Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Устаноўчы зьезд грамадзкай арганізацыі “Айчына” зноў адкладзены – Гарвыканкам адмовіўся даць памяшканьне


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта паведаміў адзін са стваральнікаў “Айчыны” былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Сяргей Антончык. Паводле ягоных словаў, заплянаваны на суботу, 20 лістапада ўстаноўчы зьезд не адбудзецца, бо Менскі гарвыканкам адмовіўся даць памяшканьне.

Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Міхаіл Пятрушін ў адказе арганізатарам зьезду спасылаецца на тое, што абодва памяшканьні — Лядовы палац спорту па вуліцы Прытыцкага й гандбольны палац спорту ва Ўруччы — 20 лістапада будуць занятыя спартоўцамі.

Залі меншага памеру для стваральнікаў “Айчыны” не падыходзяць, тлумачыць спадар Антончык:

(Антончык: ) “Нам у гарвыканкаме задалі пытаньне: “А чаму вас так многа? Закон жа дазваляе й дзесяці асобам утварыць арганізацыю”. У краіне вельмі многа людзей, якія хочуць, каб ім аказвалі дапамогу. мы праехалі 240 населеных пунктаў, дзе ўтвораныя такія аргкамітэты. Мы ня можам кагосьці запрасіць на ўстаноўчы зьезд, а кагосьці не запрасіць”.

Гэта ўжо другая адмова ўладаў ініцыятыўнай групе, першы раз форум не адбыўся 24 кастрычніка. Спадар Антончык сказаў, што сёлета будзе зробленая яшчэ адна й апошняя спроба сабрацца ў Менску, напрыклад, у кінатэатры “Масква” ці “Кастрычнік”. Калі й гэтым разам нічога не атрымаецца, то ўстаноўчы зьезд пройдзе альбо ў Смаленску, альбо ў Кіеве, альбо ў Вільні.

Стваральнікі новай грамадзкай арганізацыі падкрэсьлілі яе непалітычны характар. Паводле Сяргея Антончыка, галоўная мэта “Айчыны” ёсьць шырокамаштабная дапамога людзям:

(Антончык: ) “Гэта дапамога будзе матэрыяльная, паслугі бытавыя, напрыклад, цырульня бясплатная, дапамога з рамонтам, юрыдычныя паслугі й гэтак далей. Другая задача, гэта псыхалягічна-сацыяльная. Мы хацелі б на падмурку гэтай арганізацыі ўтварыць беларускую супольнасьць людзей, якія адчувалі б сябе ў рамках нацыянальнай сям’і. Калі ў чалавека зьявіцца такое адчуваньне, то ён будзе лічыць сябе сапраўдным грамадзянінам і гаспадаром гэтай краіны”.
XS
SM
MD
LG