Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашы людзі прывыклі да цьвёрдай рукі і ахвотна прагаласавалі б за манархію”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Пасьля выбараў і рэфэрэндуму 17 кастрычніка ў многіх нашых слухачоў узьнікла пытаньне: а ці патрэбныя ў Беларусі ўвогуле падзел уладаў і выбарчыя кампаніі, калі і бязь іх загадзя вядома, хто стане пераможцам і нават колькі галасоў набярэ. Роздумам на гэтую тэму, уласнымі фантастычнымі праектамі ды іранічнымі развагамі дзеляцца аўтары некалькіх лістоў, якія мы атрымалі днямі.

“Што кепскага ў тым, што беларусы хочуць жыць менавіта так, а не інакш? — з пытаньня пачынае свой ліст на Свабоду Павал Верабей зь Нясьвіжу. — Ну, не жадаюць яны заходняй дэмакратыі й правоў чалавека, і што з таго? Нашы людзі прывыклі да цьвёрдай рукі, паважаюць сілу. Увогуле, найбольш беларусам была б даспадобы манархія. Бяда толькі, што не было ў нас сваіх Раманавых. Былі калісьці, здаецца, Панятоўскія ды Сабескія — але ж то палякі. А нам патрэбен свой, беларус.

У прынцыпе, манархію магчыма стварыць ад пачатку. Напрыклад, першага караля выбраць усенародным галасаваньнем — і ад яго распачаць дынастычную зьмену ўлады. Дзеля гэтага для пачатку можна правесьці рэфэрэндум і замацаваць зьмены ў Канстытуцыі. Што ў гэтым кепскага? Ёсьць Каралеўства Вялікабрытанія, ёсьць Каралеўства Швэцыя. Чаму ня можа быць Каралеўства Беларусь? Затое якая была б эканомія для дзяржаўнага бюджэту. Ніякіх табе прэзыдэнцкіх выбараў і сварак за ўладу. Памёр кароль — прыйшоў на трон ягоны сын. Дзяржава стабільная, поўны парадак. Усё аднойчы і на стагодзьдзі вырашана”.

Няцяжка здагадацца, Павал, хто ў выніку прапанаванага вамі гіпатэтычнага рэфэрэндуму ды выбараў стаў бы першым беларускім каралём. Вось толькі ці прызналі б яго за свайго манархічныя фаміліі сьвету: там да чысьціні каралеўскай крыві патрабаваньні дужа высокія. Ды і з эўрапейскімі каралеўствамі беларускую манархію вы дарэмна параўноўваеце. Што ў Вялікабрытаніі, што ў Швэцыі кароль — толькі сымбаль, даніна тысячагадовай гісторыі, асоба для цырымоніяў. А рэальная ўлада там належыць урадам і парлямэнтам, якія абіраюцца паводле дэмакратычных законаў. У Беларусі ж вы, наколькі я разумею, хочаце бачыць абсалютную манархію — кшталту тых, што існавалі ў сярэднявеччы. Але тады, напэўна, трэба вяртаць і фэадалаў, і прыгонных, і паншчыну… А згадайце, як потым адбіралі ў каралёў іхную абсалютную ўладу? Што сталася з Бурбонамі ў Францыі ці з Раманавымі ў Расеі? Ня дужа вясёлая пэрспэктыва на гэтым сьвеце ў абсалютных манархаў.

На гэтую ж тэму іранічныя нататкі слухача зь Менску, які падпісаўся як Іван Выбарцаў. Ён піша:

“Паколькі дэпутаты на сёньняшні дзень нічога не вырашаюць і вырашаць у блізкай будучыні ня будуць, то гэты орган улады — Палату прадстаўнікоў — неабходна ўвогуле распусьціць, гэта будзе вялікая эканомія для народу. Доказ непатрэбнасьці Палаты — тое, што ў нас надзейная выканаўчая ўлада. Гэта проста цудадзейная ўлада, часам нават здаецца, яна валодае нейкай чароўнай палачкай. Вось высокі чыноўнік дакладвае прэзыдэнту: “Вашае ўказаньне аб тым, што сёлета ў ВНУ павінна быць прынята болей сельскіх дзяцей (да 11%) выканана. На наступны год абавязуемся давесьці прыём вясковых выпускнікоў да 13%”. А вы кажаце — экзамэны, справядлівае спаборніцтва…

Ці яшчэ цытата, з дакладу міністра ўнутраных справаў: “Дакладваю, што на мітынгу 21 ліпеня прысутнічала, як вы і меркавалі, 150 чалавек” А вы кажаце — імпульсіўная рухавая вуліца. А як ідэальна было выканана распараджэньне Лукашэнкі аб тым, што выбары неабходна правесьці за адзін тур. Проста віртуёзная праца выбарчых камісіяў. І, заўважце, сярод пераможцаў — ніводнага апазыцыянэра. А вы кажаце, выбары — справа сур’ёзная. Проста яны працуюць чараўнікамі”.

Лёгка зразумець вашую, спадар Выбарцаў, іронію. Так бы мовіць, “чараўнікамі” гэтых людзей зрабіла іхнае чыноўніцкае становішча. Выбару ж фактычна няма: альбо дакладваць пра выкананьне даручэньняў, якія сапраўды выглядаюць фантастычнымі, альбо разьвітвацца з высокай пасадай. Выбіраюць, як правіла, першае. На іншае ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы цяжка разьлічваць. Некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў паспрабавалі зрабіць іншы выбар — згадайце, на высокіх пасадах ва ўрадзе працавалі Віктар Ганчар, Юры Захаранка, Міхаіл Чыгір…Іхная нязгода з “генэральнай лініяй” каштавала ім вельмі дорага. І гэты ўрок добра засвоілі ўсе астатнія — тыя, хто засталіся на сваіх пасадах.

Ліст ад Леаніда Сянкевіча з Ваўкавыскага раёну. Слухач піша:

“Да газэтаў цяпер стаўленьне людзей такое ж, як за камуністамі: у іх можна хіба што селядца загортваць. Бо праўды там — ні каліва. Чытаеш “раёнку” — зводкі пра надоі й прывагі, расказы пра перадавікоў ды хвальба раённага начальства. Усё гэтак жа, як было ў 1970–80-я гады. Калі б цяпер зьявілася хоць адна праўдзівая газэта — яна мела б ашаламляльны посьпех на вёсцы. Але, вядома, яе кошт павінен быць такі ж, як у “раёнкі” альбо абласной газэты. “Народная Воля” альбо “Белорусская газета”, гэта для вясковага жыхара занадта дорага. Ды часам і ня надта зразумела. Трэба што-небудзь больш даходлівае, простае, больш навінаў і меней абстрактных роздумаў.

Ведаю, што апазыцыя траціць немалыя сродкі на розныя ўлёткі, семінары, канфэрэнцыі. Тыя ўлёткі арыштоўваюць яшчэ ў друкарні, а ад канфэрэнцыяў — якая карысьць? Лепш бы аб’ядналі намаганьні ды стварылі адну даступную людзям праўдзівую газэту. А то ў раёнах — практычна ніякай альтэрнатыўнай інфармацыі. Жывём, як у нейкім ізалятары”.

Былі, спадар Сянкевіч, такія спробы, і нямала іх было. Можна згадаць газэты “Пагоня”, “День”, “Время”…Зьяўлялася і нямала пасьпяховых рэгіянальных выданьняў. Але, як толькі яны пачыналі павялічваць наклад, здабываць папулярнасьць, у іх тут жа пачыналіся праблемы (ці то з памяшканьнем, ці з рэгістрацыяй, ці з друкарняй, ці з падатковай інспэкцыяй). Напярэдадні рэфэрэндуму ўлады прыпынілі выданьне шэрагу недзяржаўных газэтаў толькі на той падставе, што тыя распаўсюджваліся не ва ўсіх рэгіёнах ці дапусьцілі нязначныя недакладнасьці ў выходных зьвестках.

А тыя нямногія недзяржаўныя газэты, якія працягваюць выходзіць, ставяцца ў няроўныя ўмовы зь дзяржаўнымі. Для іх і друкарскія паслугі даражэйшыя, і распаўсюджваньне, і папера. У выніку іхны кошт значна вышэйшы, чым у дзяржаўных газэтаў. І для небагатага вясковага чытача яны становяцца недаступнымі.

Ліст ад Пятра Лявіцкага зь Берасьця. Слухача па-ранейшаму турбуюць успаміны пра нядаўні рэфэрэндум:

“Хоць і са спазьненьнем, але вымушаны напісаць вам пра тое, што не дае спакою. Акрамя агіды і абразы чалавечай годнасьці, нічога іншага галасаваньне 17 кастрычніка не выклікала. Я галасаваў на ўчастку №31 Брэсцкай Заходняй выбарчай акругі. У сьпісах мяне не аказалася, а жонка была запісаная на дзявочае прозьвішча. Выказаў сваё абурэньне старшыні камісіі й папрасіў, каб у дадатковы сьпіс маё прозьвішча запісалі па-беларуску. Зрабіць гэта адмовіліся, спаслаўшыся на нейкі ўказ, паводле якога ўсе дакумэнты нібыта трэба афармляць толькі па-расейску.

Паспрабаваў знайсьці назіральнікаў. Старшыня паказаў нейкіх дзьвюх жанчын. Ад якой вы партыі? — цікаўлюся. Старшыня залемантаваў: “Не кажыце, гэта забаронена!”. На што я сказаў, што прыкормленыя назіральнікі мне не патрэбныя. Падняўся яшчэ нейкі член камісіі й пачаў пагражаць, што выкінуць мяне з участку. Мне зразумела: рэфэрэндум быў патрэбен толькі дзеля таго, каб у нас зьявіўся пажыцьцёвы дыктатар. І нам давядзецца жыць у адпаведнасьці зь ягонымі ўяўленьнямі пра дабрабыт і дэмакратыю. Зьняважаны быў і я, і мая жонка. Напісаў заяву ў акруговую камісію, але ні карысьці, ні сэнсу ў гэтым, відаць, не было. Цяпер ужо відавочна: усё было палічана загадзя…”

Пасьля 17 кастрычніка мы атрымалі шмат падобных сьведчаньняў, спадар Лявіцкі. Зразумела, што ў сёньняшніх умовах заявы, пратэсты і звароты вялікага плёну прынесьці ня могуць. Але момант, калі грамадзтва вернецца да вынікаў і гэтага, і мінулых рэфэрэндумаў, што адбыліся ў Беларусі за часы кіраваньня Лукашэнкі, рана ці позна настане. Сёньня многім здаецца, што цяпер, калі зьнятыя апошнія абмежаваньні для аўтарытарнай улады, яе панаваньне будзе цягнуцца многія дзесяцігодзьдзі. Але зьмены ў нашай частцы кантынэнту настолькі імклівыя, што Беларусь наўрад ці зможа бясконца доўга заставацца выспай, якая кідае выклік суседзям. Нават калі гэтага вельмі хоча адна асоба.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну і Канстанцін Абелькін зь Менску. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG