Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лёндан (Беларусь)


Ягор Маёрчык, Лёндан, Лунінецкі раён Берасьцейшчыны (эфір 15 лістапада). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Ня верце, што некалі Лёндан быў кельцкім паселішчам. Ня верце і таму, што разьвіваць яго пачалі старажытныя рымляне. Калісьці Лёндан называўся Тэрэзінам, а ягоным хросным бацькам ёсьць жартаўнік Даніла Карповіч. Нараджэньне Лёндану адбывалася на вачах у бабы Малахі.

(Карэспандэнт: ) “Чаму вёска называецца Лёндан?”

(Карповіч: ) “Так яе самі старыя празвалі. Казалі тады, што ў нас бедна, а ўсё багацьце ў Амэрыцы”.

(Карэспандэнт: ) “Лёндан жа ў Англіі знаходзіцца, а не ў Амэрыцы…”

(Карповіч: ) “Гэта мы так кажам, што ў Амэрыцы. А можа, ён і ў Англіі… Мы-та кажам па старому, па-бабску. А той чалавек, які празваў так вёску, памёр дваццаць год таму. Гэта ён усё перахрысьціў: “Ха-ха-ха! Выйдзі на вуліцу ды паглядзі. Ха-ха-ха! Мы тут жывём, бы ў Лёндане”. А які той Лёндан, ён ня ведаў, бо сам там ня быў. Але вось так ужо празвалі, хай Лёнданам і застаецца!”

(Карэспандэнт: ) “А як пэнсіянэрам у Лёндане жывецца?”

(Карповіч: ) “Нічога сабе. Грошы ж Лукашэнка дае”.

(Карэспандэнт: ) “Лукашэнка дае?”

(Карповіч: ) “А хто ж тады? Ён жа ў нас начальнік і цар”.

(Карэспандэнт: ) “Але калі гэта пэнсія — гэта тое, што зарабілі. Пры чым тут ён?”

(Карповіч: ) “Ня ведаю. Мо і гэтак. Быў бы іншы, было б тое самае. Вунь у Расеі ўжо іншы кіраўнік, але ён пэнсію дае”.

Лёндан — гэта невялічкі хутар у Лунінецкім раёне Берасьцейшчыны. Ня так даўно яго далучылі да суседняй вёскі Цна. І некалі асобная кропка на мапе пераўтварылася ў адну з вуліцаў. Аднак лёнданцы ўпарта лічаць сябе жыхарамі асобнага паселішча.

Пра Лёндан-ангельскі тубыльцы ведаюць са школьнага курсу геаграфіі. Весткі са сталіцы Вялікабрытаніі час ад часу яны чуюць з выпускаў навінаў тутэйшага BBC — гэта радыёкропка, а таксама чытаюць у незалежным лунінецкім тыднёвіку “Інфарм-Вандроўка” — ён своеасаблівы аналяг газэты “The Times”.

Той Лёндан, што на выспах, — горад надта дарагі. У цэнах ён пасьпяхова спаборнічае зь Нью-Ёркам, Токіё і Масквою. А арытмэтыкай жыцьця ў Лёндане-беларускім са мной падзялілася пэнсіянэрка Ганна Грыневіч:

(Грыневіч: ) “Мая нявестка даяркаю ў калгасе робіць, у яе ёсьць толькі 50 ці 60 тысяч. Не хапае, каб канцы з канцамі стачыць. Начальнічкам-та добра, а гэтыя людзі нічога ў брыгадзе не зарабляюць. Але як-небудзь трэба, каб быў хлеб. А на каўбасу? Цяпер, родненькі, каўбаса дарагая. Трэба мукі парасятку купіць, трэба сянца — трэба на ўсё адарваць ад гэтай пэнсіі. Як жа тут пражыць?”

(Карэспандэнт: ) “А колькі сена каштуе?”

(Грыневіч: ) “На карову накупіць, трэба 260 тысяч. А пэнсія — 140 рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта, каб набыць кароўцы сена, трэба заплаціць дзьве пэнсіі?”

(Грыневіч: ) “А зубы пакласьці на паліцу! Дровы выпісаць — выпішуць. Але цяпер гэтая тэхніка дарагая, і паліва няма. Камэрсанты закупілі дзялкі й возяць. Машына дроў — 165 тысяч, а калі яшчэ парэзаць, выходзіць 180. Вось людзі неяк на тую машыну дроваў і зьбіраюць. А ў мяне яшчэ і ўнучкі ёсьць. І яны яшчэ хочуць нейкага рубельчыка на марозіва”.

(Карэспандэнт: ) “Унучкам рубельчыкам дапамагаеце?”

(Грыневіч: ) “А як жа! Трэба калі й выдзеліць ім”.

У Лёндане ёсьць дзелавы цэнтар. Называецца ён Сыці. Сярод безьлічы банкаў і офісаў буйных кампаніяў, у Капэл-Корце знаходзіцца і знакамітая Лёнданская біржа. Зразумела, што ў беларускім паселішчы біржы няма. Адсутнічае і якое іншае месца для гандлю. А калі хочаш нешта набыць, кроч па адзінай вуліцы, і твой попыт адшукае прапанову. А калі б на палескім хутары была біржа, адно магу сказаць дакладна: дажджлівым летам 2004-га кошты на мёд сягнулі б вышэй за хмарачосы сталіцы Вялікабрытаніі. Я гутару з пчаляром Кастусём Бярылам.

(Карэспандэнт: ) “Пчолы ў вас ёсьць?”

(Кастусь Бярыла: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “І як сёлета зь мёдам пры такім надвор’і?”

(Кастусь Бярыла: ) “Слаба. Толькі, каб паесьці. А вось паспрабаваў накатаць, узяў літраў пяць”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ў вас сем’яў?”

(Кастусь Бярыла: ) “Цяпер ужо сем”.

(Карэспандэнт: ) ”У іншыя гады, калі цёплае надвор’е, зь сямі раёў, колькі мёду можна накатаць за сэзон?”

(Кастусь Бярыла: ) “Флягі дзьве-тры”.

(Карэспандэнт: ) “Кожны бідон па сорак літраў, гэта атрымліваецца, што можна накатаць 120 літраў?”

(Кастусь Бярыла: ) “Так. Можна”.

(Карэспандэнт: ) “Вы адзін у Лёндане мёдам займаецеся. Ці нехта яшчэ?”

(Кастусь Бярыла: ) “Ёсьць яшчэ сусед — Валодзя Карповіч. Але ў яго сёлета нічога няма”.

(Карэспандэнт: ) “Зусім бязь мёда застаўся?”

(Кастусь Бярыла: ) “Так”.

У абодвух Лёнданах ад самага раньня людзі сьпяшаюцца на працу. Розьніца толькі ў тым, што насельнікі аднайменных паселішчаў занятыя адрознымі справамі й атрымліваюць непараўнальныя заробкі. Аднак і там, і тут людзі займаюцца агародніцтвам. Толькі на брытанскіх выспах дзеля забавы вырошчваюць дэкаратыўныя рамонкі, а на беларускім Палесьсі — бульбу, каб выжыць. Пра апошнюю акалічнасьць я ўведаў ад даяркі Кацярыны Бярылы.

(Кацярына Бярыла: ) “Жывом, хлеб жуём ды гаруем”.

(Карэспандэнт: ) “А гаруеце ад чаго?”

(Кацярына Бярыла: ) “Бегаем у калгас і там гаруем”.

(Карэспандэнт: ) “Так цяжка з заробкамі?”

(Кацярына Бярыла: ) “А думаеце, багата палучаем? Хапае? Мала! Тут і на хлеб не хапае. І ў калгасе даюць болей сотак, каб людзі бульбай гандлявалі, бо малыя заробкі”.

(Карэспандэнт: ) “А за бульбу трэба яшчэ і буракі палоць?”

(Кацярына Бярыла: ) “Так, трэба. І ў нас 60 ці 70 сотак буракоў”.

(Карэспандэнт: ) “А што гэта ў Лёндане сапраўднае ангельскае надвор’е: дождж ды дождж?”

(Кацярына Бярыла: ) “І бульба ўжо ўся пагніла! Калівы ўжо пачарнелі. У нас на такую кажуць — “чарнаножка”.

(Карэспандэнт: ) “Калі былі выбары ў 2001 годзе, Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што людзі будуць атрымліваць па сто даляраў...”

(Кацярына Бярыла: ) “Гэта, мо, пра начальніў, а не пра нас”.

(Карэспандэнт: ) “А вы не начальніца?”

(Кацярына Бярыла: ) “Мы рабы-паляводы”.

(Карэспандэнт: ) ”Рабы?!”

(Кацярына Бярыла: ) “А што, не? Паляводы і ёсьць рабы. Некалі нават было такое пакараньне — з фэрмы перавесьці ў паляводзтва. Гэта найгорш!”

Лёндан у прыватнасьці ды Ангельшчына наагул слынныя пабамі. Самыя шыкоўныя зь іх — “The Princess Louise” і “The Warrington Hotel” — адбудаваныя ў віктарыянскім стылі. Падсілкавацца тут каштуе немалыя грошы. У беларускім Лёндане няма нават кавярні. Аднак гэтая прыкрая акалічнасьць кампэнсуецца гасьціннасьцю насельнікаў. Толькі я пазнаёміўся з Валянцінаю Ільіч і адразу атрымаў запрашэньне.

(Ільіч: ) “Зайдзіце і пакаштуйце ягадаў!”

(Карэспандэнт: ) “А ў Лёндане так добра растуць клубніцы?”

(Ільіч: ) “Сёлета іх надта шмат. Неяк зь вясны падмерзьлі. А пасьля пайшлі дажджы, і яны пайшлі. Так што клубніцы парасьлі вялікія і прыгожыя! Вось бачыце якая!”

(Карэспандэнт: ) “Як гэта вы іх зрабілі? У чым гэта яны?”

(Ільіч: ) “З хатнімі вяршкамі. Ежце!”

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй! А людзі што зь імі робяць?”

(Ільіч: ) “Вараць варэньні кампоты і джэмы. Нават віно ставяць”.

(Карэспандэнт: ) “А віно як робяць?”

(Ільіч: ) “Цукрам засыпаюць. Яна, ягада, сок пускае. Пасьля ўсё гэта працэджваюць і дадаюць вады кіпячонай, дадаюць туды дрожджы. Яно паробіць — пасьля адцэджваюць, і атрымліваецца віно”.

(Карэспандэнт: ) “І смачнае?”

(Ільіч: ) “Смачнае! Моцнае! Зараз дам вам пачаставацца!”

(Карэспандэнт: ) “Не-не-не! Я ня з гэтай мэтай запытваўся! Першы раз у жыцьці п’ю віно ў Лёндане. За Лёндан і за файных жыхароў Лёндану!”

(Ільіч: ) “На здароўе!”

На паўтара дзясятка хатаў Лёндану-беларускага толькі чатыры сям’і, чальцы якіх яшчэ працуюць. Вёска амаль у мільён разоў меншая за свайго знакамітага цёзку. Там жыве блізу 10 мільёнаў чалавек. У гэткім мурашніку людзі езьдзяць на працу ў іншы канец гораду: зь якога-небудзь Сатану ў супрацьлеглы Энфілд. Нешта падобнае можна назіраць і на хутары. Тая ж Валянціна Ільіч пяць дзён на тыдзень езьдзіць на працу за дваццаць кілямэтраў.

(Ільіч: ) “Я працую ў горадзе Лунінцы. Езьдзім з мужам на працу ў горад. А гаспадарку тут трымаем”.

(Карэспандэнт: ) “А што тут, у Лёндане, немагчыма знайсьці?”

(Ільіч: ) “Працу? Для маладых тут працы няма”.

(Карэспандэнт: ) “А вы хто паводле прафэсіі?”

(Ільіч: ) “Я бухгальтарка, а муж мой працуе галоўным інжынэрам. Я жадаю, каб дзеці мае зьехалі адсюль. Тут непэрспэктыўная вёска. Нават няма куды схадзіць пабавіць вольны час. Так што ў горадзе жыць зручней”.

(Карэспандэнт: ) “Вы што-небудзь чулі пра ангельскі Лёндан, які стаіць на выспах?”

(Ільіч: ) “Як жа ж! Натуральна, што чулі. Але агульных рысаў, мабыць, няма. Там, мабыць, людзі так не працуюць. Як у нас тут: агароды па 30–50 сотак”.

(Карэспандэнт: ) “А каралева ў вас свая ёсьць?”

(Ільіч: ) “У нас тут кожны сам сабе кароль!”

Ніна Патурай — кабета перадпэнсійнага ўзросту. Яна не падобная на ангельскую каралеву вонкава, але іхная агульная рыса ў тым, што і тая і другая валодаюць толькі намінальнай уладай. Элізабэт ІІ ачольвае канстытуцыйную манархію, а Ніна Патурай — дэпутатка сельскага савету. Далёкі Лёндан стаіць на Тэмзе, а ягоны беларускі двайнік на рачулцы Цна. Па Тэмзе ходзяць маркскія вадаплавы, а на Цне такія водмелі, што чоўнам ня ўсюды праедзеш. Тэмзу ўпрыгожвае Таўэр, а Цну — новазбудаваны драўляны масток.

(Патурай: ) “Быў стары мосьцік, не зусім добра зроблены. Пабудавалі новы ў 2000 годзе. Рабілі гэты талакою. Дзякуй за гэта нашай вуліцы Лёндан. Гэта прыклад той талакі, якую мы даўно забыліся”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі гэта палегчыла жыцьцё тых, хто знаходзіцца ў Лёндане?”

(Патурай: ) “Аблегчыла дарогу школьнікам, хто на працу ходзіць, хто машынаю ці возам езьдзіць”.

(Карэспандэнт: ) “А калі ў аб’езд, наколькі падаўжаецца шлях?”

(Патурай: ) “Кілямэтры два ці нават болей”.

Ніхто зь цяперашніх жыхароў хутару Лёндан ня быў у сталіцы Вялікабрытаніі. На пытаньне пра агульныя рысы вяскоўцы адказваюць адмоўна і дадаюць: можа б такія і знайшліся, каб мы апынуліся ў Лёндане-ангельскім і займелі бы магчымасьць параўнаць два жыцьці.
XS
SM
MD
LG