Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская чыгунка падвысіла тарыфы на праезд у прыгарадных і пасажырскіх цягніках


Галіна Абакунчык, Менск З 16 лістапада Беларуская чыгунка падвысіла аплату за праезд усімі відамі чыгуначнага транспарту для ўсіх катэгорыяў пасажыраў.

Паездкі ў пасажырскіх цягніках і вагонах міжнароднай клясы на тэрыторыі краіны падаражэлі на 10%. Кошт праезду адной зоны ў прыгарадных цягніках павялічыўся на 20% і цяпер складае 300 беларускіх рублёў. Адпаведна на 5 і 10% падаражэў праезд і для ўсіх ільготных катэгорыяў грамадзянаў: пэнсіянэраў, школьнікаў і студэнтаў. Падвышэньне коштаў сталася нечаканасьцю як для пасажыраў, так і для супрацоўнікаў чыгункі, бо першапачаткова зьмена тарыфаў была абвешчаная на 1 сьнежня.

Падвышэньне кошту праезду двума тыднямі раней ад абвешчагана тэрміну Міністэрства эканомікі зацьвердзіла яшчэ 11 лістапада. Аднак нават супрацоўнікі чыгункі даведаліся пра гэта напярэдадні, позна ўвечары 15 лістапада. Вось што паведаміла адна з касірак менскага чыгуначнага вакзалу:

(Касірка: ) “Мы ведалі, што цэны будуць мяняцца са сьнежня. Але ўчора раптам прыйшоў загад, што цэны мяняюцца з нуля гадзінаў 16 лістапада. Цэлую ноч сядзелі перапраграмоўвалі машыны. Сьпяшаліся, канечне, бо не было гатова нічога”.

Непрыемнай нечаканкай новыя кошты на праезд сталіся й для пасажыраў. Вось што яны казалі ў інтэрвію Свабодзе:

(Пасажыр: ) “Я чуў, што падвышэньне будзе з 1 сьнежня, а зрабілі двума тыднямі раней. Натуральна, што для людзей гэта нечаканасьць, асабліва каму далёка ехаць. Што тут можна сказаць? Папярэджваць трэба. Народ ня ведае, як заўжды”.

(Пасажырка: ) “Абяцаюць па радыё ды тэлебачаньні, што падвышаюць заробкі й пэнсіі, але кошты падвышаюцца хутчэй. Што тут можна думаць, акрамя кепскага?”

(Пасажыр: ) “Трэба ж неяк абгрунтоўваць гэта. Калі хлопцы ня могуць працаваць рэнтабэльна, дык, пэўна, трэба нешта мяняць на прадпрыемстве, а не аплачваць гэта з чужых кашалькоў”.

Паводле галоўнага эканаміста аддзелу тарыфаў беларускай чыгункі Сяргея Сыскаўца, перагляд тарыфнай палітыкі кіраўніцтвам чыгункі двойчы на год сталася ўжо традыцыяй. Але сёлета гэта адбываецца ўпершыню, і вось як спадар Сыскавец гэта патлумачыў:

(Сыскавец: ) “Былі на тое прычыны, якія не дазвалялі паднімаць коштаў. Усё мы пасьпяхова перажылі. Міністэрства эканомікі таксама пайшло насустрач і саступіла на два тыдні, а так 1 сьнежня быў бы год ад папярэдняга падвышэньня. Усё мы сумелі зрабіць, як і павінна быць на дзяржаўным прадпрыемстве”.

Паводле спадара Сыскаўца, пасажырскія перавозкі беларускай чыгункі складаюць каля 40% ад рэнтабэльнасьці, а прыгарадныя на 10% менш. Гэта азначае, што рост тарыфаў будзе працягвацца й надалей. Акрамя таго, з 20 лістапада даражэе праезд у гарадзкім транспарце Менску. Адна паездка будзе каштаваць 360 беларускіх рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG