Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Пуцін зноў едзе ва Ўкраіну?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносінаў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Валер Карбалевіч: ) “Афіцыйныя матывы плянаванага візыту Пуціна ва Ўкраіну – ня вельмі сур’ёзныя. Тыя пагадненьні, якія нібыта заплянаваныя, гэта ня справа прэзыдэнтаў. Тое, што сам Пуцін уключыўся ў перадвыбарчую барацьбу ва Ўкраіне, ацэньваецца па-рознаму. Ён паклаў на шалі ўвесь свой аўтарытэт. Але ці ёсьць патрэбны вынік? Большасьць экспэртаў лічыць, што карысьці ад такога актыўнага ўмяшальніцтва расейскага прэзыдэнта ў справы другой краіны няшмат. Мяркуецца, што Пуцін дадаў Януковічу ня больш як 1-2% галасоў. Некаторыя сьцьвярджаюць, што, наадварот, актыўны расейскі ўдзел ва ўкраінскіх выбарах дадаў галасоў Юшчанку.

Таму існуюць дзьве вэрсіі прычынаў візыту Пуціна. Згодна з адной вэрсіяй, прэзыдэнт Расеі зьбіраецца яшчэ раз падтрымаць Януковіча, каб сваёй палітычнай вагой схіліць грамадзтва на карысьць прарасейскага кандыдата. Згодна зь іншай вэрсіяй, Пуцін пераканаўся ў невялікім плёне сваёй падтрымкі Януковіча, і таму зьбіраецца зрабіць рэвэранс у бок Юшчанкі. А якое вашае меркаваньне?”

(Кірыл Коктыш: ) “Мэты гэтага візыту, як і папярэдніх, палягае ў тым, каб сканцэнтраваць усю моц Расеі на падтрымку Януковіча. Вага расейскай падтрымкі не 1-2%, а 5-7%. Стаўка на Януковіча — гэта пэрсанальная стаўка Пуціна. Былі надзеі на моц адміністрацыйнага рэсурсу на карысьць Януковіча. Гэты рэсурс спрацаваў. Нагадаю, што ў Крыму колькасьць прагаласавалых была вышэйшая за колькасьць тых, хто там пражывае. Гэтыя галасы былі проста накіданыя. Але вага адміністрацыйнага рэсурсу не перавышала стандартных 7-9% на карысьць Януковіча.

Лёгка было прадказаць, што расейская падтрымка Януковіча раззлавала ўкраінцаў і мабілізавала падтрымку Юшчанкі. Ці пойдзе Ўкраіна зь Юшчанкам на Захад? Думаю, не. Калі Юшчанка быў прэм’ерам, гэта быў час росквіту расейска-ўкраінскіх эканамічных зносінаў і эканамічнага разьвіцьця Ўкраіны. Таму не даводзіцца казаць пра пагаршэньне дачыненьняў Украіны і Расеі ў выпадку перамогі Юшчанкі.

Юшчанка – манэтарыст і лібэрал па сваіх унутраных перакананьнях, але ён выбіраецца левай сацыял-дэмакратычнай большасьцю. Гэта азначае, што ён будзе вельмі абмежаваны ў сваіх дзеяньнях. А ў выпадку перамогі Януковіча будзе адбывацца перадзел украінскай эканомікі — прычым напалову крымінальны”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Хутчэй за ўсё, візыт Пуціна скіраваны на падтрымку Януковіча. Справа ў тым, што вынікі першага туру можна ацаніць як перамогу Юшчанкі. Цяпер там ідзе перагрупоўка палітычных сілаў. Ужо ня толькі сацыялісты Мароза выказаліся ў падтрымку Юшчанкі, але і некаторыя сілы зь лягеру Януковіча перакідваюцца на іншы бок. Напрыклад, Кінах падтрымаў Юшчанку. Таму без расейскай падтрымкі перамога Юшчанкі амаль вызначаная. Пуцін ня можа пагадзіцца з паразаю і едзе на падтрымку Януковіча”.

(Карбалевіч: ) “Чаму ўвогуле Крэмль такую надзвычайную ўвагу надае Ўкраіне? Ствараецца ўражаньне, што імкненьне захаваць Украіну ў якасьці блізкага саюзьніка — гэта для Масквы ўжо праблема ня толькі замежнапалітычная, але і, у нейкім сэнсе, унутрыпалітычная. Гэта пытаньне прэстыжу, пытаньне здольнасьці ажыцьцяўляць хоць нейкія замежныя праекты. Ці згодныя вы з гэтым?”

(Коктыш: ) “Так. Апошнім часам Расея не дэманстравала здольнасьці да нейкіх выніковых дзеяньняў за сваімі межамі. Напрыклад, не дала выніку расейская палітыка ў Малдове, Аджарыі, Абхазіі. Ёсьць у гэтай палітыцы і эканамічны падмурак. Украіна і Беларусь — асноўныя транзытныя краіны для расейскіх энэрганосьбітаў. І калі ў Масквы ўзьніклі праблемы зь Беларусьсю, Крэмль скіраваў свой позірк на Ўкраіну. Бо калі ўзьнікаюць транзытныя праблемы, то ўскладняюцца дачыненьні Расеі з Эўразьвязам.

Таму Пуцін вырашыў пакласьці ўсё на адны шалі, падтрымаць Януковіча. У выніку, калі выкарыстоўваць шахматныя тэрміны, Расея загнала сябе ў цугцванг. Бо нічога не застаецца, як падтрымліваць Януковіча. А гэтая асоба надта ж супярэчлівая. Украінскія палітолягі й палітыкі параўноўваюць Януковіча з Лукашэнкам. І расейскія экспэрты задаюць пытаньне: Пуцін знаходзіцца ў жорсткім канфлікце з Лукашэнкам. Навошта ён прыкладае намаганьні, каб стварыць сабе яшчэ аднаго Лукашэнку, але ва Ўкраіне?

Але гэтая тэма не абмяркоўвался ў расейскім палітычным істэблішмэнце. Гэта было асабістае рашэньне Пуціна. Але нічога іншага, як упарціцца ў памылцы, расейскаму прэзыдэнту не застаецца. Калі расейская стаўка ва Ўкраіне ня дасьць плёну, то гэта будзе нейкім штуршком для зьмены палітычнай сыстэмы”.

(Фёдараў: ) “Роля Ўкраіны ў замежнай палітыцы Расеі ніколі й не зьніжалася. Проста Маскве было цяжка шчыльна займацца гэтым. Інтарэс да Ўкраіны стаў праяўляцца ня толькі цяпер перад выбарамі, а яшчэ ў лютым мінулага году, калі было падпісанае пагадненьне аб стварэньні адзінай эканамічнай прасторы. Найперш, гэта было зроблена, каб прыцягнуць Украіну. Бо калі Ўкраіна будзе рухацца ў заходнеатлянтычныя структуры, як Эўразьвяз і НАТО, то Расея траціць тут вельмі шмат”.

(Карбалевіч: ) “На фоне актыўнага ўдзелу Расеі ва ўкраінскіх выбарах складаецца ўражаньне, што дачыненьні зь Беларусьсю для Масквы адыходзяць на другі плян. Калі параўноўваць зь беларускімі выбарамі 2001 года і нядаўнім рэфэрэндумам, то тут Расея спрабавала заняць нэўтральную пазыцыю. Чаму такая розьніца? Ці Ўкраіна для Расеі больш важная, чым Беларусь? Ці Расея ня бачыла вялікага сэнсу ў нейкім актыўным умяшальніцтве ў беларускія кампаніі?”

(Коктыш: ) “Па-першае, эканомікі Беларусі і Ўкраіны непараўнальныя. Па-другое, структура эканомікі Расеі значна больш падобная на структуру эканомікі Ўкраіны, чым Беларусі. Па-трэцяе, у Масквы мала магчымасьцяў уплываць на Беларусь. Калі ціск нічым не заканчваецца, то лепш нічога не рабіць. Таму такая індыфэрэнтнасьць Крамля да беларускага рэфэрэндуму. Па-чацьвёртае, ва Ўкраіне існуюць моцныя эканамічныя інтарэсы, там ёсьць расейскі капітал. У Беларусі расейскіх эканамічных інтарэсаў амаль няма. Таму ў адносінах да Беларусі існуюць палітычныя інтарэсы, а ў адносінах да Ўкраіны — і эканамічныя, і палітычныя інтарэсы. Гэта і тлумачыць той інтарэс, які Расея праяўляе да ўкраінскіх выбараў”.

(Фёдараў: ) “Безумоўна, Беларусь адышла для Масквы на другі плян. І гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца, калі пераможа Януковіч. Тое, што Расея ня ўдзельнічала актыўна ў беларускіх электаральных кампаніях, тлумачыцца тым, што тут у Масквы не было альтэрнатыўнай асобы. Расея не магла ўплываць і ня бачыла сэнсу гэта рабіць. З тых палітыкаў, якія супрацьстаялі Лукашэнку, Масква нікога не лічыла прарасейскім. Калі я казаў, што Пуцін баіцца, каб Украіна не пайшла на Захад, то я меў на ўвазе, што гэта было ўспрыманьне сытуацыі Расеяй. Я ўпэўнены, што ніхто зь пераможцаў, хто б ні перамог выбарах, ня зробіць радыкальнай зьмены курсу. Калі грамадзтва падзеленае фактычна напалам, гэта немагчыма. І Юшчанка ня будзе радыкальна рухацца на Захад, і Януковіч ня будзе радыкальна рухацца да Масквы.

Гэта нагадвае сытуацыю, калі выбіраўся Кучма, які абяцаў расейскую мову ўвесьці ў якасьці дзяржаўнай і іншае. А потым усё памянялася, і Кучма праводзіў іншую палітыку”.

(Карбалевіч: ) “Мне падаецца, што адна з прычынаў, чаму Расея актыўна ўдзельнічае ва ўкраінскіх выбарах і слаба ўдзельнічае ў беларускіх, палягае ў тым, што ва Ўкраіне сапраўды адбываюцца выбары. Таму там можна на нешта ўплываць. А ў Беларусі электаральныя кампаніі мала падобныя на выбары. Такім чынам, актыўны расейскі ўдзел ва ўкраінскіх выбарах — гэта амаль што першы маштабны замежнапалітычны праект Масквы за апошнія гады. Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, палітыка новага ўкраінскага прэзыдэнта стануць крытэрам эфэктыўнасьці, пасьпяховасьці палітыкі Крамля. Ад гэтых вынікаў шмат у чым будзе залежаць і палітыка Расеі ў дачыненьні да Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG