Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Пцічы смуткуюць па земляках, якія загінулі ў Падмаскоўі, сем’і – у шоку


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Сапраўдны шок перажывае цяпер вёска Пціч Петрыкаўскага раёну на Гомельшчыне. Чацьвёра мясцовых мужчынаў, а таксама адзін жыхар Петрыкава, што паехалі на заробкі ў Расею, згарэлі ў будаўнічым вагончыку ў горадзе Пушкіна непадалёку ад Масквы. Што вымагае беларускіх грамадзянаў шукаць працу ў суседняй Расеі? Гэта высьвятляў у сваякоў загіблых наш гомельскі карэспандэнт.

У Расею мужчыны зь вёскі Пціч адправіліся 5 лістапада. Старэйшы зь іх, 50-гадовы Пятро Курзенка, ужо быў там аднойчы. А вось Аляксандр Цітоў, Віктар Сігай і ягоны цёзка па прозьвішчы Міхаіл Сігай ды іншыя маладыя мужчыны паехалі ў Пушкіна ўпершыню.

Выпраўляючыся на заробкі, мужчыны з Пцічы, Петрыкава, Мазыра ў складчыну замовілі аўтобус. Каму не хапіла месца, той дабіраўся ў Расею цягніком.

Што вымушае беларусаў шукаць заробкі ў суседняй краіне? Пра гэта пытаюся ў Сьвятланы Сігай, жонкі загіблага ў Расеі Віктара Сігая.

(Сігай: ) “Была праца, але грошы былі патрэбныя. Там і такая праца на 100 тысячаў рублёў. Да гэтага муж працаваў у калгасе. Калгас разваліўся, заробак не плацілі. Перайшоў ў аўтасэрвіс. Ведаеце, якая арганізацыя? Па дзьве тысячы на месяц – і тыя праз паўгода аддавалі. Дачка вучыцца на платным аддзяленьні. Трэба было заплаціць за вучобу. Сама працую ў краме, атрымала за месяц 57 тысячаў заробку. Я хлеба і солі не магу купіць на свой заробак. У нас двое дзяцей. Жыцьцё вымусіла туды паехаць”, – распавяла жонка аднаго з загіблых, Сьвятланы Сігай.

40-гадовы Віктар Сігай працаваў апошнім часам вартаўніком у Мазырскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Папрасіўся ў адпачынак, каб у Расеі зарабіць хоць нейкія грошы. Ведаў, што там за 12-гадзінны працоўны дзень плацяць 10 даляраў. Невялікія заробкі, але хоць крыху весялей.

Нястача вымусіла і іншых мужчынаў шукаць заробкі. У кожнага з загіблых сем’i. Дома, аднак, працуючы нават ўдваіх, муж і жонка ня могуць пракарміць сям’ю.

Распавядае ўдава Вера Курзенка:

(Курзенка: ) “Не дазваляе той заробак пражыць. Я працую вартаўнікоў ў аўтасэрвісе і атрымліваю 37-38 тысячаў. І то ня кожны месяц”, – кажа ўдава загіблага Пятра Курзенкі.

Усе сем’i ў Пцічы і Петрыкаве чакаюць цяпер труны з Расеі. Але пэўнасьці няма. Гаворыць Сьвятлана Сігай:

(Сігай: ) “Адтуль, каторы дзень ні тэлефануем, абяцаюць, што ў абед выяжджаюць і прывязуць сюды. Сёньня ўжо патэлефанавалі, што ня ў стане апазнаць трупы, і могуць пахаваць іх там, як бамжоў, бо нібыта згарэлі ўсе дакумэнты. І ня кажуць, ці ёсьць там труна, абабітая яна ці не? Адзетыя яны ці не адзетыя? Ня ведаеш, куды кінуцца, што рабіць. Няпэўнасьць – і ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG