Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Круглым адключаюць электрычнасьць у кватэрах людзей, якія маюць запазычанасьці за камунальныя паслугі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць З пачаткам ацяпляльнага сэзону мясцовыя ўлады пачалі ўжываць жорсткія захады супраць тых, хто мае запазычанасьць у кватэрнай плаце. Прынамсі, у раённым цэнтры Круглае, што на Магілёўшчыне, неплацельшчыкам адключаюць электрычнасьць. Без сьвятла ў асноўным застаюцца людзі маламаёмасныя, у ліку якіх інваліды і сем’і, якія маюць малых дзяцей.

Пачну з адной жыцьцёвай гісторыі. Жыхарка Круглага працуе ў саўгасе і жыве ў інтэрнаце. Заробак у сельскай гаспадарцы малы і нерэгулярны, таму няма чым было плаціць за кватэру. На сялянку падалі ў суд, і паводле яго рашэньня яна плаціць 20% ад свайго заробку, каб паступова вярнуць запазычанасьць.

Між тым днямі ў пакоях жанчыны ледзь не адключылі сьвятло. Выратавала тое, што разам зь ёй жыве сям’я дачкі, дзе два месяцы таму нарадзілася дзіця. Вось уражаньні маладой маці, якая пасьля пошукаў праўды ў чыноўніцкіх кабінэтах падала заяву ў пракуратуру:

(Спадарыня: ) “Ведаеце, колькі хадзіла з аднаго кабінэта ў іншы, дык дасылалі, груба кажучы – як анучу кідалі, туды-сюды. І нідзе нельга было дамагчыся праўды. Беззаконьне поўнае ў нас творыцца”.

Гэтая гісторыя далёка не адзіная. Мне скардзілася яшчэ адна жанчына, інвалід, якой электрычнасьць ужо адключалі чатыры разы. Сытуацыя аднолькавая – няма грошай, запазычанасьць за кватэру, суд і рашэньне аб адлічэньні працэнтаў і… захады жыльлёвай гаспадарцы, якая патрабуе ўсе грошы тэрмінова. Вось што гаворыць жанчына-інвалід:

(Іншая спадарыня: ) “Перад выбарамі яны ўсім інвалідам пайшлі і падключылі. Выбары скончыліся, і яны зноў пайшлі “шастаць”. Ну як я магу пагасіць запазычанасьць за кватэру, калі мне на рукі застаецца толькі 100 тысяч? Трэба ж жыць, харчавацца і лекі набываць”.

Як улады аргумэнтуюць свае захады і чаму яны ціснуць на людзей насуперак судовым рашэньням? У Круглянскай жыльлёва-камунальнай гаспадарцы такія дзеяньні лічаць законнымі і эфэктыўнымі. Кіраўнік Уладзімір Мелех паведаміў, што днямі плянавалі адключыць 10 неплацельшчыкаў, дык тры зь іх тэрмінова заплацілі грошы.

Між тым у абласной управе жыльлёва-камунальнай гаспадаркі такія ініцыятывы не ўхваляюць і рэкамэндуюць змагацца з неплацельшчыкамі толькі ў судзе. Аднак круглянскія кіраўнікі маюць на гэты конт сваё меркаваньне. Гаворыць Уладзімір Мелех:

(Мелех: ) “Паводле суду, яны будуць выплачваць да другога прышэсьця. Пачынаецца новы ацяпляльны сэзон. Будзем і далей адключаць тых, хто мае запазычанасьць”.

Прытрымлівацца законаў заклікае круглянскія ўлады дэпутатка раённага савету Зінаіда Мялешчанка. Яна цяпер дапамагае людзям, якім пагражаюць адключэньнем электрычнасьці. Спадарыня Зінаіда нагадвае чыноўнікам, што людзі ня могуць заплаціць за камунальныя паслугі не таму, што ня хочуць, а таму, што ў іх малая заработная плата і няма грошай.

(Мялешчанка: ) “Зарплата сельскіх жыхароў складае траціну ад камунальных плацяжоў. Гэта ня іх віна, што яны трапляюць у такую сытуацыю. Гэта віна дзяржавы, якая ня можа забясьпечыць іх дастойным жыцьця заробкам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG