Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: “Ці лічыце вы, што ў Беларусі прыхільна ставяцца да рэлігійных, нацыянальных і сэксуальных меншасьцяў?”


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтае пытаньне тыдня беларускай Свабоды ў міжнародны Дзень талерантнасьці людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня, 16 лістапада, Міжнародны дзень талерантнасьці. Скажыце, ці лічыце вы, што ў Беларусі прыхільна ставяцца да рэлігійных, нацыянальных і сэксуальных меншасьцяў?”

(Хлопец: ) “Не, дрэнна ставяцца. Бо ў нас яшчэ старое постсавецкае грамадзтва. Яно яшчэ ня можа ўспрыняць усёй навізны, якая да нас прыйшла з Захаду”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што так. Царква ёсьць, касьцёл ёсьць, усе гэтыя цэрквы не забароненыя. Я лічу, што так”.

(Дзяўчына: ) “Да рэлігійных, нацыянальных можа й так, а вось, што да сэксуальных? Я не лічу, што да іх у нас талерантныя адносіны. Я ня ведаю, як ставяцца да сэксуальных меншасьцяў улады, але ж агульна нэгатыўныя адносіны. Я так лічу”.

(Спадар: ) “Пэўна ж нэгатыўна ставяцца. “Блакітных” ніхто ня любіць, мусульманаў таксама ня любяць”.

(Праваслаўны сьвятар: ) “Да рэлігійных так, талерантна, да сэксуальных — не. І быць гэтага ня можа. Бо калі глядзець па-царкоўнаму, за садомскі грэх Госпад вельмі моцна карае. Такога чалавека цярпець можна, але ён робіць вялікі грэх”.

(Карэспандэнт: ) “А вось да нацыянальных меншасьцяў як ставяцца?”

(Праваслаўны сьвятар: ) “Станоўча. Мне, як сьвятару, абсалютна ўсё роўна — якой чалавек нацыянальнасьці. Кожны чалавек — Божае стварэньне, і ставімся да яго абсалютна нармальна. У нас, у Беларусі, я думаю добрае стаўленьне”.

(Спадарыня: ) “Бясспрэчна, гэта так. Відаць, такая нацыя беларусы — добрыя, зычлівыя, гуманныя людзі”.

(Студэнткі з Кітаю: ) “Добра, нармальна. Добрыя адносіны”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што ў Беларусі ўціскаюць правы некаторых рэлігійных канфэсіяў і рэлігійных меншасьцяў. Што тычыцца талерантнасьці, то мне здаецца, што гэта зусім ня добрая якасьць. Беларусы гэтай якасьцю павінны не ганарыцца, а саромецца і, відаць, пазбаўляцца”.

(Спадар: ) “Думаю так, мы талерантныя. Мне, напрыклад, усё роўна, ці католік, ці праваслаўны, ці мусульманін. Галоўнае, каб чалавек быў добры. Толькі вось сэксуальныя меншасьці… Для мяне, напрыклад, сорамна, калі іх рэклямуюць па тэлебачаньні й радыё. Лепш бы рэклямавалі здаровы лад жыцьця, а ня гэтыя меншасьці”.
XS
SM
MD
LG