Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Гразнова патрабуе прызнаць несапраўднымі выбары ў 110-й акрузе


Юры Дракахруст, Прага Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, намесьніца старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Людміла Гразнова падала скаргу ў мандатную камісію ніжняй палаты Нацыянальнага сходу з патрабаваньнем прызнаць несапраўднымі выбары ў 110-й Партызанскай акрузе сталіцы.

Спадарыня Гразнова заявіла, што падставай для непрызнаньня выбараў павінны стаць "масавыя грубыя парушэньні выбарчага заканадаўства", дапушчаныя падчас парлямэнцкіх выбараў у 110-й акрузе. Паводле словаў Гразновай, да скаргі прыкладзена больш за 20 актаў назіральнікаў, якія сьведчаць аб парушэньнях заканадаўства.

Сярод самых грубых парушэньняў намесьніца старшыні АГП назвала: адмову даваць назіральнікам для азнаямленьня сьпісы выбарцаў; адсутнасьць у назіральнікаў магчымасьці кантраляваць працэдуру падліку галасоў; прысутнасьць на выбарчых участках у дзень галасаваньня пабочных асобаў; раздача ў дзень галасаваньня на ўчастках бясплатнага піва і печыва.

Акрамя таго, у скарзе ўтрымліваецца пералік парушэньняў, дапушчаных падчас выбарчай кампаніі кандыдатам Анатолем Красуцкім, які быў абвешчаны пераможцам у 110-й акрузе.

У прыватнасьці, паводле Гразновай, гэты кандыдат "актыўна выкарыстоўваў адміністрацыйны рэсурс": яму бесперашкодна выдзяляліся для сустрэчаў з выбаршчыкамі памяшканьні на прадпрыемствах і ў арганізацыях, што разьмешчаныя на тэрыторыі акругі. Падчас агітацыйнай кампаніі кожная сям''я бясплатна атрымала газэту "Белорусский тракторостроитель", якая зьмяшчала агітацыйную ўлётку кандыдата Красуцкага і артыкул пра яго.

Усе гэтыя факты, лічыць Людзьміла Гразнова, даюць падставы для непрызнаньня выбараў у 110-й Партызанскай выбарчай акрузе.
XS
SM
MD
LG