Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітыкі кажуць пра нічыю ў тэледэбатах паміж Юшчанкам і Януковічам


Віталь Цыганкоў, Прага У панядзелак увечары адбыліся тэледэбаты паміж кандыдатамі ў Прэзыдэнты Ўкраіны Віктарам Юшчанкам і Віктарам Януковічам. Фармат дэбатаў быў вызначаны так, што ўласна дыскусіі амаль не было, кандыдаты па чарзе выступалі па кожнай з вызначаных чатырох тэмаў, з уступным і заключным словам.

Гэткі тэлевізійны двубой адбыўся ва Ўкраіне ўпершыню за апошнія 10 гадоў, і для многіх украінцаў гэта ўвогуле была першая магчымасьць убачыць Віктара Юшчанку па тэлевізіі. Вынікі дыскусіі даволі супярэчлівыя – прыхільнікі абодвух палітыкаў кажуць пра перамогу свайго кандыдата, некаторыя незалежныя назіральнікі лічаць, што бітва скончылася ўнічыю.

Абодва кандыдаты заявілі, што прыйшлі на дэбаты, каб сказаць праўду, і адразу пачалі зацята крытыкавалі адзін аднаго. Аднак калі ад апазыцыйнага прэтэндэнта Віктара Юшчанкі гэтага можна было чакаць, то прэм’ер-міністар Віктар Януковіч настолькі разышоўся ў крытыцы былой улады, што часам сам выглядаў як сапраўдны апазыцыянэр. Лідэр блёку “Наша Ўкраіна” Віктар Юшчанка заявіў, што мэтай будучых палітычных пераўтварэньня будзе не палітычная рэформа, а барацьба з карупцыяй, якая разбурае грамадзтва і мараль. “Людзі хочуць бачыць кандыдата, які мы прапанаваў будучыні без карупцыі і сам быў бы сумленным”, – сказаў Юшчанка.

(Юшчанка: ) “Сёньня адбываецца канфлікт паміж празрыстымі палітыкамі й палітыканствам. Гэта не канфлікт паміж двума Віктарамі, а канфлікт паміж двума сьветапоглядамі, двума маралямі. І выбар у нас просты – альбо мы будзем жыць “па паняціям”, альбо мы будзем жыць як вольныя і заможныя людзі.”

Віктар Януковіч, у сваю чаргу, шмат разоў узгадваў мінулае Юшчанкі, калі той працаваў кіраўніком Нацыянальнага банку Ўкраіны, а потым быў прэм’ер-міністрам. Януковіч абвінаваціў свайго апанэнта ў павялічэньні напаўлегальнага бартэру ва ўкраінскай эканоміцы, што загнала яе ў цень.

Юшчанка, у сваю чаргу, прыводзіў шматлікія лічбы, якія даказвалі згубнасьць цяперашняй эканамічнай палітыкі ўкраінскага ўраду.

Зьнешняя палітыка ня стала самай гарачай тэмай дыскусіі, абодва кандыдаты імкнуліся гаварыць на гэтую тэму даволі асьцярожна.

(Януковіч: ) “Што тычыцца Расеі. Апошнім часам, мы шмат робім, каб палепшыць гэтыя стасункі, і на гэтым грунце пабудаваць моцную эканоміку. Стварэньне адзінай эканамічнай прасторы – гэта крок у будучыню, каб падтрымліваць той узровень эканомікі, які ў нас ёсьць. Гэта падстава для нашых адносінаў зь Беларусьсю і Казахстанам, і гэта тое, што прадугледжана адзінай эканамічнай прасторай”.

У сваю чаргу, Юшчанка падкрэсьліў, што ён не варожы да Расеі і лічыць Маскву стратэгічным партнэрам. Апазыцыйны кандыдат, аднак, заявіў, што сяброўства Ўкраіны ў Эўразьвязе можа стаць магчымым пасьля зьмены ўлады.

Дэбаты праходзілі на украінскай мове, але ў сваім апошнім слове Віктар Януковіч раптам перайшоў на расейскую, і зрабіў свае самыя агрэсіўныя сьцьверджаньні, на якія Юшчанка ўжо ня меў магчымасьці адказаць.

Януковіч, у прыватнасьці, абвінаваціў свайго апанэнта ў нахабнай хлусьні, фінансавых злоўжываньнях, а таксама заявіў, што на прэзыдэнцтва яго блаславілі афонскія праваслаўныя старцы.

Увогуле, на думку аглядальнікаў, Віктар Януковіч у дэбатах трымаўся значна лепш, чым многія ад яго чакалі – прынамсі, прагназаванага прыхільнікамі Юшчанкі разгрому не атрымалася.

Нагадаем, другі тур украінскіх прэзыдэнцкіх выбараў адбудзецца 21 лістапада. Паводле сацыёлягаў, сёньня каля 12 працэнтаў украінскіх выбаршчыкаў яшчэ не вызначыліся, за каго будуць галасаваць. Менавіта іх і закліканыя былі пераканаць тэледэбаты паміж двума кандыдатамі.
XS
SM
MD
LG