Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былую кандыдатку ў дэпутаты Марыну Багдановіч выклікалі ў пракуратуру


Алесь Дашчынскі, Менск У пракуратуру Ленінскага раёну Горадні была выклікана былая кандыдатка ў дэпутаты, сябра АГП Марына Багдановіч. Яна давала паказаньні наконт свайго перадвыбарчага радыёвыступу, у якім быццам бы ўтрымлівалася абраза прэзыдэнта Лукашэнкі.

Марына Багдановіч, як Алег Волчак і Аляксандар Цынкевіч, была зьнятая зь перадвыбарчай гонкі быццам бы за абразу Лукашэнкі. Цэнтарвыбаркам накіраваў адпаведныя матэрыялы ў пракуратуру, і гэтая справа прынятая да вытворчасьці. Сёньня цягам двух гадзінаў сьледчы Сяргей Шастоў запісваў паказаньні Марыны Багдановіч наконт яе выступу на радыё. Спадарыня Марына перадала ў пракуратуру шэраг матэрыялаў, апублікаваных у сродках масавай інфармацыі, тэксты інтэрвію і заяваў кіраўніка краіны, на падставе якіх яна адзначыла ў перадвыбарчым выступе, што сродкі ад продажу зброі паступаюць у фонд, якім бескантрольна распараджаецца прэзыдэнт Лукашэнка.

(Багдановіч: ) “Сьледчы сказаў, што патрэбна зьняць гэтае слова “бескантрольна”, але я сказала, што гэта мая пазыцыя, што гэта сапраўды бескантрольна”.

Марына Багдановіч нагадала сьледчаму, што цягам дзесяці дзён ён мусіць даць адказ пра далейшае разьвіцьцё яе справы. На гэта сьледчы патлумачыў, што будзе яшчэ апытваць супрацоўнікаў радыё і праводзіць экспэртызу перададзеных матэрыялаў.

(Багдановіч: ) “Мая прынцыповая пазыцыя была ў тым, каб адразу прыехаць у пракуратуру для гэтага тлумачэньня, бо пайшлі такія размовы, маўляў, гаварыць не баяліся, калі былі кандыдатамі ў дэпутаты, а цяпер усе ў кусты схаваліся, хто некуды зьехаў, хто ня хоча ісьці. Я не баюся: запрасілі — прыехала. Але гэта дорага — езьдзіць у Горадню, таму я папрасіла сьледчага ў далейшым размаўляць са мной у Менску, калі спатрэбяцца нейкія дадатковыя зьвесткі”.
XS
SM
MD
LG