Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва “Партнэрства” выдала кнігу па выніках назіраньня за рэфэрэндумам і выбарамі


Альгерд Невяроўскі, Менск Грамадзянская ініцыятыва “Партнэрства”, якая ў часе выбарчай кампаніі праводзіла незалежнае назіраньне, выдала зборнік “Рэфэрэндум і выбары ў Палату прадстаўнікоў 2004 году. Факты і камэнтары”. На падставе вынікаў назіраньня за выбарамі й рэфэрэндумам, а таксама ўсіх сабраных, сыстэматызаваных і прааналізаваных фактаў парушэньня закону аўтары зборніку робяць выснову, што гэтая кампанія не была свабоднай і дэмакратычнай, а яе вынікі — незаконнныя.

У першай частцы зборніка яго аўтары распавядаюць пра тую палітычную сытуацыю, што склалася ў Беларусі напярэдадні рэфэрэндуму й выбараў. Прэзэнтаваныя ўсе палітычныя сілы, якія ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі. У другай частцы справаздачы зьмешчаныя вынікі доўгатэрміновага назіраньня, якое актывісты й валанцёры “Партнэрства” праводзілі зь ліпеня па кастрычнік ва ўсіх 110 выбарчых акругах Беларусі.

У кнізе падрабязна распавядаецца пра шматлікія зафіксаваныя факты парушэньня беларускага выбарчага заканадаўства падчас папярэдняга галасаваньня і 17 кастрычніка. У справаздачы ёсьць зьвесткі пра колькасьць прагаласавалых датэрмінова па кожнай акрузе. Публікуюцца таксама высновы Місіі міжнародных назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і вынікі апытаньня на выхадзе з выбарчых участкаў, праведзеныя Балтыйскай філіяй Інстытуту Гэлапа.

Гаворыць адзін з укладальнікаў зборніка і кіраўнік ініцыятывы “Партнэрства” Мікалай Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Першая й галоўная выснова, якую зрабіла “Партнэрства”: выбары і рэфэрэндум нельга прызнаць справядлівымі, а вынікі іх законнымі й легітымнымі. І мы спадзяемся, што гэтая кніга даць магчымасьць людзям, якія цікавяцца ў Беларусі палітыкай, ня проста беспадстаўна казаць пра парушэньні. А казаць на падставе канкрэтных дакумэнтаў і фактаў, якія былі зафіксаваныя назіральнікамі. У кожнай акрузе і ў кожнай вобласьці мы прыводзім такія факты”.

Кніга выдадзеная накладам 2 тысячы асобнікаў на беларускай, ангельскай і расейскай мовах. Асобнікі гэтай справаздачы будуць накіраваныя як у беларускія, так і ў замежныя афіцыйныя й праваабарончыя арганізацыі.
XS
SM
MD
LG