Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы на зоркі глядзяць


Марыля Палуянцэвіч, Менск Новая перадача сэрыі “Чытальная заля”.

Беларусы — шалёныя рамантыкі ды прагматыкі адначасна. Таму нават у неба ўзіраюцца з мудрым разьлікам. Руплівы гаспадар ня марыць пра мігдалы нябесныя. Сваё неба і свае зоркі беларус носіць з сабой: на грудзях (як вэтэран на мітынгу, ці калі прашываецца ў пачатак вялікае чаргі па “Крыжачок”), у руцэ (як калядоўнікі са “зьвяздой”), на руках (“Гэта ты мая, зорка ясная...”), ці на гербе (як засьцянковы шляхціц, таемны прыхільнік масонаў).

Навошта беларусу зоры? Усё мае права на існаваньне толькі калі прыносіць камусьці карысьць. Згаладнелым бум-бам-літаўцам — падсольваць юшку. Гарэзам-анёлам — запальваць штоночы “ад Мілавіцы да сьвітанку” (трансцэндэнтная выпраўленчая праца). Здарожанаму селяніну — загнаць цьвіка, каб павесіць сьмярдзючыя анучы. Паэтцы Людміле Паўлікавай — цягаць у вядры (пустое ж — кепская прыкмета). Каб які п’яніца, лежачы на сьпіне ў калюзе, мэлянхалічна пытаўся: “Чаго гэта яны ўсё дрыжаць і дрыжаць?” Яшчэ — каб прыбітае імі неба не звалілася.

Вядома, хто вядзе рэй у стасунках з зоркамі. Не яны глядзяць на нас і ацэньваюць, а мы іх. Паблажліва пазіраем на бедакоў, якія вымушаны тырчэць у халодным ды непрытульным небе замест цёплае хаты. Як прадстаўнікі зямное й хатняе нацыі, беларусы набліжаюць зоры да сябе, а ня плішчацца ў неба. Лёзунг “Per aspera ad astra” для нас — сымбаль рэгрэсу. Тэрарыст-падшыванец зь вершу Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык на вайне” — не выключэньне. Замест лірычнае прагулянкі ён плянуе рэйд помсты фашыстам.

Калі нельга зоркі перасяліць, то можна хоць назваць па-людзку. Беларусы здаўна абжывалі неба, як сваю гасподу. Караткевічавы Майка і Алесь “ашчасьліўліваюць” зоры, абзываюць іх сваімі імёнамі. Кожны Юрка-пастушок прагне даць сваё, зразумелае імя сьвяцілу. Гэтак, Пляяды ператвараюцца ў Сіта, Валоскі, Стажары ці Валасажары. Праз таемнае Сіта правейваюцца душы памерлых, і сьвятыя перакідваюцца ў новыя зоркі. Гэтак Бог апускаецца да пасады нябеснага млынара. Палярная зорка становіцца Зорным Калом, на якім трымаецца ўся нябесная сфэра. Беларус нат у неба здольны кала загнаць, каб была карысьць. Ён ня будзе штовечара кленчыць перад Усемагутным, вымольваючы хоць адну мізэрную зорачку, бо прызвычаіўся да іх. Касіяпэя атрымлівае назоў Касцоў (“Юпітэр лысы, бо ўсю траву на ім зьелі каровы зь Месяца” — тлумачыла мне вушацкая малеча). Воз — Анёльскага Рыдвану (першы за гісторыю цывілізацыі сродак міжплянэтнага перасоўваньня). Вераб’іны Шлях, утвораны, паводле легенды, са сьлёзак сіротак, здаўна завецца Ваяўнічым Станам. Ён служыць прыгожай дэкарацыяй для вусьцішных раманаў Кузьмы Чорнага, у якіх прадстаўнікі мірнае нацыі (пад уплывам назову?) страляюць у сьпіну ворагам. Сузор’е Блізьнятаў атаясамліваецца зь Літвой і Каронай (Лель і Палель). Нат у небе мы проста шукаем сваё адлюстраваньне ці антыадлюстраваньне, як заварожаны чорнай дзіркай лірычны герой “Дэману” Ўладзімера Караткевіча.

Паганец пакорліва маліўся на зоры, хрысьціянін іх абарочвае ў сваю веру: ратуе зьнічкі ад пекла ці вечнага бадзяньня. Хутка накладае крыж на відзёж ды прамаўляе:

Ва ймя ’тца й сына, Даю табе імя: Калі пан, будзеш Ян, Калі панна, будзеш Ганна.

Хросны бацька, галоўны мафіёзі паддашкавага сьвету, спадзяецца на дапамогу зораў. “Каб бульба ды каноплі ўрадзілі, каб суседу ніву памачыла, каб жонка ўпрочкі не хадзіла, каб нападпітку між трох бярозак не блудзілі”. Астралёгіяй не пагарджалі нат слынныя асьветнікі Францішак Скарына ды Сімяон Полацкі.

З камэтамі беларусы, у адрозьненьне ад іншых народаў, у такіх жа сяброўскіх стасунках. Названыя ў народзе мётламі, яны вымятаюць розную поскудзь з нашае зямлі, ды ўсё ніяк вымесьці ня могуць. Героі “Пана Тадэвуша” бачаць у Напалеонавай мятле абяцаньне ратунку ад маскалёў. Стогадовая баба Тэкля з забытае Богам вёсачкі пад Полацкам распавядала мне, што гэта агнявы зьмей з даўгім зыркім хвастом. Нездарма кажуць, што беларусы паходзяць ад цмокаў, стварэньняў паветраных ды зорных. Нарэшце мы знайшлі сабе малодшых братоў ды вестуноў. “Адзнака зьмеепадобная” — палярнае зьзяньне, — нязвыклая ва Ўсходняй Эўропе зьява, адмыслова ўзьнікла, каб паведаміць пра нараджэньне Ўсяслава Чарадзея.

Зоры, як падпарадкаваныя людзі, бываюць падступнымі ды паціху бунтуюцца, шкодзяць. Насылаюць паморкі ды хваробы, як “Злая зорка” Івана Шамякіна ці зорка Палын. Ладзяць масавае самагубства, зоркапад ў арабінавыя ночы, каб выклікаць дзесьці крывавую сечу. Адорваюць “зорнай хваробай”, якое клясычныя беларусы, стварэньні сьціплыя ды ціхмяныя, баяцца як чорт ладана.

Таму толькі закаханым шаленцам дазваляецца іх апяваць. Клапатлівыя маткі засьцерагалі легкадумных дачушак: “Упераш зоры зь неба абяцае, а там качаргу аб цябе зламае”. Часамі нат вершы пісаць небясьпечна. Згадваецца адзін сьсівелы лірык з Гальбартыну, мястэчка пад Слонімам, які дзесяць год адбарабаніў на лесапавале за паэтычную вольнасьць: зарыфмаваў назоў галоўнае газэты краіны, “Звязды”. Адважваўся на гераічны ўчынак хіба Максім Багдановіч. І той схітраваў: назваў зоркай плянэту. Магчыма, таму і пазьбегнуў кары. Адзін горкі лепельскі п’яніца запэўніваў працаўніцу пэўнае лякарні, што хваробу на яго наслала Вэнэра, — за тое, што падглядаў за ёю па начох.

Саветы прынесьлі новую хвалю захапленьня паганскім сымбалем. Ачмураныя прапагандай закаханыя Аркадзя Гэйнэ замест неба вылупліваюцца на Маскву. Выбіраюць сабе па зорцы (адвечная прага прысабечыць што, покуль начальства ня бачыць!). Лірычная паўза. Яна: “Выбрала я самую шчасьлівую, Што ў Крамлі…” Ён: “І выбар наш супаў…” Аматары каштоўных камянёў ня ведалі, што нат гэтая ідэалягічная зброя сфальшаваная: зробленая са шкла, а не з рубінаў.

Застаецца толькі спадзявацца, што нашыя зоры заўжды будуць сапраўднымі й навучаць беларуса быць гаспадаром ня толькі ў небе, але й ва ўласнай хаце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG