Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму “Белай Русі” пазычалі грошы пад нулявы працэнт?


Алег Грузьдзіловіч, Менск На працэсе над Галінай Жураўковай і яе суўдзельнікамі судзьдзі спрабуюць высьветліць таямніцы апэрацыяў з нафтапрадуктамі, якімі займалася прадпрыемства Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта “Белая Русь”.

Ці даюць у бізнэсе беспрацэнтную пазыку, не атрымліваючы за гэта ніякіх узаемных паслугаў? Для звычайнага бізнэсоўца гэта пытаньне рытарычнае, але толькі не для тых, што працавалі ў прадпрыемстве Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта “Белая Русь”.

12 лістапада ў Вярхоўным судзе былая супрацоўніца “Белай Русі” Аксана Янсанс распавяла пра беспрацэнтныя пазыкі, якія “Белая Русь” атрымлівала ў расейскіх фірмаў і гэтак аплачвала пастаўкі сырой нафты на Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод. Далей, паводле сьледзтва, адбывалася наступнае. “Белая Русь” разьлічвалася за пазыкі пастаўкамі нафтапрадуктаў, прычым па коштах, ніжэйшых за рынкавыя. У выніку назапашваўся звышпрыбытак. Часткай яго расейскія бізнэсоўцы таемна дзяліліся з кіраўнікамі “Белай Русі” і асабіста з Галінай Жураўковай, лічаць сьледчыя. Галіна Жураўкова гэтага не прызнае.

Паказаньні Аксаны Янсанс пацьвердзілі некаторыя факты, сабраныя сьледчымі. Але ня ўсё, што яна раней казала на сьледзтве, прагучала сёньня ў судзе. “Ужо ня памятаю”, — часта адказвала маладая жанчына. На выхадзе з залі я запытаў у Аксаны Янсанс, ці лічыць яна Жураўкову вінаватай.

(Янсанс: ) “Без камэнтароў”, — адказала былая загадчыца юрыдычнага аддзелу “Белай Русі”.

Працэс над Галінай Жураўковай і яе суўдзельнікамі працягваецца.
XS
SM
MD
LG