Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявону Вольскаму адмовілі ў амэрыканскай візе


Ганна Соусь, Менск Напачатку сьнежня ў штаце Дэлавэр павінен быў адбыцца канцэрт саліста гурту N.R.M. Лявона Вольскага для амэрыканскіх беларусаў. Аднак канцэрт прыйшлося адмяніць з той прычыны, што Вольскаму не далі амэрыканскую візу. З музыкантам зьвязалася нашая карэспандэнтка.

Сустрэча Вольскага з амэрыканскімі беларусамі плянавалася загадзя, яшчэ паўгоду таму. А за першы тыдзень рэклямнай кампаніі квіткі на канцэрт замовілі каля трохсот чалавек з розных гарадоў ЗША. Гаворыць Лявон Вольскі.

(Вольскі: ) “Нам не патлумачылі прычыны. Я зьбіраўся ехаць з жонкай у штат Дэлавэр. У нас было запрашэньне. Там адзін энтузіяст вырашыў зрабіць прэзэнтацыйны канцэрт, каб я сустрэўся зь беларусамі. І ня толькі зь беларусамі, калі б прыйшлі амэрыканцы, таксама было б някепска. Папросту творчая сустрэча. Я з гітарай, нешта сьпеў бы й паразмаўляў. І проста празандавалі б глебу, ці можна будзе потым выяжджаць гуртом”.

У адпаведнасьці з сусьветнай практыкай, прычыны адмовы ў візе супрацоўнікі консульскіх службаў не тлумачаць. Лявон Вольскі можа толькі меркаваць, што магла стацца падставай для адмовы.

(Вольскі: ) “Можа, думалі, што мы ехалі проста зарабляць грошы. Хаця мы казалі, што гэта дабрачынны канцэрт, але мы на дадзены момант няцьвёрда валодаем ангельскай мовай, а супрацоўніца консульскай службы, якая з намі размаўляла, вельмі кепска валодала іншай славянскай мовай. Таму, можа быць, мы не маглі дакладна патлумачыць. Нічога страшнага такога не адбылося. Ня трэба згушчаць фарбы. Проста крышачку ў рэчышчы апошніх палітычных падзеяў, як у нас культывуецца зараз антыамэрыканскі настрой, то гэта выглядае ня вельмі дальнабачна, на мой погляд”.

Лявон Вольскі ніколі ня быў ў Злучаных Штатах, і яму вельмі цікава было бы наведаць гэтую краіну.

(Вольскі: ) “Гэта іншы зусім край. Цікава паглядзець, можа, там можна граць такія нармальныя канцэрты, калі бы быў попыт. Паглядзеў бы колькі людзей, ці можна там арганізаваць канцэрт N.R.M. КРАМБАМБУЛЯ. Літаральна тыдзень таму я вярнуўся з тура N.R.M. па Польшчы. Мы адыгралі шмат канцэртаў, вельмі ўсё пасьпяхова прайшло. А так мы былі з канцэртамі ў Францыі, Даніі, дзе мы толькі не былі”.
XS
SM
MD
LG