Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Дзяржынскай акруговай выбарчай камісіі пакрыўдзіўся


Алесь Дашчынскі, Менск Ларысу Бухаленку, давераную асобу былога кандыдата ў дэпутаты Тацяны Ванінай, сёньня выклікалі ў Наваградзкую пракуратуру. Яна давала паказаньні па скарзе, якую падаў старшыня Дзяржынскай акруговай выбарчай камісіі.

На падставе шэрагу фактаў, якія цьвердзілі пра фальшаваньне вынікаў выбараў, 18 кастрычніка Ларыса Бухаленка заявіла старшыні Дзяржынскай акруговай камісіі Віктару Феакціставу, што ён будзе прыцягнуты да адказнасьці.

Спадар Феакцістаў прыняў гэта за абразу і напісаў скаргу ў пракуратуру.

Ларыса Бухаленка лічыць, што такія дзеяньні старшыні акруговай камісіі выкліканыя ягоным жаданьнем яе запалохаць.

(Бухаленка: ) “Тым больш, што пракурор пацікавіўся, калі ў мяне сканчаецца кантракт на працы. Розныя такія намёкі прысутнічалі”.

Спадарыня Бухаленка не падпісала ніякіх дакумэнтаў у пракуратуры і лічыць абгрунтаванымі свае прэтэнзіі да старшыні камісіі спадара Феакцістава.

(Бухаленка: ) “Я не адступаюся ад сваіх словаў, я намалявала яму яго будучыню, калі свабодная, дэмакратычная Беларусь усё ж разьбярэцца з гэтымі злачынствамі і злачынцамі. Незалежна ад таго, калі гэта будзе, я прыеду на гэты суд і буду сьведчыць аб злачынствах, сьведкам каторых я была”.
XS
SM
MD
LG