Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне пакаралі 3 суткамі актывіста, які не заплаціў штраф “за ўлёткі”


Марыя Ўсьціновіч, Горкі Сёньня ў горадзе Горкі ў Магілёўскай вобласьці дастаўлены ў суд і пакараны трыма суткамі адміністрацыйнага арышту актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Дзям’ян Франкоўскі.

У сёлетнім чэрвені адміністрацыйная камісія Горацкага райвыканкаму аштрафавала Дзям’яна Франкоўскага. Яго абвінавацілі ў “распаўсюдзе ўлётак, якія вырабленыя з парушэньнем устаноўленага парадку”.

Справа актывіста стала шырока вядомая ў Горках таму, што на Дзям’яна Франкоўскага, які перадаваў у партыйныя арганізацыі кааліцыйныя ўлёткі “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”, паскардзіўся чыноўнікам «вэртыкалі» і міліцыянтам пільны кіраўнік мясцовай вэтэранскай арганізацыі.

Сёньня пра гэту гісторыю нагадаю Віктар Франкоўскі, бацька Дзям’яна.

(Франкоўскі: ) “Ён прынёс пачак улётак камуністам, а камуністы разам з вэтэранамі знаходзяцца ў адным кабінэце. Вэтэран разматаў гэты пачак і занёс у міліцыю. Тады ён быў аштрафаваны на адну базавую вялічыню – 19 тысяч рублёў”.

Спадар Віктар мяркуе, што яго сын не плаціў штраф прынцыпова, бо ён не прызнаваў сябе вінаватым. Аднак сёньня за Дзям’янам прыехалі міліцыянты і адвезьлі яго на суд. Паводле словаў Франкоўскага-старэйшага, судзьдзя вырашыў пакараць актывіста трыма суткамі адміністрацыйнага арышту.

Віктар Франкоўскі паведаміў, што міліцыянты не далі яму магчымасьці пагутарыць з сынам.

(Франкоўскі: ) “Я яму перадачу аднёс. Зараз яшчэ панясу цёплыя рэчы на ноч. Але размаўляць зь ім не дазваляюць. Я хацеў паглядзець, у якіх умовах палітычных утрымліваюць, але ніяк не атрымалася”.

Дзям’ян Франкоўскі выйдзе на волю праз тры дні.
XS
SM
MD
LG