Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: “Ці сталі беларускія чыноўнікі менш карумпаванымі?”


Міхал Стэльмак, Менск Ці зьменшыўся ў Беларусі ўзровень карупцыі пасьля арыштаў чыноўнікаў такога рангу, як кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова і генэральны дырэктар Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў? На пытаньне Радыё Свабода адказваюць жыхары Менску.

(Спадарыня Людміла: ) “Думаю, што не”.

(Спадарыня Ларыса: ) “Цяжка сказаць. Не сутыкалася ні да, ні пасьля”.

(Карэспандэнт: ) “Ці зьмяншаецца ў Беларусі ўзровень карупцыі?”

(Спадарыня Вольга: ) “Відаць, не, калі з гэтым зьвязаныя вышэйшыя чыны, нашы правіцелі”.

(Спадарыня Галіна: ) “Тыя, хто шмат атрымлівае, ім яшчэ хочацца больш”.

(Спадар Аляксей: ) “Не. Наадварот — павялічваецца. І ніякага прасьвету ў гэтым пытанні асабіста я ня бачу”.

(Карэспандэнт: ) “Паводле якіх прыкметаў вы мяркуеце, што карупцыя не зьмяншаецца?”

(Спадар Аляксей: ) “Па тых прыкметах, па якіх мне даводзіцца сутыкацца на працы”.

(Спадарыня Натальля: ) “Зьмяншаецца яна альбо павялічваецца — я не чула. Але я ведаю, што карупцыя ёсьць паўсюль”.

(Карэспандэнт: ) “Вы чулі пра арышт такіх асобаў як Галіна Жураўкова і Ягор Рыбакоў?”

(Спадар Аляксандр: ) “Не. Ня чуў”.

(Спадар Уладзімер: ) “Хіба што толькі чуў. Але ніякіх падрабязнасьцяў ня маю”.

(Спадар Іван: ) “Чуў. Я чытаю газэты. Але гэта прыватны выпадак. Гэта ў цэлым ніяк не паўплывае на зьмяншэньне. Я не да таго кажу, што з такімі ня трэба змагацца. Гэта ў першую чаргу такіх трэба асаджваць — і саджаць, і добра даваць. Каб усім быў прыклад, і ўсе добра бачылі й ведалі пра гэта”.

(Спадарыня Людміла: ) “Вось пра гэтых ня чула. А вось што прапалі бязь вестак відныя палітычныя дзеячы, дык чула і ведаю. І лічу, што гэта па віне ўлады”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы думаеце пра карупцыю ў Беларусі? Ці ёсьць яна?”

(Спадар Уладзімер: ) “Магчыма, дзесьці і ёсьць. Але пра гэта няма аб’ектыўнай інфармацыі”.

(Спадарыня Лілія: ) “Безумоўна, ёсьць”.

(Спадар Іван: ) “Самая страшная карупцыя ў вярхах. Бо гэта прыклад для ўсяго народу”.

(Спадарыня Антаніна: ) “Я лічу, што ёсьць карупцыя”.

(Карэспандэнт: ) “А як яе зьменшыць?”

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Каб зьменшыць, трэба чэснасьць і справядлівасьць”.

(Спадар Анатоль: ) “Для таго, каб яе выявіць, трэба больш укараняць у гэтую карупцыю міліцыянтаў. Каб яны бралі яе за горла”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Ім не дадуць. Іх альбо пасадзяць, альбо заб’юць. Яны нічога ня змогуць дамагчыся. Асабліва ў Беларусі. Хто б ні выйшаў, хто б ні выступіў, людзі некуды зьнікаюць”.

(Спадар Іван: ) “Змагацца з карупцыяй можна праз павышэньне ўзроўню жыцьця людзей. Бо калі чалавек у дастатку, нават чыноўнік, то ў яго няма такой спакусы браць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG