Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Ваўкавыску адбудзецца паседжаньне Гарадзенскага аблвыканкаму з парадкам дня “Нядобранадзейнае палітычнае становішча ў раёне”


Галіна Абакунчык, Менск 16 лістапада ў Ваўкавыску мае адбыцца выязное паседжаньне гарадзенскай “вэртыкалі” – абласнога выканаўчага камітэту, які мае разгледзець пытаньне пра “Нядобранадзейнае палітычнае становішча ў раёне”. Як вядома, на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і перасьледу незалежных мэдыяў тут галадаваў былы дэпутат Вярхоўнага савету Мікалай Аксаміт, рэдактар незалежнай “Мясцовай газэты” Андрэй Шантаровіч і пэнсіянэрка Валянціна Салдатава, якая працягвае трымаць галадаваньне 20-ы дзень.

Сёньняшняму паседжаньню абласных вэртыкальшчыкаў папярэднічала нарада ўсіх сілавых структураў раёну: міліцыі, КДБ, пракуратуры, нават пажарных, санстанцыі й падатковай службы. Адмыслоўцы заяўляюць, што гэта зьвязана перадусім з заўтрашнім выхадам незалежнай “Мясцовай газэты”, якую рэдагуе Андрэй Шантаровіч. Нагадаю, што выданьне газэты было прыпыненае на месяц Міністэрствам інфармацыі напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму.

Другой прычынай незвычайнай нарады ёсьць непрадказальнае разьвіцьцё падзеяў вакол вядомага ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Як паведамляла радыё Свабода раней, у выніку шэрагу судовых працэсаў цягам лістапада ён мусіць выплаціць буйныя сумы падаткаў і штрафаў, інакш прадпрымальніку пагражае канфіскацыя маёмасьці – гэта маршрутныя таксоўкі й абсталяваньне. Аднак спадар Аўтуховіч па-ранейшаму лічыць гэтыя патрабаваньні несправядлівымі, незаконнымі й не жадае ні плаціць грошы, ні аддаваць маёмасьць. Абодва прадпрымальнікі кажуць, што намерваюцца адстойваць свае правы, чаго бы гэта ні каштавала. Відаць, гэта якраз найбольш і непакоіць улады, а таму й атмасфэра ў горадзе вельмі напружаная – паведаміў у інтэрвію свабодзе Андрэй Шантаровіч:

(Шантаровіч: ) “Нешта нядобрае адчуваецца: усе на нэрвах, званкі розныя ідуць да нас. Чыноўнікі нэрвуюцца вельмі моцна: далі загад міліцыі складаць пратаколы і ўсю ўвагу надаваць нам – мне й Аўтуховічу. Адклікалі з адпачынку намесьніка старшыні райвыканкаму – гэта шмат пра што кажа. Я думаю, што яны скарыстаюць максымум сваіх магчымасьцяў: што змогуць, тое прыдумаюць. Што прыдумаюць – тое зробяць”.

Паводле спадара Шантаровіча, вельмі многія жыхары Ваўкавыску з павагай ставяцца і да яго, і да спадара Аўтуховіча, і па магчымасьці стараюцца дапамагчы. Дарэчы, дзякуючы гэтаму й стала вядома пра нарады й іншыя захады ўладаў, інфармацыю пра якія чыноўнікі не афішуюць. І гэта шмат гаворыць пра сапраўднае стаўленьне людзей да цяперашніх уладаў, кажа Андрэй Шантаровіч.

67-гадовая пэнсіянэрка Валянціна Салдатава не спыняе галадоўку 20-ты дзень. Спадарыня Салдатава мае цукровы дыябэт, і ад учора шпіталізаваная ў дзённым стацыянары з прычыны значнага пагаршэньня здароўя. Аднак мясцовыя ўлады ня выявілі аніякай увагі да пратэсту й стану здароўя галадоўніцы.

Зрэшты, гэтак жа чыноўнікі праігнаравалі галадоўкі й папярэдніх пратэстоўцаў. Дачка спадарыні Салдатавай, Натальля Буданава, кажа, што на знак пратэсту супраць гэткага стаўленьня ўладаў да пратэстаў людзей яна намерваецца далучыцца да галадоўкі маці разам са сваёй непаўнагадовай дачкой. Адзінае, што яе спыняе – дык гэта разуменьне таго, што нават рызыка здароўем школьніцы на чыноўніцкае сумленьне не паўплывае. Гаворыць Натальля Буданава:

(Буданава: ) “Я асабіста ўражаная стаўленьнем уладаў, у тым ліку новаабраных дэпутатаў. Такая ж абыякавасьць з боку ўладаў будзе і ў адносінах да непаўнагадовага дзіцяці. Увогуле, ці патрэбныя нашай дзяржаве людзі? Пры такім стаўленьні ўладаў да людзей тут людзі – як быдла. Гэта ня ўлада – яны сядзяць толькі дзеля ўласнай выгады на гэтых крэслах”.
XS
SM
MD
LG