Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Для простага чалавека, які мае намер адстойваць свае сацыяльна-эканамічныя правы, Беларусь становіцца небясьпечным месцам”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 12 лістапада 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Зіноўеў: ) “Хачу сказаць аб перадачы, прысьвечанай выбарам 2006 году. Я ня ведаю, адкуль Андрэй Клімаў узяў, што кандыдат у прэзыдэнты павінен жыць у згодзе з Масквой і Пуціным, бо ў 2006 годзе гарантавана, што падпалкоўнічак Пуцін ня будзе пры ўладзе ў Крамлі. Яго ўбяруць свае ж, павесяць на яго і Норд-Ост, і выбухі дамоў, і Бэслан – што заўгодна. Гэтае пытаньне на паўгады.

А потым, калі ён нават застанецца, я хачу растлумачыць Андрэю Клімаву адносіны паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Пуціным. Пуцін ня можа нічога Лукашэнку сказаць наконт жульніцтва на рэфэрэндуме, бо тады Лукашэнка скажа: “Добра, дзякуй за крытыку, Уладзімер Уладзімеравіч. У нас тут – жульніцтва. Але я зараз дашлю з вуліцы Карла Маркса, 38 на Макаёнка, 9 касэту зь фільмам “Спроба на Расею”, і хай тады людзі глянуць, як ты, Уладзімер Уладзімеравіч, да ўлады прыйшоў”. На гэта Пуцін ніколі ня пойдзе. Я ня ведаю, чаму гэтага падпалкоўніка сур’ёзна разглядаюць як асобу, якая павінна даць згоду на прызначэньне новага прэзыдэнта Беларусі. Дзякуй”.

(Cпадар: ) “Здаецца, рэфэрэндум і выбары ў палатку адышлі з палосак СМІ, але, зразумела, што ўлады, як і прадказвалі, моцна незадаволеныя. Ім лепш відаць, чаму. Аб гэтым сьведчыць узмацненьне рэпрэсіяў – напрыклад, загад Мін’юсту аб вынасе офісаў грамадзка-палітычных аб’яднаньняў жыльлёвага фонду да лютага 2005 году.

У ацэнках апазыцыі таксама пануюць жахі. Цывілізаваным дэмакратычным шляхам рэжым перамагчы нельга, трэба адмаўляцца ад старых форм размовы з уладай, шукаць альбо даваць новыя, больш сталыя. Напрыклад, пачаць выносіць свае офісы і структуры за дзяржаўную мяжу, пераходзіць да грамадзянскага непадпарадкаваньня, ствараць беларускае падпольле, урад ў выгнаньні ды іншае. Інакш ня зьявіцца хутка патрэба мяняць лідэра, а ня мэблю, калі пачне распаўсюджвацца палітычны экстрэмізм ці іншыя формы грамадзкага супрацьдзеяньня.

Але хопіць беспадстаўна трымаць надзею на замежна-палітычную падтрымку, якую ўлада наўпрост ігнаруе, а не саромецца больш рабіць стаўку на грошы з-за мяжы, з захаду ці з усходу. Астатняга ў нас залішне. Надзея на бескарысьлівых валанцёраў ва ўмовах Беларусі марная! Няма сродкаў ні страйкаваць, ні выходзіць на вуліцы, ні распаўсюджваць улёткі, ні нават на ежу.

Лукашэнка не саромеўся, калі забараніў прадпрымальнікам падтрымліваць грамадзка-палітычныя арганізацыі. І апазыцыі таксама ня варта чырванець ды ганарыцца жабрацтвам і адсутнасьцю рэальна існуючай арміяй прыхільнікаў. Гэта й раней не ўратавала, і ніколі не ўратуе надалей. Так ці інакш, вядома адно галоўнае: для простага чалавека, які мае намер адстойваць свае сацыяльна-эканамічныя правы й грамадзка-палітычныя свабоды, Беларусь становіцца самым небясьпечным месцам”.

(Спадар: ) “Як народ пойдзе за вас, калі Лукашэнка падзяліў пэнсіянэраў? Ваенным дае па пяцьсот, а гэтым дурням-рабочым па дзьвесьце. Вы пра гэта ведаеце? Вось у чым справа! Ніхто нічога ня зробіць, бо ён хітра падышоў да гэтага пытаньня”.

(Сталы слухач зь Вілейкі: ) “Паважаныя супрацоўнікі радыёстанцыі! Перадачы вашыя цікавыя, карысныя. Але вымушаны вам сказаць і непрыемнае, як і многія вашыя слухачы, наконт якасьці гучаньня вашых перадачаў. Ствараецца ўражаньне, што вы сьвядома зьдзекуецеся над сваімі слухачамі і прыхільнікамі. Бо неабходна мець сталёвыя нэрвы – такі трэск і шум на вашых хвалях, бо часам нічога не разьбярэш.

У мяне ёсьць прапанова. Можа, зрабіце перадачы карацейшыя па тэрміну, але абавязкова палепшыце якасьць гучаньня, як гэта зьдзяйсьняецца на іншых мовах. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы, Свабода! Прачытаў у “Савецкай Беларусі” артыкул “Готовьте кошельки! Повышение зарплат, пенсий, стипендий!” Вось толькі якія кашалькі трэба рыхтаваць, я ня ведаю – гэта, мусіць, трэба запытаць у карэспандэнта Сульжыной. Чытаю далей: “Куплю маме кофточку”. А за якія грошы? Самая танная кофтачка, мусіць, тысяч 30 каштуе. Другі студэнт кажа: мне на абеды трэба 2-3 тысячы, 10 тысяч за інтэрнат. Колькі ж яму застаецца? 30 дзён па 3 тысячы будзе 90 плюс 10 – усё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG