Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму будуць падпісаныя Лукашэнкам


Уладзімер Глод, Менск 17 лістапада кіраўнік беларускай дзяржавы зьбіраецца падпісаць вынікі рэспубліканскага рэфэрэндуму. Нагадаю, што згодна з афіцыйнымі дадзенымі за прапанову Аляксандра Лукашэнкі ўнесьці ў Канстытуцыю зьмяненьне, якое адмяняе абмежаваньне пра два тэрміны прэзыдэнцтва для адной асобы, прагаласавала аж 79,42% сьпісачнага складу выбаршчыкаў. Гэта дае магчымасьць спадару Лукашэнку ў 2006 годзе зноў удзельнічаць у выбарах. Тым часам, міжнародныя й унутраныя назіральнікі сьведчаць пра масавыя фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму.

Я папрасіў сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка растлумачыць, як мусіць праходзіць падпісаньне. І вось што ён сказаў.

(Лазавік: ) “Адпаведна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь рашэньне, якое прынятае на рэспубліканскім рэфэрэндуме, павінна быць падпісанае прэзыдэнтам. Гэтую норму Канстытуцыі разьвівае Выбарчы кодэкс. Як будзе выглядаць працэдура падпісаньня рашэньня рэфэрэндуму, можна сказаць у двух словах: на сумесным паседжаньні дзьвюх палатаў парлямэнту прэзыдэнт падпіша рашэньне рэфэрэндуму й зьвернецца да сябраў Нацыянальнага сходу зь якімсьці словам”.

Хачу дадаць, што самая працэдура дакладна ў дакумэнтах не прапісаная. І як мне патлумачыў той жа спадар Лазавік, спадар Лукашэнка мог бы, напрыклад, асабіста падпісаць рашэньне ва ўласным кабінэце. Аднак вырашана зрабіць цырымонію падпісаньня сьвяточнай. На ёй будуць прысутнічаць, акрамя сябраў Нацыянальнага сходу трэцяга скліканьня, вышэйшыя службовыя асобы, урад, кіраўнікі найбуйнешых прадпрыемстваў, банкаў ды іншых гаспадарчых арганізацыяў. Усе тэлевізійныя каналы й Беларускай радыё будуць весьці наўпроставую трансьляцыю.

Я думаю, што гэта зьвязана з жаданьнем праз дадатковы патас яшчэ раз адкласьці ў галовах людзей, што вынікі рэфэрэндуму быццам бы адпавядаюць рэчаіснасьці. Хаця, паводле службы Гэлапа, за прапанову Лукашэнкі галасавалі толькі 48% выбарцаў, што недастакова для зьмены Канстытуцыі. Паводле дадзеных незалежных назіральнікаў, вялікая колькасьць прысутных дэпутатаў фактычна такімі не зьяўляюцца. Як паўплывае на атмасфэру гэты факт?

Так атрымалася, што літаральна за дзень да афіцыйнага падпісаньня вынікаў рэфэрэндуму незалежныя назіральнікі публічна, на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі заявілі пра тое, што “парлямэнцкія выбары й рэфэрэндум не былі ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі”. Прысутным былі раздадзеныя адпаведныя дакумэнты. І вось як ацэньвае беларускія выбары й рэфэрэндум каардынатар групы больш за трох з паловай тысячаў незалежных назіральнікаў Мікалай Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Было б вельмі-вельмі пажадана сказаць: той парлямэнт, які цяпер існуе ў Беларусі, легітымны. Але, на жаль, такога сказаць нельга. Наадварот, факты сьведчаць пра тое, што абраны парлямэнт ня мае нічога агульнага з сапраўдным волевыяўленьнем беларускага народу. Тыя людзі, якія абраныя ў парлямэнт, яны абраныя, перадусім, выканаўчай уладай, а ніяк не беларусамі. Парлямэнт, зь якім будзе сустракацца Лукашэнка, ні ў якім разе не зьяўляецца дэмакратычным парлямэнтам, не зьяўляецца структурай, якая можа прадстаўляць беларускі народ.

Каб падмацаваць гэтую думку, адзначу, што нашы назіральнікі, якія працавалі на працягу чатырох месяцаў і сачылі за ўсім ходам выбарчай кампаніі, у тым ліку, і галасаваньнем на выбарчых участках, зафіксавалі больш за 1700 розных парушэньняў, якія паўплывалі на вынікі выбараў. Зь іх 76 парушэньняў – гэта “жывыя” крымінальныя справы. Дакумэнты на іх былі пададзеныя ў пракуратуру. На жаль, дзяржаўныя органы станоўча не адрэагавалі на нашыя заявы, яны засталіся без адказу. Тыя факты, якія мае “Партнэрства”, якія мы абнародавалі ў нашых справаздачах і выніковым даведніку, сьведчаць пра тое, што вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя, і прызнаваць іх легітымнымі ніякім чынам немагчыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG