Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 лістапада нарадзіліся Гершэль, Гаўптман, Квасьнеўскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 14 і 15 лістапада

Спачатку – каляндар учорашняе нядзелі.

14 лістапада ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюцца Кузьма і Дзям’ян, якіх нашыя продкі лічылі апекунамі кавалёў, шаўцоў, земляробства і вясельляў. А ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы супраць дыябэту.

14 лістапада 1812 году каля беларускай вёскі Студзёнка на беразе Бярэзіны пачаўся вялікі бой паміж напалеонаўскай арміяй і расейскім войскам. Бой цягнуўся 3 дні. Французы ўжо адступалі з Расеі, і гэтая сеча канчаткова замацавала перамогу расейцаў. Французы й іхныя саюзьнікі згубілі падчас Бярэзінскае апэрацыі 70 тысячаў чалавек, што зрабіла немагчымым далейшыя баявыя дзеяньні Напалеона. А сам імпэратар, кінуўшы, як кажа паданьне, усе свае скарбы недзе ў бярэзінскіх балотах, уцёк проста ў Парыж. Нарабаванае імпэратарам золата ў тутэйшых мясьцінах дагэтуль не дае спакою скарбашукальнікам.

14 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі паэт Паўлюк Багрым, які застаўся ў гісторыі і літаратуры адным вершам, паэт Міхась Васілёк і літаратуразнаўца Міхась Ларчанка.

І цяпер – памятныя даты сёньняшняга календара.

15 лістапада 1982 году ў Маскве адбываецца пахаваньне Леаніда Брэжнева, канец савецкай стабільнасьці і хуткі канец эпохі застою. Калі труну Брэжнева апускалі ў магілу, яна абарвалася і з грукатам паляцела ўніз. Брэжнеў стаў дзесятым у шэрагу савецкіх кіраўнікоў, якіх пахавалі ля крамлёўскай сьцяны. Да яго там зьявіліся магілы Сьвердлава, Фрунзэ, Дзяржынскага, Калініна, Жданава, Сталіна, Варашылава, Будзёнага і Суслава.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 15 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня ангельскага астранома Ўільяма Гершэля, які адкрыў плянэту Ўран, нямецкага драматурга і паэта, Нобэлеўскага ляўрэата Герхарда Гаўптмана і польскага прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага, які прыйшоў на сьвет у 1954 годзе. Гэта значыць, што сёньня яму – 50 гадоў.

Праўда, як вынікае з календара, знакамітыя людзі ў 15 лістапада радзей нараджаліся і часьцей пакідалі гэты сьвет. У розныя гады 15 лістапада ня стала чэскага пэдагога Яна Амоса Каменскага, аднаго з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году ў Беларусі Якуба Гейштара, польскага пісьменьніка, нобэлеўскага ляўрэата Генрыка Сянкевіча, францускага артыста Жана Габэна, нямецкага кампазытара Крыстофа Вілібальда Глюка.
XS
SM
MD
LG