Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя ў Кот-д’Івуары авіятары зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны – вызваленыя


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі Мінабароны Кот-д’Івуару і МЗС Расеі паведамілі пра вызваленьне 15 сябраў экіпажу самалёта Ан-12, затрыманых у аэрапорце сталіцы Кот-д’Івуару. Сярод іх 4 беларусы, адзін зь якіх пацьвердзіў факт вызваленьня Радыё Свабода.

(Беларускі пілёт: ) “Нас ужо вызвалілі. Мы сябе ўжо цудоўна адчуваем. Ды і ў нас не было асаблівых падставаў для турботаў. Мы грамадзянскія людзі, не ваенныя. Мы экіпаж транспартнага самалёта”.

Учора ўвечары група авіятараў зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны, якую цягам тыдня ўтрымліваў Замежны францускі легіён у аэрапорце Абіджану, была вызваленая, паведамілі ў аддзеле Кот-д’Івуару МЗС Расеі:

(Супрацоўнік МЗС Расеі: ) “Французы выпусьцілі іх. Яны яшчэ з краіны ня выехалі, але жывуць на віле, расейцы і беларусы, а ўкраінцы ў гатэлі, дзе яны і раней жылі”.

У МЗС Расеі кажуць, што расейскія дыпляматы не пакідалі без увагі гэтых людзей. Расейская амбасада ў Абіджане і Чырвоны крыж зьвярталіся да французаў з просьбай вызваліць іх. Які далейшы лёс гэтай групы авіятараў — ці застануцца яны ў Кот-д’Івуары, ці будуць вяртацца на радзіму — яшчэ ня вырашаны, сказаў камандзір гэтай каманды.

(Камандзір: ) “Пакуль ніякага рашэньня няма, таму што мясцовыя ўлады просяць нас застацца працаваць, а што будзем рабіць, пакуль ня ведаем, бо аэрапорт пакуль яшчэ закрыты. Сёньня прыяжджаў адзін прадстаўнік ад ураду і прасіў нас застацца. Ня ведаем пакуль, што рабіць”.

Паводле кіраўніка гэтай групы, транспартны самалёт, на якім яны працавалі, не пашкоджаны і стаіць у аэрапорце Абіджану. Камандзір паведаміў, што яны працуюць па дамове з урадам праз пасярэдніка, і дачыненьня да вайсковай авіяцыі ня маюць. Ён таксама паведаміў, што быў сьведкам, як тысячы французаў эвакуаваліся з краіны пасьля хвалі гвалту.

А прадстаўнік Мінабароны Кот-д’Івуару палкоўнік Корэ паведаміў, што гэта адзіная група мэханікаў і інструктараў з былога СССР у Абіджане. Раней узброеныя сілы краіны мелі чатыры самалёты Су-25. Два зь іх зьнішчаныя французамі, яшчэ два былі няспраўныя.

(Корэ: ) “Яны могуць адрамантаваць два Су-25 і два верталёты Мі-24”, — сказаў прадстаўнік Мінбароны Кот-д’Івуару.

Чацьвёра беларускіх грамадзянаў працуюць у складзе групы пятнаццаці авіятараў у Кот-д’Івуары. Пасьля абвастрэньня вайсковага канфлікту ў гэтай краіне іх затрымалі ў аэрапорце Абіджану францускія вайскоўцы. Сытуацыя абвастрылася пасьля таго, як у мінулую суботу івуарскія зьнішчальнікі Су-25 забілі 9 францускіх міратворцаў. Мінбароны Францыі паведаміла, што імі кіравалі два беларускія пілёты-наёмнікі. У адказ французы зьнішчылі амаль усю авіяцыю Кот-д’Івуару. Пасьля гэтага пачаліся хваляваньні ў сталіцы краіны, больш за тысячу французаў вымушаныя былі пакінуць краіну і вярнуліся ў Францыю.
XS
SM
MD
LG