Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Ці лічыце вы, што ў Беларусі прыхільна ставяцца да рэлігійных, нацыянальных і сэксуальных меншасьцяў?


Ганна Соусь, Менск З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да мінакоў на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “16 лістапада — Міжнародны дзень талерантнасьці. Скажыце, калі ласка, ці лічыце вы, што ў Беларусі прыхільна ставяцца да рэлігійных, нацыянальных і сэксуальных меншасьцяў?”

(Cпадар: ) “Мне падаецца, што ня вельмі добра ставяцца да рэлігійных, нацыянальных і сэксуальных меншасьцяў, асабліва ў нашай краіне”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што не. Асабліва, калі паслухаць старэйшае пакаленьне, дык гэта ўвогуле… Не, не, не, якая талерантнасьць!”

(Спадар: ) “Адна ідэя, адна партыя, адна рэлігія… Але жадалася, каб было шырэй і цікавей”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ўлады наўрад ці, але большасьць насельніцтва вельмі талерантная ў гэтых пытаньнях”.

(Спадар: ) “Нейкая частка ставіцца да гэтага спакойна, нехта зь недаверам, а нехта нават і варожа. Найперш ад чалавека залежыць, ад яго культуры, выхаваньня, кола стасункаў”.

(Спадарыня: ) “Мне здаецца, што не. А я сама?.. Мабыць, таксама не”.

(Спадар: ) “У афіцыйных выданьнях — так, а на справе — не. Паводле сваёй сутнасьці беларусы ня могуць цярпець розныя меншасьці, сэксуальныя…”

(Спадар: ) “Няма другой такой краіны, як Беларусь, дзе талерантнасьць на самым высокім узроўні. Тут і сынагогі ёсьць, і мячэты, і баптысцкія дамы. А накот сэксуальных меншасьцяў, тут у Беларусі ніяк ўціску ім не было і няма. А асабіста я бы іх вельмі добра паганяў”.

(Спадар: ) “Што да рэлігіі, то ўпор робіцца на праваслаўную канфэсію, а ўсе астатнія крыху ў іншым становішчы”.

(Спадарыня: ) “Што тычыцца сэксуальных меншасьцяў, то я лічу, тут такі правінцыйны падыход у гэтым пытаньні. Большасьць беларусаў лічыць, што сэксуальных меншасьцяў і талерантнага падыходу да іх быць не павінна. А паколькі яшчэ і прэзыдэнт сказаў, што Захад насаджае нам ўсялякага кшталту рэчы... А нацыянальная цярпімасьць… Вельмі бы не хацелася, каб у Беларусі разьвівалася нецярпімасьць да нэграў. Асабліва сярод моладзі ёсьць такога кшталту рэчы”.
XS
SM
MD
LG