Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бок вырашыў не выносіць на галасаваньне ў ААН праект рэзалюцыі аб парушэньні правоў у ЗША


Юры Дракахруст, Прага Беларускі бок прыняў рашэньне не выносіць на галасаваньне Генэральнай асамблеі ААН праект рэзалюцыі аб парушэньні прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека ў ЗША.

Як заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, з самага пачатку мэтай унясеньня рэзалюцыі было не галасаваньне па ёй.

Паводле Савіных асноўнымі мэтамі былі:

– паказаць, што ва ўсясьветнай супольнасьці ні ў кога, у тым ліку ў звышдзяржавы, няма манаполіі на крытыку;

– прадэманстраваць на фактах, што нават у краіны, якая заўсёды прэзэнтуе сябе як узор у галіне правоў чалавека, ёсьць вялікія праблемы з іх выкананьнем;

– падкрэсьліць, што ніводная дзяржава, нават самая моцная, не павінна быць выключана з міжнароднага маніторынгу правоў чалавека.

Як заявіў прэсавы сакратар МЗС, усе пастаўленыя мэты былі дасягнутыя. Дэлегацыя Беларусі на Генэральнай асамблеі ААН зрабіла заяву аб тым, што праект рэзалюцыі ня будзе ставіцца на галасаваньне, і заклікала аўтараў іншых рэзалюцыяў, што тычацца канкрэтных краінаў, зрабіць такім жа чынам.

Нагадаем, што краіны Эўразьвязу і Японія ўнесьлі на разгляд Генэральнай асамблеі праект рэзалюцыі з асуджэньнем палітыкі Беларусі ў галіне правоў чалавека.
XS
SM
MD
LG