Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет рэспублікі пакуль застаецца без прэзыдэнцкіх прызначэнцаў


Алесь Дашчынскі, Менск 15 лістапада адкрыецца першая сэсія новага складу Савета рэспублікі, верхняй палаты Нацыянальнага сходу. Чакаецца, што сэнатары абяруць старшыню палаты й ягонага намесьніка. Але дагэтуль прэзыдэнт не прызначыў у палату восем сваіх сэнатараў. Няўжо гэтыя важныя кадравыя пытаньні будуць вырашацца без удзелу прэзыдэнцкіх прызначэнцаў?

Паводле незалежных назіральнікаў прэзыдэнт наогул не надае асаблівай ўвагі Савету рэспублікі, які ня мае вялікага ўплыву на сытуацыю ў краіне. 8 месцаў у верхняй палаце прэзыдэнт трымае хіба дзеля таго, каб уладкаваць пры патрэбе асобных чыноўнікаў. Да прыкладу, пасьля адстаўкі прэм’ер-міністра Генадзя Навіцкага кіраўнік краіны прызначыў яго ў Савет рэспублікі.

Іначай тлумачыць адсутнасьць прэзыдэнцкіх прызначэнцаў у Савеце рэспублікі сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) “Справа ў тым, што прэзыдэнт заканадаўствам не зьвязваецца нейкімі канкрэтнымі тэрмінамі. Ён можа прызначыць да пачатку адкрыцьця першай сэсіі, а можа і пазьней, гэта ягонае права. І як правіла робіць так: частку прызначае да адкрыцьця першай сэсіі й пакідае вакансіі. Цягам тэрміну паўнамоцтваў Савета рэспублікі магчымыя будуць дапаўненьні з боку прэзыдэнта. Як ён зробіць у гэты раз, гэта залежыць толькі ад яго”.

Паводле прэсавага сакратара прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч прэзыдэнцкія сэнатары пакуль не прызначаны.

(Пяткевіч: ) “Прэзыдэнт не абавязаны прызначаць 8 чалавек абавязкова заўтра, ён можа цягам усяго тэрміну паўнамоцтваў парлямэнта скарыстаць гэтае паўнамоцтва”.

У любым выпадку, прызначыць прэзыдэнт сваіх прадстаўнікоў ці не, паседжаньне Савета рэспублікі будзе правамоцным, бо абрана дзьве траціны ад поўнага складу. Нагадаю, сёлета выбары ў абласьцях і ў Менску прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове.

Сярод мінулых прэзыдэнцкіх прызначэнцаў – старшыня перадвыбарчага штабу прэзыдэнта Лукашэнкі Мікалай Чаргінец, які неаднойчы казаў у інтэрвію пра гатовасьць працаваць у Савеце рэспублікі. Два тэрміны запар ён ачольваў камісію па міжнародных справах. Ці будзе ён удзельнічаць у пасяджэньні сёньняшняй сэсіі?

(Чаргінец: ) “Ня ведаю, справа ў тым, што я ж яшчэ не прызначаны. Усё залежыць ад апошняга дакумэнта. Калі будзе ўказана, буду працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Усё ж такі маглі б прызначыць людзей, каб загадзя яны ведалі…”

(Чаргінец: ) “Гэта такая справа, калі час ёсьць яшчэ. Працаваць галоўнае, а ня бегаць, не глядзець, гэта…Вось такія справы”.

Мікалаю Чаргінцу споўнілася 67 гадоў, а гэта азначае, што ён дасягнуў гранічнага ўзросту, устаноўленага для знаходжаньня на дзяржаўнай службе. Але ўлічваючы тое, што ў Савет рэспублікі абраны 71-гадовы Анатоль Малафееў, які дагэтуль сядзеў у Палаце прадстаўнікоў, то месца сэнатара для спадара Чаргінца, магчыма, і пакінуць. Але ці можа спадар Малафееў скласьці яму канкурэнцыю на пасадзе старшыні камісіі па міжнародных справах? Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Шчыра кажучы, я ня ведаю абсалютна. Я ж толькі прыляцеў са Злучаных Штатаў, дык тут у мяне сваіх спраў хапае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG