Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактара “Барысаўскіх навінаў” абвінавачваюць у паклёпе


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Барысаве заведзена крымінальная справа на рэдактара мясцовага незалежнага выданьня “Барысаўскія навіны” Анатоля Букаса.

Распачала крымінальную справу барысаўская пракуратура. Як вынікае зь яе пастановы, рэдактар Анатоль Букас дапусьціў абразу і паклёп на рэдактара дзяржаўнай барысаўскай газэты. Гаворыць спадар Букас:

(Букас: ) “Я зьмясьціў артыкул “Зьвездануты пастрэл усюды пасьпеў, альбо маўчаньне ягнят”, у якім расказаў пра тое, што Пратасевіч Вера Мікалаеўна, якая ёсьць рэдактарам мясцовай афіцыйнай газэты, так бы мовіць, няроўна дыхае ў мой бок. За паўгоду яна надрукавала ў газэце “Адзінства” тры вялізныя артыкулы, дзе абразіла мяне. Называла пеўнем, студэнтам-недавукам і г. д.”.

Паводле спадара Букаса, ягоная публікацыя стала адказам на выказваньні рэдактара выданьня Барысаўскага гарвыканкаму. У сваю чаргу, спадарыня Пратасевіч лічыць распачатую справу абгрунтаванай:

(Пратасевіч: ) “Я лічу, што не выконваецца элемэнтарная журналісцкая этыка. Калі мы нават у палітычныя пляне праціўнікі, у нас розныя погляды на палітыку, то адстойваць сваю пазыцыю патрэбна, у першую чаргу, цывілізаванай мовай. Але калі чалавек гэтага не разумее, то даводзіцца даказваць яму шляхам звароту ў праваахоўчыя органы”.

Дарэчы, публікацыя, якая справакавала крымінальную справу, зьявілася ў “Барысаўскіх навінах” яшчэ ў сакавіку. Але чаму менавіта цяпер — праз восем месяцаў — журналісцкі канфлікт зацікавіў барысаўскую пракуратуру? Вось што зазначыў на гэты конт Анатоль Букас:

(Букас: ) “Рэч у тым, што спадарыня Пратасевіч абразіла ня толькі мяне, але й яшчэ аднаго барысаўчаніна, Аляксандра Моніча. Яна сказала, што ён паводзіў сябе на выбарым участку, як “пячорны чалавек”. Спадар Аляксандар падышоў да мяне ў рэдакцыю і я сказаў, каб ён падрыхтаваў заяву ў пракуратуру. Магчыма, пра гэта даведалася Пратасевіч і, у сваю чаргу, напісала заяву супраць мяне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG