Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы музычны канал адмаўляецца ад “Сашы і Сірожы” – які лёс чакае “Новую калыханку”?


Ігар Карней, Менск Комік-дуэт “Саша і Сірожа” найбліжэйшым часам у эфіры Першага музычнага каналу не зьявіцца. Заплянаваныя перадачы з сэрыі “Новыя калыханкі” былі зьнятыя на распараджэньне кіраўніцтва каналу за некалькі гадзінаў да анансаванага вечарам 15 лістапада эфіру. Як кажуць самі ўдзельнікі праекту, пэрспэктывы выхаду на тэлеэкран застаюцца вельмі цьмянымі.

У рэдакцыі Першага музычнага каналу зьняцьцё з эфіру праграмы “Новыя калыханкі” тлумачаць выключна тэхнічнымі прычынамі:

(Прадстаўніца каналу: ) “Тэхнічна гэта было немагчыма. Таму найбліжэйшым часам выходзіць перадача ня будзе. І ўвогуле невядома, калі гэта здарыцца”.

Удзельнікі праекту гатовыя знаходзіцца ў такой няпэўнай сытуацыі яшчэ тыдзень. Аднак, як кажа прадусар Яўген Калмыкоў, на наступным усё ж хацелася б вызначыцца: ці рэальна легалізавацца на Першым музычным?

(Калмыкоў: ) “Вельмі спадзяемся, што тут сапраўды тэхнічныя прычыны, як кажа канал. І спадзяемся, што ў панядзелак перадача ўсё ж выйдзе. А калі ня выйдзе… Мы сказалі: добра, чакаем… Але калі яна ня выйдзе праз тыдзень — тады гэта ўжо сыгнал”.

Камічна-“народных” Сашу і Сірожу за межамі Беларусі ўспрымаюць па-рознаму. Найчасьцей пэрсанажаў мастака Аляксея Хацкевіча і лідэра гурту “Ляпіс Трубецкой” Сяргея Міхалка параўноўваюць з героямі амэрыканскіх коміксаў Бівісам і Батгэдам. Так, паводле каналу MTV, беларусы заняліся ў сябе на радзіме асыміляцыяй папулярных “мульт-дэбілаў”: два беларускія героі трапляюць у такія ж ідыёцкія гісторыі.

Зрэшты, усе сыходзяцца ў меркаваньні, што Саша і Сірожа, адрозна ад амэрыканскіх пэрсанажаў, нясуць выключна станоўчы зарад. Праўда, пабудова перадачаў збольшага на аўтарскіх імправізацыях і абраньне ў якасьці працоўнай мовы “трасянкі” вымушаюць артыстаў часта мяняць трыбуны. Цягам апошняга году “Калыханкі” ад Сашы і Сірожы і ўвогуле слухалі й глядзелі за межамі Беларусі, ва Ўкраіне і Расеі.

Сваю аўдыторыю Хацкевіч і Міхалок акрэсьліваюць ва ўласьцівай манеры: “Калыханку” могуць глядзець і дарослыя, і дзеці, і фізыкі-ядзершчыкі, і таксісты”. Аднак усё часьцей здараецца так, што іх гледачы знаходзяцца па-за межамі Беларусі.
XS
SM
MD
LG