Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патаемныя месцы менскіх рыбакоў


Міхал Стэльмак, Менск Для соцень тысяч беларусаў рыбалоўства – улюбёны занятак. У сьпісе рэчак і азёраў, найбольш багатых на іхтыяфаўну, Прыпяць і Нарач, Дняпро й Бярэзіна. Аднак не яны, а Сьвіслач, дакладней яе частка ў межах Менску, бясспрэчна лідзіруе паводле колькасьці шукальнікаў рыбацкага шчасьця. Пра іх – у сёньняшняй перадачы, якую падрыхтаваў Міхал Стэльмак.

Рыбакоў-аматараў у Менску – процьма. Адны зь іх пры першай магчымасьці выпраўляюцца па рыбацкае шчасьце ў няблізкі сьвет – на Нёман, Кромань, Вялейскае вадасховішча. Іншыя асядаюць на Менскім моры. У іх ліку й спадар Станіслаў...

(Станіслаў: ) “Калі выяжджаеш на прыроду – свабодна, нікога няма, цудоўна адпачываеш. Зловіш рыбу ці не – гэта няважна. Галоўнае – адпачынак”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ў горадзе ловіце рыбу?”

(Станіслаў: ) “Не”.

Інакш лічаць тыя сталічныя рыбаловы, што, як кажуць, вудзяць рыбу ледзь ня ў ціне з сваіх бальконаў. На Сьвіслачы.

(Бычкоў: ) “Галоўнае – недалёка. Рыбалка не для таго, каб паесьці. Так, баўленьне часу”.

(Пратасевіч: ) “Выйшаў, пасядзеў... Ня трэба далёка ехаць”.

(Бычкоў: ) “Хай ловяць”.

Гэта меркаваньні сталых, так бы мовіць, “дамаседаў” Уладзімера Бычкова й Сьцяпана Пратасевіча. Дзіўна, але факт: некаторыя сталічныя рыбакі мяняюць “прапіску” – пакідаюць катэгорыю “вандроўнікаў” і далучаюцца да “сьвіслацкіх”. У іх ліку Павел Малашка.

(Малашка: ) “Раней я езьдзіў абы-куды. Напрыклад, на Менскае мора. Ня торкае й ня торкае. З палёў цякуць угнаеньні, рыба задыхаецца. А я тут паблізу жыву, дык надумаў праверыць, што атрымаецца. Ну, аднаго злавіў вось такога во!”

І ўсё ж большасьць рыбакоў-“вандроўнікаў” адгукаюцца пра “сьвіслацкіх” калегаў з іроніяй. Вось меркаваньне спадара Міхаіла:

(Міхаіл: ) “Калі злавіць тую ж рыбу на Нарачы або на Мястры, дык гэта ж зусім іншая рыба. Мяне раз пачаставалі, далі воблу пасьля лазьні. Я толькі паспытаў і сказаў, што яна зь Сьвіслачы. Спыталіся, адкуль ведаю. Дык жа яна карасінаю пахне! Там у гэтай рыбе ёсьць уся табліца Мендзялеева”.

“Сьвіслацкія” рыбакі на крытыку не рэагуюць. Вяла адгукаюцца: “Лавілі й будзем лавіць...” Штодня ні сьвет ні зара ўжо ля бэтонных берагоў ў цэнтральнай частцы гораду. Яшчэ больш уздоўж ракі на менскіх ускраінах.

(Уладзімер: ) “Рыба ёсьць. Асабліва шмат клюе, дзе парк Горкага, каля мосту. Там, дзе шлюз, ля цырку”.

(Іван: ) “І шчупак, і акунь, і карась. Уся ў прынцыпе рыба. Нават самы, кажуць, ёсьць”.

(Віктар: ) “Рыба чыстая, бяз паху”.

(Уладзімер: ) “Не, у горадзе для сябе, дбаючы пра захаваньне здароўя, лепш не лавіць”.

Трэба сказаць, “сьвіслацкія” рыбакі не абдзеленыя ўвагай. У мінакоў такія меркаваньні:

(Аляксандар: ) “Шчыра кажучы, у горадзе, дзе бэтон, лавіць нецікава, я забараніў бы”.

(Алена: ) “У горадзе рыба ня можа быць чыстай. Адкуль яна можа быць чыстай, калі ў тую раку скідаюць увесь бруд?”

(Аляксандар: ) “Асабіста я рыбу, злоўленую ў Сьвіслачы, ня еў бы. Невядома, што сюды скідаецца”.

Нэгатыўнае стаўленьне людзей да гарадзкой рыбалкі выклікана найперш сумневам у якасьці рыбы. Мой наступны суразмоўца яшчэ вучыцца ў адной зь менскіх школ, але рыбацкую справу добра ведае.

(Славінскі: ) “Мяне завуць Андрэй Славінскі”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі маеш рыбацкага стажу?”

(Славінскі: ) “Чатыры гады”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ловіш ты рыбу ў горадзе?”

(Славінскі: ) “Лаўлю плотак, падлешчыкаў, карасёў. На Нямізе наагул кепска лавіць. Брудна. Проста тут паблізу ёсьць фабрыкі. Часам чыстая трапляецца. Часам, гледзячы дзе, салітэр. Чарвяк такая”.

Пра тое, што ў сьвіслацкім улове й напраўду здараюцца хворыя рыбіны, кажуць і дарослыя рыбакі, напрыклад Сцяпан Пратасевіч.

(Пратасевіч: ) “Бывае лешч з паразытамі, такія стужкавыя. Відаць, што ён паражоны. Бо верхам ходзіць. Гэтаксама як і на Менскім моры. Але пасьля цеплавой апрацоўкі гэта не нясе небясьпекі пры спажываньні”.

А што думаюць адмыслоўцы? Натальля Алейнікава ў Менскім гарадзкім камітэце экалёгіі займаецца дасьледаваньнем сьвіслацкай вады.

(Карэспандэнт: ) “Ці чыстая вада ў рэчцы Сьвіслач?”

(Алейнікава: ) “Чыстая. У параўнаньні зь іншымі рэкамі яна чыстая”.

Наступная мая суразмоўца – Натальля Жукава, яна працуе намесьніцай галоўнага санітарнага лекара беларускай сталіцы.

(Жукава: ) “У нас зьвестак пра якасьць вылаўленай у рэчцы рыбы няма”.

(Карэспандэнт: ) “Ці азначае гэта, што вам ні разу не прыносілі рыбы на дасьледаваньні?”

(Жукава: ) “Як ні дзіўна, не прыносілі. Я ня памятаю такога выпадку, каб рыбакі прыносілі да нас у гарадзкі цэнтар рыбу дасьледаваць. Калі ў каго ёсьць сумнеў, мы абсалютна бясплатна дасьледуем рыбу”.

Рыбакі, аднак, давяраюць чамусьці ўласнай інтуіцыі. Напрыклад, Аляксандар Пальчэўскі, які памятае смак сьвіслацкай рыбы больш як 40-гадовай даўнасьці, ставіцца да яе цяперашняга спажываньня з асьцярогай.

(Пальчэўскі: ) “Скажу шчыра, спрабаваў. Раней гэта быў бэнзін. Цяпер карася каштаваў і не адчуў паху. Для мяне гэта было дзіўна. Хаця іхтыёлягі й самі лекары папярэджваюць, што нейкія элемэнты, сьвінец напрыклад, ёсьць у рыбе. Есьці не рэкамэндуюць”.

Іхтыёляг Вячаслаў Сяроў мае наконт гэтага такое меркаваньне:

(Сяроў: ) “Ну, вядома, калі браць гэтую рыбу паводле якасьці мяса, рыбу з участку ад парку Горкага да Чыжоўскага вадасховішча, то з улікам былых актыўных сьцёкаў нічога добрага ў ёй няма. Цяжкіх мэталаў там шмат і ўсяго астатняга”.

Аднак менскіх школьнікаў і апантаных рыбакоў братоў Зьмітра й Віталя Харытончыкаў нічога не палохае. Галоўнае для іх – налавіць рыбы як мага больш.

(Віталь: ) “Там дзядзька падкарміў рыбу й прыйшоў раніцай. А тады ў яго вуда перагнулася. Глядзім: у рыбы такі страўнік вялізны. Сапраўдны мутант. Вочы такія вялізныя”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ясьце вы рыбу, якую ловіце ў Сьвіслачы?”

(Віталь: ) “Ясна. Бабуля смажыць, і мы ямо. Я часам салю, на таранку раблю й ем таксама”.

Пазалетась у Парыжы праходзіў чэмпіянат сьвету ў спартовай лоўлі рыбы. Знаўцы цьвердзяць: некалі бруднай Сэны цяпер не пазнаць – рака й яе іхтыяфаўна дзякуючы намаганьням уладаў прыкметна аздаравіліся. Менск, вядома, не Парыж, але ж і тут два апошнія гады актыўна ачышчаюць галоўную водную артэрыю. Можа, некалі яна стане лепшай за францускую? Што да сталічных рыбакоў, дык яны ўжо цяпер у адзін голас заяўляюць: мы – найлепшыя! Хоць большасьць зь іх ніколі ў тым Парыжы не была. Але гэта ўжо, як кажуць, рыбацкае. Без упэўненасьці ў сабе няма чаго й за вуду брацца...
XS
SM
MD
LG