Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пратэстанты крыўдуюць на дзяржаву


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Беларускія пратэстанты ў міжнародны дзень талерантнасьці, які адзначаецца 16 лістапада паводле ініцыятывы ЮНЭСКА, заклікаюць улады да цярпімасьці ва ўзаемадачыненьнях з рэлігійнымі меншасьцямі.

Палітыка прывілеяванага становішча праваслаўя ў Беларусі справакавала ў асяродзьдзі пратэстантаў пачуцьцё крыўды на дзяржаву. Гаворыць вернік узьдзенскай грамады эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Уладзімер Лойка:

(Лойка: ) “Глядзяць на нас зьверху. Тыя ў законе, а мы не ў законе. Нас у дзяржаве сэктай называюць. У Бібліі сказана: палюбі бліжняга свайго, як самога сябе. І любі Госпада ўсім сэрцам, усёй душой, усім разуменьнем тваім. Вось закон, на якім існуе хрысьціянства”.

Чаму ўлады ігнаруюць гэты закон, ня могуць зразумець і пратэстанты Беразіно. Верніца тутэйшай пяцідзясятніцкай грамады Алена Сарыёгла лічыць цяперашнюю рэлігійную палітыку правакацыйнай:

(Сарыёгла: ) “Каб жа па тэлевізары і сам прэзыдэнт больш пазытыўнага ў наш бок казалі, а не казалі, што гэта сэкта… Таму што было многа розных перадачаў, якія нэгатыўна адгукаюцца пра нашы цэрквы як пра сэкты, што разбураюць грамадзтва. Вось у гэтым самая вялікая праблема”.

Прадстаўнікі ўладаў на падобныя заявы адказваюць, што ніякай дыскрымінацыі ў дачыненьні да рэлігійных меншасьцяў у Беларусі няма. Гаворыць кіраўнік аддзелу ў справах рэлігіяў і нацыянальных меншасьцяў Менскага аблвыканкаму Леанід Пархімовіч:

(Пархімовіч: ) “Канфэсіі, якія зарэгістраваныя ў рэспубліцы, абсалютна аднолькавыя. Да ўсіх мы ставімся з аднолькавай сымпатыяй”.

Між тым, толькі на Меншчыне апошнім часам зьліквідавана 24 пратэстанцкія грамады. Пакуль не прайшла перарэгістрацыю і дзяржынская грамада хрысьціянаў поўнага эвангельля “Слова ісьціны”. Яе кіраўнік Мікалай Козел браў удзел у нядаўняй выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, каб, паводле яго словаў, дэмакратызаваць стаўленьне дзяржавы да рэлігійных меншасьцяў:

(Козел: ) “Я ж балятаваўся як пастар царквы. І ў дадзеным выпадку павага вырасла. Таму што людзі прама казалі тым, хто прыяжджаў на гэтыя сустрэчы з выбарцамі. Яны казалі: ведаеце, камуністы нас падманулі, з дэмакратыяй не атрымалася, дык, можа, хоць баптысты нешта зробяць?!”
XS
SM
MD
LG