Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На думку Яраслава Раманчука, кіраўніцтва Расеі пачало менш цікавіцца саюзнымі справамі


Юлія Шарова, Менск Зь фінансаваньнем саюзных праграмаў з боку Расеі ёсьць пэўныя праблемы. Пра гэта заяўляюць прадстаўнікі Парлямэнцкага сходу саюзу. Гэтак, сёлета Беларусь асвоіла каля 60 адсоткаў ад пералічаных сродкаў, а Расея – крыху больш за 30. Доўгі час расейцы вінавацілі беларусаў у тым, што яны не выплачваюць у саюзны бюджэт усе ўнёскі. Цяпер ужо беларусы заяўляюць, што расейскі бок вінаваты ў бюджэтных праблемах. Чым гэтыя заявы выкліканыя?

Сакратар камісіі па бюджэце й фінансах Парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі Павал Сьвістуноў у інтэрвію Свабодзе патлумачыў, што складанасьці атрымаліся з-за структурных зьменаў у расейскіх уладных органах. Адны міністэрствы зьніклі, зьявіліся іншыя структуры, таму немагчыма было доўгі час разабрацца, хто цяпер зьяўляецца атрымальнікамі саюзных грошай з расейскага боку.

(Сьвістуноў: ) “Гэта не зьвязана зь нейкімі палітычнымі нюансамі. Бо людзі, якія выконваюць гэтыя праграмы альбо іх распрацоўваюць, зацікаўленыя ў бюджэтных сродках саюзнай дзяржавы як дадатковых, бо гэта такія праграмы, якія з расейскага боку ці зь беларускага фінансуюцца недастаткова. І гэта дадатковыя магчымасьці фінансаваньня гэтых праграмаў”.

Спадар Сьвістуноў патлумачыў таксама, што нягледзячы на атрыманьне бюджэтнага росьпісу толькі ў кастрычніку, саюзныя праграмы ўсё ж фінансаваліся, бо ёсьць адмысловае палажэньне пра 1/12 бюджэта – грошы, якія выдаткоўваюцца абавязкова, нават калі сам бюджэт яшчэ не зацьверджаны. У наступным годзе праблемаў з прыняцьцем і рэалізацыяй асноўнага фінансавага дакумэнту гэтак званай саюзнай дзяржавы праблемаў быць не павінна, спадзяецца Павал Сьвістуноў.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, праблемы з рэалізацыяй беларуска-расейскага бюджэту зьвязаныя якраз з тым, што кіраўніцтва Расеі пачало менш цікавіцца саюзнымі справамі.

(Раманчук: ) “Проста ў Расеі значна больш сродкаў можна рэалізаваць з расейскага бюджэту, а гэтыя 80 мільёнаў даляраў, якія выдаткоўваюцца на саюзныя праекты – грошы можа быць цікавыя, але рукі не даходзяць, таму вось такі слабы інтарэс з расейскага боку. Другая заўвага тычыцца таго, што спадар Барадзін ня той чалавек, які зьяўляецца аўтарытэтам для адміністрацыі Пуціна, для Крамля. Ён ня мае магчымасьці рэалізаваць праекты празь нейкія ведамствы й структуры расейскага ўраду й расейскіх рэгіёнаў”.

Таксама, лічыць экспэрт, Беларусь перастае быць вонкавапалітычным прыярытэтам для Расеі. Цяпер куды больш увагі скіравана на Ўкраіну, якая будзе цікавіць расейскія ўлады нават тады, калі вынік выбараў у гэтай дзяржаве будзе не зусім на іхную карысьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG