Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікерам Палаты прадстаўнікоў стаў Уладзімер Канаплёў


Юры Сьвірко, Менск Цягам двух папярэдніх скліканьняў ён быў віцэ-сьпікерам гэтай палаты, але цяпер яго кандыдатуру падтрымаў Аляксандар Лукашэнка. Канкурэнцыю спадару Канаплёву спрабаваў скласьці былы Лукашэнкаў памочнік Віктар Кучынскі, але за яго прагаласавала толькі 5 дэпутатаў. Віцэ-сьпікерам стаў Сяргей Забалоцец, які раней быў старшынём адной з камісіяў палаты.

Вырашыўшы за гадзіну арганізацыйныя пытаньні кшталту фармаваньня падліковай камісіі, Палата прадстаўнікоў распачала выбары свайго сьпікера. Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына нагадала, што прапаноўваць кандыдатуры на сьпікера могуць толькі дэпутаты, і дала слова Пятру Калугіну, які ад імя папярэдняга скліканьня прапанаваў абраць старшынём палаты Ўладзімера Канаплёва.

Аднак адразу пасьля гэтага на трыбуну выйшаў першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Папкоў, які зноў, як і напярэдадні ў Савеце Рэспублікі, нагадаў пра асаблівую адказнасьць старшыні парлямэнту й зрабіў прапанову ад імя Аляксандра Лукашэнкі — абраць таго ж спадара Канаплёва.

Пасьля гэтага сваю кандыдатуру вылучыў дэпутат Віктар Кучынскі, былы памочнік Лукашэнкі. Але за Канаплёва прагаласавала 103 дэпутаты, а за Кучынскага — толькі 5. Усяго галасавалі 108 сяброў палаты — таемна, з дапамогай бюлетэняў.

Пазьней, калі такім жа чынам абіралі віцэ-сьпікера, 20 бюлетэняў чамусьці былі несапраўднымі. І адзіны безальтэрнатыўны кандыдат на пасаду намесьніка Сяргей Забалоцец атрымаў 80 галасоў “за” і 5 “супраць”. Старшыняў камісіяў вырашылі абіраць на наступным паседжаньні 18 лістапада.

17 лістапада, сябры абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу зьбяруцца ў Доме ўраду, каб прысутнічаць падчас падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам рашэньня рэфэрэндуму 17 кастрычніка аб зьмене Канстытуцыі й скасаваньні абмежаваньняў двума прэзыдэнцкімі тэрмінамі паўнамоцтваў.

Тэму шырокіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і ролі парлямэнту ў Беларусі закраналі ў некалькіх выступах на першай сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Прадстаўляючы кандыдатуру Ўладзімера Канаплёва, першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Папкоў сказаў:

(Папкоў: ) “Немалая заслуга Ўладзімера Мікалаевіча палягае ў тым, што наш парлямэнт рашуча пазбавіўся рысаў анархічнага клюбу, дзе некаторыя спадары займаліся крытыканствам і адчайнай самарэклямай”.

Пазьней слова атрымала Вольга Абрамава, якая паабяцала падтрымаць кандыдатуру спадара Канаплёва, але задала яму пытаньні пра недастатковае асьвятленьне працы парлямэнту ў дзяржаўных мэдыях і пра тое, ці можна разьлічваць на ягоную падтрымку ў справе пашырэньня канстытуцыйных паўнамоцтваў парлямэнту.

(Канаплёў: ) “Разам з усімі дэпутатамі мы адпрацуем усе гэтыя пытаньні — яны вельмі важныя. І калі нам недастаткова будзе нашых паўнамоцтваў, якія запісаныя ў Канстытуцыі, дык будзем зьвяртацца да кіраўніка дзяржавы, каб мы ў законным парадку гэта ўсё зрабілі. Добра?”

Але спадар Канаплёў дадаў, што дзесяць гадоў адпрацаваў у парлямэнце й ні пра якія праблемы такога кшталту ня ведае. Паводле Ўладзімера Канаплёва, ён выступае ня толькі за прапанаваную Вольгай Абрамавай “Парлямэнцкую гадзіну” на ТБ, але й за “Парлямэнцкія суткі”, аднак “у нас у цяперашні час прэзыдэнцкая рэспубліка, а не парлямэнцкая рэспубліка”.

Спадар Канаплёў заклікаў калегаў назваць наўскід кіраўнікоў парлямэнтаў ЗША, Вялікай Брытаніі ці Францыі. “Таму калі прэзыдэнцкая рэспубліка, тут адпаведныя мусяць быць прапорцыі”, — сказаў ён, але дадаў, што выбарцы зацікаўленыя ў тым, каб працу іх дэпутатаў паказвалі часьцей.

Яшчэ адзін кандыдат на сьпікера Віктар Кучынскі казаў, што таксама хоча праводзіць палітыку прэзыдэнта, аднак заявіў:

(Кучынскі: ) “Палата прадстаўнікоў — гэта тое месца, дзе павінны кіпець жарсьці ды ажыцьцяўляцца гарачыя, зьмястоўныя баталіі з мэтаю стварэньня такой палітычнай атмасфэры, якая дазволіць граматна, кваліфікавана спалучаць назапашаны парлямэнцкі досьвед са здаровым энтузіязмам зноў абраных дэпутатаў”.

Паводле спадара Кучынскага, шматлікія падзаконныя акты ўскладняюць дзейнасьць суб’ектаў гаспадаркі й фактычна скасоўваюць прынятыя парлямэнтам законы, а таму:

(Кучынскі: ) “Парлямэнт аказаўся аддзелены й аддалены ад уласнага народу, ад уласных выбарцаў”.

Але за спадара Кучынскага прагаласавала толькі 5 дэпутатаў, а 103 падтрымалі Ўладзімера Канаплёва. Пасьля абраньня той адказаў на пытаньні журналістаў. Калі яго як ранейшага кіраўніка дэлегацыяў Беларусі ў ПАРЭ й Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ спыталі пра пэрспэктывы супрацоўніцтва з Эўропай, спадар Канаплёў адказаў:

(Канаплёў: ) “Я думаю, гэта не ў Беларусі праблемы, а ў Эўропы праблемы зь Беларусьсю. Мы будзем праводзіць тую ж пасьлядоўную палітыку, якую праводзілі ўсе папярэднія гады. Вы ведаеце, што мы ёсьць сябрамі АБСЭ, і як бы яны ні камэнтавалі ды ні інтэрпрэтавалі нашы выбары, але яны тым ня менш яны пагадзіліся, што нам трэба супрацоўнічаць і браць усё лепшае з аднаго й з другога боку, адзін у аднаго. Таму тое лепшае, што нам будзе раіць АБСЭ й якое прымальнае ды прымяняльнае да нашых умоваў у Беларусі, да нашага заканадаўства, да нашай Канстытуцыі, вядома, мы будзем гэта выкарыстоўваць. Але мы ня будзем хлопчыкамі для біцьця”.

Новы сьпікер Палаты прадстаўнікоў дадаў, што калі ПАРЭ яшчэ мае нейкія прэтэнзіі да Беларусі й пажаданьні, дык ёй трэба самой зрабіць першыя крокі й даць кансультатыўныя прапановы. Уладзімер Канаплёў сказаў, што проста так езьдзіць у Страсбур і займацца бессэнсоўнымі спрэчкамі ён ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG