Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Добрушы памянялі Маркса на Паскевіча


Казімір Яноўскі, Гомель Сэсія Добрускага раённага Савету дэпутатаў вырашыла перайменаваць у райцэнтры вуліцу Карла Маркса ў вуліцу імя князя Фёдара Паскевіча. Што сталася прычынаю таго, што добрускія ўлады сталі мяняць імёны ідэолягаў камунізму на імёны князёў расейскай імпэрыі, некалі званых прыгнятальнікамі народа?

Гомельскія ўлады апошнім часам сталі рабіць заўважныя рэвэрансы ў бок Расеі. Ня так даўно ў абласным цэнтры быў устаноўлены помнік Мікалаю Румянцаву, расейскаму канцлеру, уладальніку гомельскага маёнтка. Бацьку Румянцава гомельская сядзіба была падаравана імпэратрыцаю Кацярынай II у хуткім часе пасьля захопу Расеяй усходняй часткі Беларусі, што была ў складзе Рэчы Паспалітай.

У 1834 годзе маёнтак набыў генэрал-фэльдмаршал Іван Паскевіч – той самы, які кіраваў здушэньнем польскага паўстаньня й вугорскай рэвалюцыі. Да яго ўладаньняў адышло і мястэчка Добруш.

Сын фэльдмаршала Паскевіча, генэрал-ад’ютант Фёдар Паскевіч, заступіўшы ў спадчыну, заснаваў у Добрушы папяровую фабрыку, а пазьней – шпіталь для рабочых і вучэльню для дзяцей.

У Добрушы палічылі, што князь Паскевіч зрабіў болей для гораду, чымсьці Карл Маркс, які, безумоўна, і ня ведаў пра Добруш. І вось цэнтральная вуліца, на якой знаходзіцца і райвыканкам, набыла новы назоў. Гаворыць супрацоўніца Добрушскага райвыканкаму Сьвятлана Цуканава:

(Цуканава: ) “Мы былі на вуліцы Карла Маркса, а цяпер гэтая вуліца паводле рашэньня сэсіі райсавету імя князя Паскевіча, Фёдара Іванавіча Паскевіча”.

Паводле інфармацыі загадчыка ідэалягічнага аддзелу выканкаму Аляксандра Баравулі, мясцовыя ўлады наважаныя ўвекавечыць яшчэ й імя былога дырэктара папяровай фабрыкі спадара Стульгінскага.

А ці бралі жыхары Добруша нейкім чынам удзел у зьмене найменьня вуліцы ў сваім горадзе? У выканкаме сьцьвярджаюць, што было арганізавана тэлефоннае апытаньне гараджанаў, і бальшыня апытаных нібыта выказалася за наданьне вуліцы Маркса імя князя Паскевіча. На гэтай вуліцы ўстаноўлены нядаўна і помнік Фёдару Паскевічу.

Тут варта прыгадаць, што летась у абласным цэнтры быў устаноўлены помнік князёўне Ірыне Паскевіч, апошняй уладальніцы гомельскага палацу. Яна спрычынілася ў горадзе да будаўніцтва гімназіі, шпіталяў, некаторых іншых сацыяльных пабудоваў. Помнік паставілі на былой Ірынінскай вуліцы, якая за савецкім часам стала называцца вуліцай Першамайскай.

Адначасова з устаноўкай помніку князёўне гарадзкія ўлады вырашылі вярнуць вуліцы ранейшую назву – Ірынінская. Аднак духу ў гарвыканкаму хапіла толькі на перайменаваньне меншай часткі 760-мэтровай вуліцы. Большая так і засталася Першамайскай.

Наогул, за гады беларускай незалежнасьці гарадзкая тапаніміка не пацярпела нейкіх істотных зьменаў – так і засталася згвалчанай. У які горад ці вёску ні падайся, усюды вуліцы Леніна, Савецкія, Камуністычныя, Сацыялістычныя. У абласным цэнтры, апрача праспэкту й пляцу Леніна, ёсьць вуліца Ільіча і ажно 8 ільічоўскіх завулкаў.

Пры гэтым не знайшлося вуліцы для знакамітага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, для выбітных беларускіх творцаў, чый лёс быў зьвязаны з Гомельшчынай. У тым жа Добрушы ўжо як бы сама па сабе напрошваецца вуліца імя Івана Шамякіна, ураджэнца тутэйшых мясьцінаў. І падобных прыкладаў мноства.
XS
SM
MD
LG