Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леаніды “вяртаюцца” да Зямлі


Галіна Жарко, Менск Цёмныя лістападаўскія ночы ўпрыгожвае самы вядомы мэтэорны паток – Леаніды. “Зорны дождж” Леанідаў апісаны Уладзімерам Караткевічам у рамане “Нельга забыць”. Але першапачатковая назва твора была іншая: “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”.

На гэтым тыдні можна назіраць зоркапад: Зямля перасякае арбіту пэрыядычнае камэты 55Р/Тэмпэля-Тутля, зь якое сыходзіць гэты мэтэорны паток. Каля 3800 гадоў яго можна бачыць зь Зямлі няўзброеным вокам. Але ў 1998 годзе камэта прайшла пэрыгей і цяпер рухаецца да зьнешніх межаў Сонечнае сыстэмы. Актыўнасьць мэтэорнага патоку будзе зьніжацца.

Я запыталася ў астранома-аматара Аляксея: ці не азначае гэта, што хутка мы Леанідаў не пабачым?

(Аляксей:) “Нашага жыцьця й жыцьця нашых дзяцей хопіць, каб пабачыць гэты мэтэорны паток. Мэтэарыты ляцяць як кавалачкі рэчыва, а калі далятаюць да Зямлі й ўрываюцца ў зямную атмасфэру, дык згараюць ад трэньня з паветрам. Мэтэарыты могуць быць розных колераў. Тут усё залежыць ад хуткасьці іх уваходу ў атмасфэру. Сьляды, якія яны пакідаюць, могуць быць ад чырвонага да блакітнага. Чырвоныя – дастаткова марудныя 25-30 км за сэкунду. Далей праз жоўты й белы колеры яны пераходзяць да сіняга. Сінія – найбольш хуткія – 70-80 км за сэкунду. Леаніды адносяцца да найбольш хуткіх патокаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж надвор’е...”

(Аляксей: ) “Так, надвор’е можа сапсаваць усё. Але зямля будзе пралятаць праз зону з 14 да 21 лістапада. Таму ў любую з гэтых начэй можна будзе назіраць паток Леанідаў. Радыянт патока Леанідаў знаходзіцца ў сузор’і Льва”.

“Ноч плыла над балотамі. І раптам у гэтай начы, аднекуль з зэніту, пакаціліся тысячы хуткіх зеленаватых зьнічак” – напісана ў пралёгу да рамана “Нельга забыць”. Такой карціны, мы не пабачым: Караткевіч апісаў зорны дождж 1866 году. Мэтэорныя дажджы бываюць прыкладна праз 33 гады. (Апошнія былі ў 1966 і 1999). А вось у 1899 г., як чакалася, інтэнсіўнага зоркападу не было. “Фосфарна-зялёны дождж ня падаў на забытыя балоціны й лясы”, напісаў Караткевіч.

Чаму першапачаткова назва рамана “Нельга забыць” была “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”? Леаніды – сымбалічны вобраз. Гераіня рамана мільганула зьнічкаю й пайшла з жыцьця ў 50-я гады ХХ ст. А дзеяньне ў пралёгу рамана адносіцца да пэрыяду, калі паўстаньне Каліноўскага было задушанае. Паводле сямейнае легенды, якая потым пацьвердзілася й дакумэнтамі, сваяк Караткевіча з матчынага боку ўдзельнічаў у паўстаньні на Магілёўшчыне. Паслухаем дацэнта Белдзяржунівэрсытэту Анатоля Вераб’я:

(Верабей: ) “Развагі пра Леаніды – гэта развагі пра зорны час кожнага чалавечага жыцьця. Гэта прага чалавека да ідэалу. Адным з самых любімых пісьменьнікаў Караткевіча быў Багдановіч. Памятаеце Багдановічавы радкі “Нашто ж на Зямлі сваркі й звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор”.

Арыгінальная, цікавая й зьмястоўная назва “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”. Раман напісаны ў 1960-62 г.г. Упершыню скарочаны варыянт быў надрукаваны ў часопісе “Полымя”. Потым далі нэўтральную назву “Нельга забыць”.

У 1963 г. плянавалася выданьне асобнае кнігі, якая павінная была называцца “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”. У кнігу павінныя былі ўвайсьці аднайменны раман і аповесьць “Дзікае паляваньне караля Стаха”. Але заканчвалася хрушчоўская адліга, у Беларусі таксама пачалі шукаць людзей, якія “ня так” думалі. Караткевіча абвінавацілі ў “абстрактным гуманізме”, і кніга была рассыпаная.

Напачатку 1980-х плянавалася выданьне кнігі пад назваю “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”, але якраз ня стала Леаніда Ільліча Брэжнева і сказалі: “Што гэта за намёк? Каб ніколі не вярталіся Леаніды?!” А вось у чэскім перакладзе раман Караткевіча так і называецца “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”.

А ці назіраў сам Караткевіч падзеньне мэтэарытаў, якое ён апісвае ў рамане? Вядома, што ён быў выдатным астраномам-аматарам. Зь 1956 да 1958 году, працуючы настаўнікам расейскае мовы й літаратуры ў Оршы, ён кіраваў астранамічным гуртком.

Нагадаем, што сёлета максымум актыўнасьці Леанідаў прыпадае на 17 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG