Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Арафат


Сяргей Дубавец, Вільня Палестынская аўтаномія пасьля Арафата і Беларусь пасьля Лукашэнкі – схаваныя паралелі й пабудова нацыі. Новая перадача сэрыі “Вострая Брама”.

Калі задацца пытаньнем – якога палітыка за ўсё сваё жыцьцё мы бачылі ў тэлевізары найбольшую колькасьць разоў, адказ будзе наступны – Ясіра Арафата. Прынамсі, людзей сталага пакаленьня гэтае няголенае аблічча ў клятчастай хустцы суправаджае праз усё жыцьцё. Хоць пры гэтым далёка ня кожны з нас ведае, хто такі Арафат і чаму мы мусім надаваць яму столькі ўвагі. Але вось настойлівая прысутнасьць гэтага чалавека ў нашым жыцьці скончылася. І гэта – нагода адказаць на ўсе незразумелыя пытаньні. Сёньня мы зробім гэта разам з маім калегам, віленскім журналістам і палітолягам Віталём Каракорскім.

Чаму так многа заўсёды было Арафата ў нашым інфармацыйным полі?

(Каракорскі: ) “Я думаю, справа ў асобе самога Ясіра Арафата. І потым мы так доўга бачылі яго таму, што ён вельмі сябраваў з Савецкім Саюзам. І без дапамогі Савецкага Саюзу, бяз тых мільёнаў і зброі, якую СССР даваў Арафату, можа, гэтага фэномэну й не было б наогул”.

Выглядае, што і Арафат – прадукт СССР. Як і іншыя харызматычныя лідэры, кшталту кубінскага дыктатара Фідэля Кастра альбо гадаванца і апалягета савецкіх парадкаў Аляксандра Лукашэнкі. Савецкі Саюз сышоў, але засталіся апошнія партызаны ягонага войска і ягонай ідэалёгіі. Праўда, Арафат вылучаецца з названага шэрагу сваёй ці то беспрынцыпнасьцю, ці то манэўровасьцю.

(Каракорскі: ) “Што цікава, калі зьнік Савецкі Саюз, ён адразу пачаў сябраваць з амэрыканцамі, з Эўразьвязам, з Францыяй асобна”.

(Дубавец: ) “Але калі на экранах нашых тэлевізараў ён зьявіўся дзякуючы свайму сяброўству з Савецкім Саюзам, дык жа і пасьля распаду СССР ён з экранаў ня зьнік...”

(Каракорскі: ) “Ня зьнік, таму што пайшоў так званы мірны працэс, імітацыя працэсу. Ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію за тое, што падпісаў умовы ў Осла. І прэмію далі за подпіс. Не за рэалізацыю гэтых умоваў, а за подпіс. Умовы, як ты ведаеш, не рэалізаваныя. Няма міру на Блізкім Усходзе. Я ня ведаю, ці можна даваць Нобэлеўскую прэмію авансам, але яму вось далі. І яшчэ ён добры актор, ён вельмі добра разумеў піяраўскую частку палітыкі, інтуіцыйна. Вось гэтая хустка...”

(Дубавец: ) “Клятчастую хустку Арафата так і называлі – арафатаўкай...”

(Каракорскі: ) “Мы бачым цяпер, як у Палестынскай аўтаноміі складана ідзе пошук – хто будзе ўзначальваць аўтаномію. Няма лідэра. Як усе аўтарытарнага тыпу кіраўнікі, Арафат зьнішчыў вакол сябе ўсіх патэнцыйных лідэраў. Зьнішчыў палітычна і, я ўпэўнены, фізычна. Засталіся ўсе гэтыя бюракраты ў цывільных строях, якія не зьяўляюцца сымбалямі. Хто зараз гэтую хустку, гэтую шапку манамаха надзене? Няма такіх”.

(Дубавец: ) “Аўтарытарныя і харызматычныя кіраўнікі звычайна – вялікія містыфікатары. І пачынаецца іхная містыфікацыя з таямніцы паходжаньня...”

(Каракорскі: ) “Кожны палестынец ведае, што Арафат палестынец, але які ён палестынец? Ён нарадзіўся ў Каіры, у Эгіпце. Але ён узначаліў палестынскую справу і пры гэтым добры бізнэс з гэтай справы рабіў. Да апошняга дня атрымліваў грошы – ад Амэрыкі, ад Эўропы, ад Ізраіля. Ізраіль даваў грошы, каб быў гэты самы мір, каб быў гэты працэс. І вось што атрымалася: Палестына – вельмі бедная краіна, народ Палестыны – вельмі бедны народ, а Ясір Арафат быў вельмі багатым чалавекам. І зараз ніхто ня ведае, дзе ўсе ягоныя рахункі”.

(Дубавец: ) “Пасьля таямніцы паходжаньня таямніца грошай ці рахункаў – другая характэрная рыса аўтарытарнага кіраўніка. Кажуць, прэзыдэнцкі фонд лідэра Беларусі перавышае дзяржаўны бюджэт. Але ніхто ня ведае, што гэта такое. Сам першы прэзыдэнт час ад часу выдаткоўвае сродкі, падкрэсьліваючы, што бярэ іх не зь дзяржаўнага бюджэту, але адкуль – ня кажа. Маўляў, народу такія матэрыі ведаць непатрэбна. Цяпер пра рахункі Лукашэнкі гаворыцца ўжо ў “Акце аб дэмакратыі ў Беларусі”. Натуральна, сам прэзыдэнт скажа, што ягоны фонд – гэта грошы Беларусі. Але прыклад Арафата паказвае, як лёгка ў гэтай справе зьмяняюцца акцэнты. Грошы, якія ўчора былі грашыма Палестынскай аўтаноміі, сёньня аказаліся грашыма Арафата і ніхто ня ведае, дзе яны. Перадумова такіх хітрыкаў – гэта наяўнасьць усялякіх па-за бюджэтных фондаў і адсутнасьць грамадзкага кантролю за імі.

Нарэшце, трэці атрыбут дыктатара – гэта таямніца ягонага сыходу. Харызматычны лідэр ніколі не пакідае гэты сьвет так, як звычайны чалавек. Ягоная сьмерць аплеценая сакрэтамі і ніколі не бывае годнай. І сьмерць Арафата – не вынятак з гэтага правіла. Колькі дзён мы назіралі падключанага да мэдычных апаратаў палестынскага кіраўніка, але толкам нічога зразумець было немагчыма”.

(Каракорскі: ) “Ёсьць такая думка, што менавіта таму доўгі час яму не адключалі гэтыя апараты, бо спадзяваліся, што ён яшчэ нешта скажа пра гэтыя рахункі”.

(Дубавец: ) “Калі так навязьліва і часта паказвалі рэпартажы пра апошнія дні ягонага жыцьця, было адчуваньне, што ня ўсё чыста ў гэтай гісторыі. Быццам яго наўмысна хацелі прыбраць. І сам Арафат у часе пераезду ў Францыю выглядаў неяк неадэкватна, як чалавек жывы, але пазбаўлены волі. І дыягназ яму ніяк не маглі паставіць, а калі паставілі, дык выглядаў ён на адчэпку. Як наша беларуская сардэчная недастатковасьць, якую ў нас найчасьцей ужываюць, калі сапраўдны дыягназ невядомы, або калі доктар хоча схаваць свае памылкі, або, урэшце, калі чалавек наўмысна быў даведзены да сьмерці. А потым – блытаныя паведамленьні – то ён у коме, то ня ў коме... Калі ўвесь сьвет так уважліва сочыць за здароўем Арафата, які ўтрымліваецца ў салідным вайсковым шпіталі ў інфармацыйна адкрытай Францыі, а разам з тым ідуць такія супярэчлівыя паведамленьні, дык усё гэта пачынае нагадваць гульню. Як і развагі пра тое, дзе Арафата пахаваць, у часе, калі той яшчэ жывы і паводле некаторых паведамленьняў, паміраць не зьбіраецца. Каму быў выгадны сыход Арафата?”

(Каракорскі: ) “Я ня думаю, што гэта зрабілі ізраільцяне, таму што як палітык ён для Ізраіля памёр прыблізна два гады таму, калі яго ізалявалі, і Шарон, ізраільскі прэм’ер, сказаў, што гэта не партнэр, няма партнэра. А што там у палестынскім кіраўніцтве рабілася – хто яго ведае. Я толькі скажу, што гэты элемэнт містыфікацыі быў да апошняй хвіліны: памёр – не памёр. І зараз яго пахаваюць у ерусалімскай зямлі, прывезьлі пяску зь Ерусаліму. Пахаваюць часова, яны кажуць”.

(Дубавец: ) Я хачу спыніцца на гэтым часовым пахаваньні. Дакладней, на атмасфэры падвешанага стану, у якой звычайна і ствараецца фэномэн аўтарытарнага кіраўніка. Беларусь таксама “не зусім” дзяржава. Усе атрыбуты нібыта ёсьць, але будучыня самастойнай дзяржаўнасьці сродкамі прапаганды пакідаецца пад пытаньнем. Лукашэнка ўвесь час стрымлівае натуральны працэс даафармленьня беларусаў у паўнавартасную нацыю, а Беларусі – у паўнавартасную краіну. І гэты падвешаны стан – адзіна магчымае асяродзьдзе для ягонае палітыкі – такой, якая яна ёсьць”.

(Каракорскі: ) “Усё роўна павінна некалі гэтая дзяржава Палестынская стаць дзяржавай. І Ізраіль, мне здаецца, зацікаўлены, каб была дзяржава і кіраўніцтва яе было б адказнае за гэтую дзяржаву. Але Арафату быў патрэбны сам працэс. У 2000 годзе ізраільскі прэм’ер Барак аддаваў і палову Ерусаліму і ўвесь заходні бераг. Перамовы ішлі ў Кэмп-Дэвідзе. А Арафат ня ўзяў. Не захацеў. Яму непатрэбная была гэтая дзяржава. Яму – абы працэс, хаос, грошы...”

(Дубавец: ) “А давершаная дзяржава – гэта адзіны і празрысты бюджэт, грамадзкі кантроль... Параўнаньне зь беларускай сытуацыяй зусім яскравае”.

(Каракорскі: ) “І там і тут – імітацыя працэсу. Там імітацыя працэсу пабудовы палестынскай дзяржавы і імітацыя мірнага працэсу з Ізраілем. А тут імітацыя працэсу аб’яднаньня з Расеяй – ёсьць саюз і няма саюзу. І тое самае. Мэта нішто, галоўнае – рух, сустрэчы, падпісаньне папераў, парлямэнт – не парлямэнт... І нічога. Няма гэтага аб’яднаньня. Колькі гадоў, і нічога няма. Няма і ня будзе. Калісьці дыктатары будавалі моцныя дзяржавы. Сталін, Гітлер... А сучасныя дыктатары – яны імітатары. Ён імітуе працэс. Гэта тое агульнае, што ёсьць у Лукашэнкі з Арафатам”.

(Дубавец: ) Усё ж такі ў чым гэты фэномэн, калі адзін чалавек на працягу многіх гадоў магнэтызуе масы. Прычым поступу няма, краіна ўвесь час у падвешаным стане, а народ галасуе за тое, каб ніякіх пераменаў не было. Палестынцы з пакаленьня ў пакаленьне бачаць, што нічога не зьмяняецца. І не жадаюць, каб нешта зьмянялася. Але зьмены ўрэшце надыходзяць самі – біялягічным парадкам. Яны для народу – як раптоўны выбух – вось адказ на стабільнасьць, якая трымаецца на адным чалавеку. Народ па-сутнасьці ніяк ня можа ня толькі паўплываць на свой уласны лёс, але ён ня можа нават прагназаваць, калі адбудзецца гэты выбух. Арафат памёр. Што будзе цяпер?”

(Каракорскі: ) “Будзе хаос. Мне здаецца, што ён будзе большы, чым быў. Таму што тыя бюракраты ў цывільных строях, якія прыйшлі, ня маюць той харызмы Арафатавай. Няма такой фігуры, якой быў Арафат...”

І на ўсю Палестыну стаіць знаёмае пытаньне – а хто калі ня ён?

А можа, каб працэс будаваньня дзяржавы перастаў падмяняцца імітацыяй гэтага працэсу, і ня трэба ніякага харызматыка, а наадварот – трэба, каб стварылася сыстэма падзелу ўлады на моцныя і незалежныя кампанэнты. Ніводная з сучасных найбольш разьвітых краінаў ня мае харызматычнага лідэра, які згроб усю ўладу ў свае рукі.

Інакш кажучы, няма сэнсу замяняць “дрэннага” Лукашэнку “добрым” Лукашэнкам ці тым, хто непазьбежна ператворыцца ў Лукашэнку пры такой сыстэме ўлады. Тут можна толькі зьмяніць усю сыстэму цалкам. І можа быць, у палестынцаў якраз зьявіўся шанец зрабіць такі крок на шляху поступу і цывілізацыі.

(Каракорскі: ) “Я скажу так – пэўны час будзе хаос. Барацьба за ўладу – натуральная сытуацыя. А потым напэўна ж будзе гэтая дзяржава палестынская. Увогуле справа добрая, калі калектыўна, калі ёсьць выбарнасьць, калі гэта ўсё будзе. Але што гэта будзе адразу, заўтра, дык дакладна не. Калісьці будзе. І я на гэта спадзяюся, таму што гэта добра будзе ўсім. Але зараз я магу прагназаваць толькі далейшы хаос”.

Напэўна, і сыход Лукашэнкі, калі б і ў якой бы форме ён ні адбыўся, таксама прывядзе да хаосу. Бо калі ўся ўлада ў адных руках і калі яна з гэтых рук выпала, яе, па ідэі, мусіў бы падняць іншы суб’ект палітыкі, такі ж усемагутны, як Лукашэнка.

Але дыктатар паклапаціўся, каб такіх асобаў не было, каб былі дашчэнту аслабленыя партыі, каб быў абсалютна аморфны і бязвольны парлямэнт, каб суды ня ведалі, што ім рабіць, калі няма загаду прэзыдэнта. Словам, увесь парадак трымаецца толькі на адным чалавеку.

Пару гадоў таму мы ўжо спрабавалі ў “Вострай Браме” разьвязаць араба-ізраільскі канфлікт. Ты тады казаў, што Ізраіль павінен стаць эўрапейскай дзяржавай – з канстытуцыяй, з роўнымі абавязкамі для ўсіх грамадзянаў і зь меншай роляй рэлігіі ў жыцьці краіны. А палестынцы павінны перастаць выхоўваць дзяцей у антыізраільскім духу і замест таго, каб траціць грошы на тэракты, заняцца будаўніцтвам сваёй уласнай дзяржавы Палестыны.

(Каракорскі: ) “Ізраіль, наколькі я ведаю, хутка, можа празь месяц атрымае канстытуцыю. Яны напэўна слухалі нашу перадачу. А што датычыць Палестыны, дык усё зьмянілася...”

(Дубавец: ) “...пасьля сьмерці Арафата. І што, на ўроках матэматыкі дзеці больш не складаюць два плюс тры – бацька з братам забілі пяць ізраільцянаў?”

(Каракорскі: ) “Па-ранейшаму палестынскія дзеці выхоўваюцца ў антыізраільскім духу, у антыізраільскай прапагандзе”.

На першы погляд, Палестынская аўтаномія зь яе насельнікамі зусім не падобная да Беларусі і беларусаў. У культурным і этнічным пляне гэта сапраўды так. Але сёньня і ў Беларусі і ў Палестыне дамінуе іншы плян – палітычны. І якраз палітыка двух харызматычных лідэраў – Арафата і Лукашэнкі – тая самая. Для іх найважнейшы працэс, а не завяршэньне будаўніцтва нацыі і дзяржавы. Чаму так адбываецца?

Таму што лёс такога кіраўніка становіцца лёсам усяго народу. А гэта значыць, што ўласнага лёсу ў народа ў такія пэрыяды гісторыі няма. Народ мала што ведае пра сваё рэальнае становішча, народ ня можа ведаць, што зь ім будзе заўтра і калі гэтае заўтра надыходзіць, народ апынаецца ў сытуацыі хаосу.

Не павінна падманваць нас і тое, што палестынцы жывуць у стане вайны, а мы беларусы, так бы мовіць, мірныя людзі. Калі прааналізаваць рыторыку першага прэзыдэнта, мы пабачым, што гэта цалкам ваенная рыторыка. У нас шмат ворагаў – і зьнешніх, і ўнутраных. Наша ідэалёгія – гэта ідэалёгія штодзённага наганяю і “жэстачайшага кантролю” за пасяўной ці ацяпляльным сэзонам. Іншымі словамі, мы таксама жывем у атмасфэры боязі і вайны.

Нарэшце, апошняе, што варта адзначыць у беларуска-палестынскіх паралелях. Той хаос, які наступае ў краіне пасьля зыходу харызматычнага лідэра, у падвешаным стане недаробленай нацыі й дзяржавы ня можа быць пераадолены сіламі гэтай дзяржавы.

У палестынскай сытуацыі яго будуць пераадольваць іншыя краіны-апякункі. Напэўна, тое самае будзе ў падобнай сытуацыі адбывацца і ў Беларусі. Але краіны-апякункі бываюць розныя. І далёка ня ўсе зь іх дбаюць пра плянэтарную гармонію, а тым больш – пра інтарэсы беларускае нацыі.

Недаробленая дзяржава і нацыя цалкам могуць стаць арэнаю для чужое карысьлівасьці і інтрыг.

А гэта значыць, што чым глыбейшы аўтарытарызм, чым ён больш стабільны, тым больш нечаканым можа аказацца сьвет, у якім мы прачнёмся заўтра.
XS
SM
MD
LG