Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бізнэсовец абвяргае інфармацыю пра тое, што зьбіраецца будаваць аўтарынак у Нямеччыне


Ігар Карней, Менск Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што менскі бізнэсовец Юры Авяр’янаў зьбіраецца інвэставаць у будаўніцтва найбуйнейшага ў Эўропе аўтарынку пад Бэрлінам болей за 1 мільён эўра. Сам Авяр’янаў называе распаўсюджаную інфармацыю хлусьлівай і заяўляе, што ніякага дачыненьня да такіх плянаў ня мае.

Паведамлялася, што кіраўнік кампаніі “Гандлёвы сьвет “Кальцо” Юры Авяр’янаў набыў у горадзе Бэрнаў тэрыторыю былой вайсковай базы і мае намер усталяваць там 4 тысячы месцаў для гандляроў, пабудаваць гатэль і рамонтную майстэрню. У адпаведнасьці зь бізнэс-праектам, быццам бы плянуецца ўкласьці ў справу 1 мільён эўра. У кампаніі кажуць, што спадара Авяр’янава ніколі не палохалі глябальныя праекты, але пра намер будаваць аўтарынак за мяжой бізнэсовец упершыню вычытаў у паведамленьнях беларускіх агенцтваў.

Я пацікавіўся: можа журналісты выпадкова пераблыталі прозьвішчы інвэстараў, а нехта іншы будаваць аўтарынак у Нямеччыне зьбіраецца? На гэта ў прыёмнай Авяр’янава адказалі: падобныя памылкі ў цывілізаваным сьвеце для выданьня каштавалі бы надзвычай дорага.

Праўда, усё ж застаецца верагоднасьць таго, што Авяр’янаў нешта плянуе, аднак загадзя расказваць пра гэта ня хоча. Віцэ-прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Міхаіл Шавельзон кажа, што для Авяр’янава 1 мільён эўра грошы невялікія і тэарэтычна адаптавацца на нямецкай глебе яму было б няцяжка.

(Шавельзон: ) “Дзеля інвэстыцыяў за мяжу трэба атрымаць дазвол Нацбанку. І мяркую, ён мог атрымаць дазвол на мільён эўра… Экспансія за мяжу — гэта нармалёва. І нельга казаць, што бізнэс зьбягае… Калі Беразоўскі з Расеі зьбягаў, дык ён усё прадаў і зьбег. А гэты ж нічога тут не прадае”.

У зьвязку з наяўнасьцю магчымых шляхоў да адступленьня прыгадваюць і іншы факт зь біяграфіі Авяр’янава. У 2002 годзе Авяр’янаў патрапіў на лаву падсудных у ліку супрацоўнікаў “Гандлёвы сьвет “Кальцо” як падазраваны ва злоўжываньні службовым становішчам. Пасьля першага ж допыту Авяр’янаў зьнік і быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Праўда, неўзабаве абвінавачаньні былі зьнятыя, і ён вярнуўся ў легальны бізнэс.

Сярод рэалізаваных Авяр’янавым праектаў — рэчавы рынак “Дынама”, аўтарынак “Малінаўка”, рынак будаўнічых матэрыялаў ва Ўруччы, клюбы “Макс-шоў” і “Трыкліні”, забаўляльны комплекс “Madison club”. І апошнюю сваю прадпрымальніцкую ўзнагароду Авяр’янаў атрымаў менавіта за арганізацыю працоўных месцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG