Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрымаць нямецкую візу для беларусаў стане яшчэ складаней?


Ул. інф. Нямецкая візавая палітыка мусіць стаць яшчэ больш жорсткай, — лічаць дэпутаты Бундэстагу ад Хрысьціянска-дэмакратычнага і Хрысьціянска-сацыялістычнага саюзаў. Пасьля сёлетняга гучнага скандалу вакол працы нямецкай амбасады ў Кіеве было скасаванае лібэральнае распараджэньне ад 2000 году, калі любы сумнеў нямецкага консульскага чыноўніка мусіў вырашацца на карысьць замежнага грамадзяніна.

У выніку ўсё болей украінцаў, беларусаў, расейцаў, грамадзянаў іншых краінаў пачалі атрымліваць адмову ва ўезьдзе ў ФРН. Аднак гэты захад падаецца хрысьціянскім дэмакратам недастатковым — яны настойваюць на кардынальных зьменах у візавых правілах.

У часе апошніх дэбатаў у Бундэстагу, на якія былі запрошаныя і адказныя прадстаўнікі нямецкага МЗС, хрысьціянскія дэмакраты прывялі факты, што візавыя парушэньні меліся меліся ня толькі ў Кіеве, але і ў Менску, Тыране, Прыштыне. Апазыцыя абвінаваціла міністра замежных справаў Ёшку Фішэра, што ў выніку падобнай візавай практыкі ў Нямеччыне і іншых шэнгенскіх краінах зьявілася вялікая колькасьць крымінальнікаў з былога камуністычнага блёку. Перш за ўсё ідзе гаворка пра злачынцаў і прастытутак, якія трапілі ў Нямеччыну і Аўстрыю зь нямецкімі турыстычнымі візамі.

Паводле дэпутата Бундэстагу ад ХДС Экарда фон Кледэна, у нямецкай візавай палітыцы мусяць адбыцца грунтоўныя зьмены. Былая візавая практыка ў дачыненьні да грамадзянаў Украіны, Расеі, Беларусі, іншых краінаў прывяла да невядомага раней трафіку кантрабанды, беспрэцэдэнтнага гандлю наркотыкамі й жывым таварам.

Як вынікае са зьвестак нямецкіх службаў бясьпекі, на якія спасылаюцца хрысьціянскія дэмакраты, надзвычай лібэральнай візавай сытуацыяй скарысталіся і тэрарыстычныя групы.

Тым часам кіроўныя ў Нямеччыне сацыял-дэмакраты аспрэчваюць прэтэнзіі апазыцыі. Яны лічаць, што сябры ХДС/ХСС зрабілі спробу нанесьці страты самаму папулярнаму нямецкаму палітыку — Ёшку Фішэру. Што да свабодных дэмакратаў, то яны перакананыя, што напярэдадні ўсясьветнага першынства па футболе 2006 году, які праводзіць ФРН, немцы мусяць устрымацца ад жорсткіх захадаў і адпавядаць іміджу гасьціннай і сымпатычнай краіны.

На фотаздымку: Ёшка Фішэр, міністар замежных справаў Нямеччыны
XS
SM
MD
LG