Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вельмі шмат украінцаў, малдаванаў, албанцаў, але ж беларусаў – толькі мы двое” – беларусы ў горадзе, дзе нарадзіўся Рафаэль


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: сям’я Тацяны і Зьмітра Ярашэнкаў зь Італіі.

Апошнім часам прывабнаю для эмігрантаў зь Беларусі стала Італія, краіна, дзе раней амаль зусім не было адметнай беларускай прысутнасьці. Цяпер туды найчасьцей едуць на заробкі, асабліва жанчыны, якія знаходзяць працу па дагляду за пажылымі людзьмі ці іншы хатні занятак. Эмігрантаў прыцягвае тое, што Італія час ад часу праводзіць легалізацыю тых замежнікаў-нелегалаў, хто знайшоў там працу.

Тацяна і Зьміцер Ярашэнкі жылі ў Берасьці. Тацяна – настаўніца па адукацыі. Зьміцер – былы вайсковец, шмат гадоў ім давялося жыць у розных месцах былога СССР. Пасьля дэмабілізацыі вярнуліся ў Берасьце – горад, у якім некалі пазнаёміліся і пабраліся шлюбам. Там нарадзілася і іхная адзіная дачка Анна-Марыя, якая цяпер вучыцца ў Маскве.

Бацькі клапаціліся пра тое, каб даць дачцы добрую адукацыю і гатовыя былі плаціць за навучаньне. Але калі Анна-Марыя з бацькам паехалі ў Маскву, высьветлілася, што там занадта вялікія кошты і іхных сродкаў ня хопіць. Бацькі вырашылі паехаць на заробкі ў Заходнюю Эўропу, каб дачка усё ж магла вучыцца. Спачатку зьбіралася ехаць адна Тацяна.

(Тацяна Ярашэнка: ) “Так, мы паехалі на працу з разьлікам на адзін год, каб зарабіць грошай і каб наша дачка магла вучыцца. Калі я сказала, што паеду на заробкі ў Італію, ён адказаў– едзем разам. І я вельмі ўдзячная, што ён паехаў, таму што без сям''і вельмі цяжка”.

Анна-Марыя належыць да тых актывістаў, хто стварае ў Маскве беларускую маладзёвую арганізацыю.

Дарэчы, сваю дачку бацькі выхоўвалі па сыстэме вядомага італьянскага пэдагога Марыі Мантэсоры.

(Тацяна Ярашэнка: ) “Мы выпісвалі часопіс "Сям''я і школа" і там знайшлі парады Марыі Мантэсоры. Дзяўчынку нашу мы выхоўвалі, выкарыстоўваючы гэтыя парады, гульні. Аказваецца, гэтая Марыя Монтэсоры з нашага рэгіёну, яе дом у 90 км. ад нас. Тут у Італіі вельмі папулярныя школы Марыі Мантэсоры”.

Заробкі ў Італіі аказаліся не такімі, як спадзяваліся, таму Ярашэнкі праз год не паехалі дадому і жывуць там ужо тры гады.

(Тацяна Ярашэнка: ) “Калі мы прыехалі ў Італію, для нас першыя два гады былі змрочнымі. Мы прыехалі – адразу на фабрыку. У нас у Берасьці быў такі малазнаёмы чалавек, які паабяцаў, што ў Італіі будзе праца. Мы зь Берасьця патэлефанавалі гэтаму гаспадару маленькай фабрыкі. Ён нам наабяцаў усё самае добрае. А калі прыехалі, усё аказалася ня так. Нелегальная праца, адзін дзень мы адпрацавалі і муж сказаў: “Паедзем дадому, тут рабіць няма чаго”. А мне вельмі спадабалася Італія. Праца не спадабалася, зарплата 150-250 даляраў за месяц. Ня ведаеш мовы і трэба працаваць. Гэта такі жах!”.

Чужына ўвогуле аказалася не такой прывабнаю, як ўяўлялася дома.

(Тацяна Ярашэнка: ) “Мой муж паўтары гады хацеў вяртацца дадому, яму сьнілася дача, грыбы. Ён вельмі цяжка адаптаваўся, а мне зь першага дня ўсё падабалася. Празь месяц мы сышлі з гэтай фабрыкі. Побач з гэтай фабрыкаю быў аўтасэрвіс і там быў уласьнікам італьянец, 67 гадоў, які глядзеў, глядзеў на нашыя праблемы і яму было нас шкада. Ён сказаў, што ў яго ёсьць вагончык – аўтобусік для падарожжаў з ложкам, з халадзільнікам – ідзіце туды пажывіце.

Мой муж сказаў яму, што ў знак падзякі ён гатовы дапамагчы яму ў працы. Муж стаў гэтаму Паолу трошкі дапамагаць. А муж мой, былы афіцэр, інжынэр. І гэты Паола пабачыў, што разумны хлопец яму папаўся. Так патрошку яны пачалі кантактаваць. У Італіі ў гэты бізнэс – аўтасэрвіс не бяруць чужых, толькі сваякоў, гэта сямейны бізнэс. І каб чужынца ўзялі ў гэты бізнэс, гэта проста нерэальна. І так яны пачалі памалу разам працаваць. Потым я знайшла працу”.

Жыць сям’і стала лягчэй, аднак, яны ўсё ж працавалі нелегальна і разьлічваць на лепшае пакуль не выпадала.

(Тацьцяна: ) “Мы пажылі так 3-4 месяцы і пачулі, што ў Італіі ўводзіцца закон, што нелегалам можна будзе легалізавацца. Прайшло 9 месяцаў, выйшаў гэты закон, і мы зь нелегалаў сталі людзьмі з правам на жыхарства. Зусім па іншаму сябе адчуваеш, калі ты ўжо трошкі размаўляеш і калі ты з дакумэнтамі”.

Тацяна і Зьміцер напачатку жылі ў невялікім прамысловым гарадку ў Цэнтральнай Італіі. Цяпер яны пераехалі ў іншы горад.

(Тацяна Ярашэнка: ) “Жывем зараз у горадзе, дзе нарадзіўся Рафаэль – Урбіна. Маленькі горад, ёсьць хата, дзе ён нарадзіўся. Увесь гэты горад – 15 тысяч насельніцтва, але тут яшчэ 90 тысяч студэнтаў. У гэтым горадзе ёсьць унівэрсытэт, які дзейнічае з 1490 году, гэта адзін з найлепшых унівэрсытэтаў у Італіі.

Стары горад поўнасьцю пабудаваны з цэглы, вуліцы, выкладзеныя цэглаю і дамы. Маленькі горад, але вельмі прыгожы. Ва Урбіне няма ніякай прамысловасьці, толькі культурныя установы, усё для турыстаў, гэта турыстычны горад, і кампус для студэнтаў”.

(Сурмач: ) “А беларусаў там не сустракалі?”

(Тацяна Ярашэнка: ) “Тут толькі мы двое. Нас тут так і называюць "беларусы". Вельмі шмат украінцаў, малдаванаў, албанцаў, але ж беларусаў – толькі мы двое”.

Дарэчы, беларуска па паходжаньні Тацьцяна, а Зьміцер – расеец, але ён лічыць Беларусь сваёй другой Радзімаю.

(Тацяна Ярашэнка: ) “Я нарадзілася ў Беларусі і вучылася ў Берасьці. Ён нарадзіўся на Ўрале, жыў у Сярэдняй Азіі, на Далёкім Усходзе. Ён скончыў школу ў Берасьці, бацькі пераехалі ў Берасьце, потым вучыўся ў Віленскай вайсковай вучэльні. Яны вельмі ганарацца і паважаюць Расею, а ён адзін такі ў іх. Калі яму сястра піша, што вось яны – рускія, ён кажа: "Не, я – не расеец, я – ліцьвін”. Як добра ён ведае нашу гісторыю! Ён не размаўляе па-беларуску, але калі ёсьць кніжка на беларускай мове пра гісторыю Беларусі, ён будзе чытаць”.

(Сурмач: ) “Ці ведаюць там жыхары гэтага горада пра Беларусь?”

(Тацьцяна: ) “Ня ведаюць. Але ёсьць людзі, калі ім кажаш, што зь Беларусі, яны адказваюць, што ведаюць таму, што яны бралі дзяцей зь Беларусі на аздараўленьне. Я размаўляла з дачкою маіх гаспадароў. У 1994 годзе ў ейнай сям''і быў хлопчык Алесь з Магілёва, на наступны год прыехала дзяўчынка. А вось яе суседка кожны год брала па два дзіцяці. Я ведаю такіх чатыры сям''і, якія не багатыя, але яны адчувалі. што трэба гэтым дзецям дапамагчы і дапамагалі.

І яшчэ прыклад. Калі муж працаваў у аўтасэрвісу, прыехаў адзін італьянец. Ён сказаў, што вельмі добра ведае Менск, што ён там 5 гадоў працаваў, прадаваў паркет, яму там вельмі спадабалася і было так добра працаваць. А потым, кажа, прыйшоў гэты ваш прэзыдэнт, што ён нарабіў, і нічога добрага ў нас там цяпер няма”.

Тацяна распавяла і пра яшчэ адну знаёмую сям’ю, чый лёс нечакана аказаўся як бы зьвязаным зь беларускай гісторыяй.

(Тацяна Ярашэнка: ) “Гэтая сям''я такая асаблівая, яна вельмі паважаная і вядомая ў нашым рэгіёне. Яны адвакаты, сацыялісты, адвакаты з 1200 году, з пакаленьня ў пакаленьне. І вось што распавёў гэты адвакат, якому зараз 81 год, які водзіць машыну і ходзіць на працу. Яны маркізы, гэты шляхецкі тытул атрымалі 10 пакаленьняў таму, калі іхны продак прадстаўляў інтарэсы польскага караля можа быць ў Італіі, ці ў Эўропе, я дакладней не зразумела. Рэч Паспалітая была тады і наша зямля была там”.

(Сурмач: ) “А што яны ведаюць цяпер пра Беларусь?”

(Тацяна Ярашэнка: ) “Яны нічога ня ведалі. Яны цікавіліся ў мяне, якая ў нас культура. І я зь вялікай цяжкасьцю тут два месяцы шукала і знайшла ў кніжнай краме кніжку Васіля Быкава, якая была выдадзена ў Італіі, у Мілане ў 2001 годзе. Гэты адвакат, ён антыфашыст, ён узначальваў партызанскі рух тут, ва Ўрбіне, калі быў маладым. Ён распавядаў, як яны жылі пры Мусаліні, што рабілася, зусім як у нас. Распавядаў пра вобыскі, якія рабілі фашысты ў іхным палацы. Я думала, што дыктатуры ўсюды аднолькавыя. Так што, ён разумее нашу сытуацыю”.

Тацяна і Зьміцер самі добра разумеюць, што адбываецца цяпер на Бацькаўшчыне і чаму ім даводзіцца жыць на чужыне.

(Тацяна Ярашэнка: ) “Калі муж звольніўся з войска, 10 гадоў таму мы вярнуліся ў Берасьце, займаліся прыватным бізнэсам. Мы потым і кватэру купілі, машыну.

І калі трэба было ісьці на выбары, калі былі Кебіч і Лукашэнка, я вельмі добра памятаю той час, тады ў Тэрэспалі на мяжы вялізная чарга стаяла, прывозілі машыны зь Нямеччыны. Усё гэта маладое пакаленьне – яны рабілі свой бізнэс, ніхто не думаў пра палітыку. Думалі, што заўсёды будзе так, заўсёды можна будзе зарабляць грошы. Таму не галасавалі, не хадзілі на выбары, не знайшлі часу, думалі, навошта, калі ёсьць магчымасьць зарабляць грошы.

Нежаданьне прымаць удзел у палітыцы, абыякавасьць – вось гэтая абыякавасьць да чаго давяла”.

(Сурмач: ) “Вы не былі ў Беларусі ўжо тры гады, ці не зьбіраецеся наведаць Берасьце?”

(Тацяна Ярашэнка: ) “У нас дома пабачыце бел-чырвона-белы сьцяжок з "Пагоняю". Вось такая ў нас Беларусь дома. Не былі тры гады і ў гэтым годзе ўпершыню паехалі ў жніўні. Ой, лепш бы мы туды не езьдзілі. Муж 2200 км праехаў за 36 гадзін, ехаў і крычаў: "Еду дамоў, дамоў!"

А як прыехалі! Ведаеце, горад пахарашэў, зьнешне вельмі добра ўсё выглядае. Але калі мы зайшлі ў гэтыя крамы, калі мы пабачылі гэтыя цэны, яны такія, як у Італіі, дзе заробкі ў пяць разоў большыя. Гэта ж немагчыма.

Што нам найбольш не спадабалася, дык гэта людзі. Мы адчувалі там нейкі прэсінг, дыскамфорт маральны. Нас ніхто не разумеў, людзі ўсе такія заклапочаныя, няма ніякай цікавасьці да іншых, якія ў цябе праблемы, няма жаданьня зрабіць для некага штосьці добрае. Абыякавасьць і злосьць. І нашыя сябры – ніхто нас не разумее, кажуць: "Я вы маглі так зьмяніцца, вы ж тут добра жылі ў Беларусі?"
XS
SM
MD
LG