Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыйная рада Міжнароднай арганізацыі працы разгледзіць пытаньне па Беларусі


Галіна Абакунчык, Менск 17 лістапада ў Жэнэве на паседжаньні Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы адбудзецца разгляд пытаньня па Беларусі. У прыватнасьці, будзе абмеркаваная справаздача адмысловай камісіі МАП, падрыхтаваная па выніках дасьледаваньня дачыненьняў паміж прафсаюзамі й ўладамі Беларусі на іхнюю адпаведнасьць міжнародным нормам.

Што азначае сёньняшні разгляд пытаньня па Беларусі ў Жэнэве, і якія наступствы гэта можа мець для краіны? Гэта самая жорсткая працэдура, якая прадугледжаная статутам Міжнароднай арганізацыі працы й якая ўжываецца толькі ў выпадках сыстэматычнага перасьледу ўладамі правоў прафсаюзаў пэўнай краіны. Да прыкладу, гэтак адбылося ў дачыненьні Польшчы падчас камуністычнага рэжыму, калі ўлады перасьледавалі прафсаюз “Салідарнасьць”.

Адмысловая камісія МАП па Беларусі працавала ў Менску вясной, а напачатку кастрычніка ёю была зробленая заява, што ў выніку шэрагу сустрэчаў з прадстаўнікамі незалежных прафсаюзаў і ўрадоўцамі зробленая выснова пра ўмяшальніцтва ўладаў у дзейнасьць прафсаюзаў і парушэньне правоў актывістаў незалежнага руху.

Сёньня Адміністрацыйная рада мусіць заслухаць, абмеркаваць і зацьвердзіць гэтыя высновы. Для Беларусі гэта можа азначаць пачатак эканамічных санкцыяў з боку краінаў Эўразьвязу. Але, паводле працэдуры, Міжнародная арганізацыі працы дае ўраду краіны парады наконт выпраўленьня становішча й пакідае на гэта пэўны тэрмін – у выпадку зь Беларусьсю, да 1 чэрвеня 2005 году. Ці ёсьць спадзяваньні, што ўлады краіны скарыстаюць шанец і выканаюць рэкамэндацыі МАП, я пацікавілася ў аднаго зь лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандра Бухвостава, і вось што ён сказаў у інтэрвію Свабодзе:

(Бухвостаў: ) “Сёньня ніякіх намераў з боку кіраўніцтва краіны выконваць рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы няма. Наадварот: зроблена ўсё, каб ня даць магчымасьці незалежным прафсаюзам нармалёва працаваць. Вы паглядзіце: звальняюць актывістаў незалежнага руху, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў нават ня мае памяшканьня, каб нармалёва працаваць, прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці й аўтасельгасмашу забаронены. Усе гэтыя зьвесткі мы перадалі ў Міжнародную арганізацыю працы, і пасьля абмеркаваньня дакладу ўсе гэтыя пытаньні будуць разглядацца ізноў”.

Паводле спадара Бухвостава, існуе вялікая верагоднасьць таго, што даклад Адмысловай камісіі на сёньняшнім паседжаньні Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы будзе зацьверджаны. Акрамя таго, Адмысловая камісія па Беларусі была таксама створаная ў Эўразьвязе. Цягам трох дзён яна працавала ў Менску гэтым летам і правяла шэраг сустрэчаў з лідэрамі й актывістамі незалежных прафсаюзаў, прадстаўнікамі ўладаў. Вынікі працы гэтай камісіі пакуль яшчэ невядомыя.
XS
SM
MD
LG