Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бясьпечна есьці рыбу, злоўленую ў Сьвіслачы?


Міхал Стэльмак, Менск З надыходам халадоў завяршаецца летні сэзон для беларускіх аматараў рыбнага лову, і тыя, хто не займаецца ім узімку, складваюць свае вуды да вясны. Выпраўляюцца на зімовыя канікулы і тысячы жыхароў Менску, якія рыбачылі ў гарадзкой зоне Сьвіслачы. Наш карэспандэнт сустрэўся зь імі, каб высьветліць пра адметнасьці рыбалкі ва ўмовах мэгаполісу.

Чаму многія менчукі рыбачаць “на асфальце”, у той час як Беларусь мае мноства вялікіх і дробных рэчак і азёр? Як вынікае з тлумачэньняў сталічных рыбакоў, зь якімі я гутарыў, непадалёку ад Менску багатых на рыбу рэчак і азёр фактычна няма. Рэкі Нёман, Бярэзіна, азёры Нарач, Кромань альбо Сялява, дзе больш-менш рыба водзіцца – гэта няблізкі сьвет. Але самае галоўнае – вялікія транспартныя выдаткі. І таму далёка ня кожны апантаны рыбак, сярод якіх шмат пэнсіянэраў, студэнтаў і школьнікаў, можа дазволіць сабе выехаць на рыбалку за сотню-паўтары кілямэтраў ад сталіцы.

Па-другое, некаторыя з рыбакоў, якія раней выяжджалі вудзіць рыбу ў ваколіцы Менску, зараз зьмянілі сваё стаўленьне да рыбалкі ў гарадзкіх умовах. Вось, напрыклад, што патлумачыў мне на гэты конт адзін з такіх рыбакоў Павел Малашка:

(Малашка: ) “Раней я ўсё езьдзіў абы-куды. Напрыклад, на Менскае мора. Не клюе і не клюе. Яно ў тым сэнсе бруднае, што з палёў цякуць угнаеньні, пачынаюць расьці сіне-зялёныя водарасьці, і рыба задыхаецца. А я тут паблізу жыву, дык я вырашыў праверыць, што тут атрымаецца ў мяне. І карасёў лавілі, і падлешчыкаў такіх, грамаў па 800. Магу сказаць, што цяпер рыбы шмат стала. Калі яе многа, дык тады яна добра клюе. Таму што ёй натуральнага корму не хапае. І рыба тут, і вада – чыстыя”.

Паводле словаў спадара Малашкі, рыба, здабытая ў Сьвіслачы, бясьпечная для ўжываньня. Аднак менскія рыбакі маюць на гэты конт палярныя меркаваньні. Адна частка мяркуе, што ў апошнія гады зьменшылася колькасьць брудных сьцёкаў – прамысловых і бытавых адкідаў, якія трапляюць у Сьвіслач, і з гэтай прычыны, маўляў, забруджанасьць сьвіслацкай вады, а зь ёй і рыбы, зьнізілася. Таму прадстаўнікі гэтай часткі сталічных рыбакоў лічаць, што ўжываньне ў ежу вылаўленай у горадзе рыбы не нясе іх здароўю ніякай пагрозы.

Але ёсьць і іншая група рыбакоў, якія лічаць сьвіслацкіх карасёў ці акунёў непрыдатнымі для ежы, а вудзяць яны рыбу толькі дзеля, так бы мовіць, спартовага інтарэсу. У іх ліку, напрыклад – мой наступны суразмоўца, 14-гадовы рыбак, які вучыцца ў адной зь менскіх школ:

(Славінскі: ) “Мяне завуць Славінскі Андрэй”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі маеш рыбацкага стажу?”

(Славінскі: ) “Чатыры гады”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ловіш ты рыбу ў горадзе?”

(Славінскі: ) “Лаўлю. Плотак, падлешчыкаў, карасёў. На Нямізе тут наогул кепска лавіць. Брудна. Часам трапляецца саліцёр. Хвароба такая. Жыву ў Лошыцы, і ў мяне там Чыжоўскае вадасховішча. І там лаўлю карасёў. Спачатку еў, хаця і зь непрыемным пахам, а зараз лаўлю, але ня ем. Яе назад выпускаю”.

А што кажуць наконт харчовай якасьці сьвіслацкай рыбы адмыслоўцы? Дзіўна, але факт: тыя дзяржаўныя структуры, каму належыць ведаць пра якасьць гэтай рыбы з пункту гледжаньня харчовай бясьпекі, дасьледаваньняў на яе не праводзілі. У прыватнасьці, вось што зазначыла ў гутарцы са мной намесьніца галоўнага санітарнага лекара Менску Натальля Жукава:

(Жукава: ) “У нас дадзеных пра якасьць вылаўленай у рэчцы рыбы няма. Я ня помню такога выпадку, каб рыбакі прыносілі да нас у гарадзкі цэнтар рыбу на дасьледаваньне. Калі ў іх ёсьць сумнеў, то хай прынясуць свой улоў у нашу лябараторыю, напішуць заяву, і мы абсалютна бясплатна дасьледуем рыбу на тыя паказьнікі, якія іх цікавяць”.
XS
SM
MD
LG