра Васілія Іванавіча.

Газэта “Вечерний Бобруйск” надрукавала інтэрвію з канкурсантам праекта “Народны артыст” Русланам Алехнай. Ён сам з Бабруйску, і гараджане хочуць ведаць пра яго больш інфармацыі.

А вось на канцэрце знакамітай групы “Боні М” аншлягу не было. Новае пакаленьне ня надта яе ведае, а тыя, якія раней захапляліся гэтай музыкай, палічылі, што цяперашняя група не сапраўдная.

У Бабруйску супрацоўнік ДАІ напісаў заяву на кіроўцу аўтамабіля, што той прапаноўваў яму хабар. Справа дайшла да суду. На старонках газэты можна прачытаць меркаваньні чытачоў на гэты конт. У выніку апытаньня высьветлілася, што амаль кожны з апытаных хоць адзін раз, але даваў даішніку хабар.

“Вечерний Бобруйск” зьмясьціла кур’ёзную інфармацыю пра тое, што ў гарадзкім парку заплянавана будаўніцтва прыбіральні. Нічога дзіўнага, але старшыня гарвыканкаму паведаміў, што гэта абыдзецца бюджэту ў 270 мільёнаў рублёў. За гэтыя грошы ў Бабруйску можна набыць тры прыстойныя кватэры.
XS
SM
MD
LG